Святлана Пажарава: Перакрыжаванне сусветаў

pazaravafota

– Можна сказаць, што мая цікавасць да беларускай мовы з’явілася дзякуючы… Лукашэнку! Менавіта пасля таго як мы з сяброўкай у 2006-м па тэлевізары паглядзелі выступ Лукашэнкі на Нацыянальным сходзе, мы першы раз паспрабавалі размаўляць па-беларуску. Ад абурэння! Мы былі да таго абураныя і агаломшаныя такой нахабнай хлуснёй, што неадкладна патрабавалі нейкай акцыі пратэсту, патрабавалі неяк адгарадзіць сябе, аддзяліць ад гэтай сістэмы. І гэтай акцыяй сталі нашыя першыя нягеглыя спробы размоваў па-беларуску. Звыкла мы з сяброўкай вельмі балбатлівыя – размаўлялі заўсёды адначасова, тут ператварыліся ў няспешных разважлівых паняў, паміж пытаннем і адказам праходзіла мінімум хвіліна. Менавіта з гэтага моманту пачалося маё захапленне беларускасцю.

Але пачнем ад пачатку. Чаму ж гэтае захапленне не пачалося раней? Можа адказаў трэба шукаць у біяграфіі? Мая сям’я была не тое каб савецкай, хутчэй постсавецкай. А дзяцінства прыпала на складаныя 1990-я. Кім пачуваліся мае бацькі? Хутчэй нікім, хоць і маглі назваць сябе беларусамі, але напэўна не адказалі б на пытанне, што ў іх беларускага. Ды і ўвогуле ніхто навокал гэтае пытанне сабе не задаваў – важнейшыя былі асабістыя праблемы. Трэба было знайсці сябе і сродкі існавання ў новай постсавецкай рэчаіснасці, прымірыцца з паразай сваёй вялікай радзімы (так усіх вучылі ж), наноў пераасэнсаваць сваё месца пад сонцам і шмат чаго новага зразумець. Таму тое, што называюць нацыянальным адраджэннем пачатку 1990-х, з іншага боку барыкады ўспрымалася як снег на галаву. “Адчапіцеся! Якая беларушчына! Тут невядома, як жыць далей, а тут гэтыя блажэнныя з беларушчынай сваёй!”  Арт-абстрэл беларушчынай па непадрыхтаваных, толькі учора савецкіх людзях быў успрыняты адмоўна, узгадаліся показкі пра “вясковую” мову, пра яе непрыгожасць і грубасць. Грамадства супраціўлялася. На жаль, для абсалютнай большасці савецкіх беларусаў свая мова аказалася чужой. І я дарастала сярод такіх постсавецкіх і проста савецкіх людзей і незаўважна ўпітвала ўсе гэтыя стэрэатыпы адносна мовы і нацыянальнасці ўвогуле.

Часамі здаецца  што ў Беларусі існуе два сусветы. Маленькі сусвет беларускіх зацятых  беларусаў і вялікі сусвет постсавецкіх беларусаў – чарговых “тутэйшых”. На дзіва і на жаль, гэтыя сусветы  амаль не перасякаюца. Беларускамоўныя сем’і сябруюць з беларускамоўнымі сем’ямі, беларускамоўная моладзь з сябрамі па партыі, арганізацыі ці кампаніі, беларускамоўная інтэлігенцыя са сваімі калегамі, здаецца, што толькі і выключна. Перакрыжаванні гэтых сусветаў здараюцца рэдка, да аднаго з іх дайшло ў 2006 на пляцы Каліноўскага (Кастрычніцкая), і на гэтым перакрыжаванні апынулася я. Менавіта там я пабачыла што такое быць беларусам, менавіта там я палюбіла бел-чырвона-белы сцяг, менавіта там я стала беларускай. У гэтыя некалькі дзён на плошчы і ў ІВС адбылася рэвалюцыя ў маёй душы. Прыехала за праўдай, а знайшла сваю нацыянальнасць.

Да плошчы я трошкі зазірнула ў беларушчыну, спрабуючы пачытаць “Нашу Ніву” – на жаль, нічога амаль не зразуела (тады яна выходзіла на тарашкевіцы). Пасля плошчы стала ўзгадваць беларускую – перачытала “Каласы пад сярпом тваім”, часамі трэба было звяртацца да слоўніку, чытанне давалася цяжка, затое праз месяц я ўжо магла размаўляць па-беларуску. А праз чатыры месяцы на праграме Каліноўскага шмат хто здіўляўся, калі я казала, што яшчэ ў сакавіку не ўмела размаўляць па-беларуску. Мову ўзгадаць не так ужо і складана – было б жаданне.

Але не мова вызначае нацыянальнасць – прынамсі так сцвярджаюць сацыёлагі, яны сцвярджаюць, што нацыянальнасць вызначае самасвядомасць. Хаця мова вельмі важны чыннік, менавіта усведамленне сябе беларусам робіць цябе беларусам. Так некалі я ледзве не ўсвядоміла сябе габрэйкай. Маю бабулю завуць Соня Рабіновіч (дзявочае прозвішча) і па “галахе” я лічуся габрэйкай таксама. Гэткая белабрысая габрэйка. Дзякуючы гэтаму я некалі трапіла на моладзевыя габрэйскія летнікі, зарганізаваныя праз “Сохнут”. (Дарэчы, менавіта там мне першы раз сказалі, што Лукашэнка нехарошы). І ведаеце што? 90 адсоткаў маладзёнаў прыехаўшы на летнік беларусамі, расійцамі ці невядома кім, з’язджалі з летніка габрэямі! Настолькі цікава, крэатыўна і сучасна былі зарганізаваныя гэтыя летнікі. Цябе там проста і незаўважна пераканалі што а) ты габрэй і б) табе вельмі пашанцавала, што ты габрэй. І менавіта габрэем хацелася быць – гэта было cool, гэта было крута! Былі зарганізаваныя вельмі цікавыя семінары па гісторыі і традыцыі габрэйства, суперцікавыя конкурсы, усе, хто гэта праводзіў, былі вельмі стылёвыя і прывабныя. А хто б беларусам апавёў, што быць беларусам – гэта крута? Хто б беларусам апавёў аб цікавай гісторыі іх Радзімы? Калі беларушчына перастане быць маргінальнасцю і формай сектанцтва і пачне быць нечым натуральным, годным гонару ўсёй грамадскасці. Я веру, што гэта адбудзецца. Нават не зважаючы на глабалізацыю. Крыўдна быць неданародам. І беларусы-тутэйшыя таксама пачынаюць гэта разумець.

“Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”. Я не разумела гэтых радкоў, пакуль не выехала за мяжу. І той, хто не выедзе, не зразумее. Не зразумее, як сціскаецца сэрца, калі бачыш пагардлівае стаўленне іншаземцаў да Беларусі і разумееш, што мы самі ў гэтым вінаватыя. Не зразумее, як крыўдна заўважаць, як у свядомасці нашых суседзяў Беларусь знікае з мапаў, не знікае Украіна, Расія, Літва, а Беларусь знікае. Яе не пералічваюць палітыкі, калі кажуць аб інтэрэсах на ўсходзе, яе не пералічваюць выкладчыкі ва універсітэтах, калі прыводзяць прыклады аб краінах былога СССР, а сакурснікі-палякі ўжо тры гады пытаюцца, як там справы ў вас ва Украіне, хаця ты ўжо тры гады і тлумачыш: “Я з БЕ-ЛА-РУ-СІ!” Мы ператварыліся ў краіну-прывід, у народ-прывід. І нідзе гэта так не кідаецца ў вочы, як за мяжой. Трэба даць беларусам магчымасць гэта пабачыць.

Што трэба, каб  мы сталі беларусамі? Трэба, каб часцей здараліся перакрыжаванні двух беларускіх сусветаў, трэба пазбавіцца пагарды да свайго народу, трэба яго сапраўды палюбіць і зразумець. Трэба інфармацыя, каб як у тым летніку – прыйшлі, і навучылі, і адкрылі вочы, што быць беларусам – гэта не сорам, гэта гонар. Трэба вольнасць, і ў першую чаргу вольнасць у галаве і ў душы. І кропелька смеласці. Трэба розум і чыстае сэрца, каб умець думаць і любіць – без гэтага народы не адраджаюцца.

Святлана Пажарава, студэнтка

Аб праекце “Як я стаў беларусам”