Сяргей Яўменаў: “Беларуская мова як сімвал зменаў”

yaumenau-siarheyfota

— Не магу сказаць, каб у дзяцінстве бацькі мне моцна прышчаплялі любоў да беларускасці. У памяці адбіліся словы маці, што беларуская мова – адна з самых мілагучных у свеце, некалькі кніжак ды выпадак перапісу насельніцтва 10 гадоў таму, калі са словаў бацькі нас усіх, чамусці, запісалі ў беларускамоўныя. Відавочна, што гэтага было мала, каб усвядоміць сябе беларусам.

Беларусам я пачаў рабіцца паступова ў падлеткавым узросце. Гэтаму паспрыяла знаёмства з творчасцю NRM, а за ёй — і з іншым беларускім рокам. У ліцэі – проста выдатая выкладчыца беларускай мовы. А яшчэ крыўда і неразуменне сітуацыі – мова найпрыгажэйшая ў свеце, а мы ёй не карыстаемся! Але і гэтага было недастаткова…

Ужо ва ўніверсітэце ўва мне з’явілася непераадольная прага да грамадска-палітычнай дзейнасці. Хацелася актыўнасці, зменаў у жыцці, а таму насуперак шэрай масе і дзякуючы аднадумцам, сярод якіх былі і беларускамоўныя, я сам стаў змяняцца. Беларуская мова ж была сімвалам гэтых зменаў. Спачатку з сябрамі, потым са знаёмымі, незнаёмымі, ва ўніверсітэце, на працы і, нарэшце, дома. З бацькамі было цяжэй за ўсё. Толькі калі яны ўбачылі, што я настроены сур’ёзна, што гэта маё жыццё, яны прынялі маю мову.

Я лічу, што прыгажосць света — ў разнастайнасці, а таму, калі ты маеш сваю мілагучную мову, то і карыстайся ёю – барані сваё! Выязджаючы за мяжу, я не да канца разумею іншыя народы, але атрымліваю асалоду ад гукаў іх моў, ад самабытнасці культуры. Вось і беларусы павінны навучыцца паважаць сваю мову, культуру, гісторыю, сябе, тады і замежнікі пачнуць нас паважаць.

На сённяшні дзень беларусаў меньшасць. Ня трэба быць Вангай альбо праводзіць перапіс насельніцтва – гэта і так зразумела. Але наш лёс – у нашых руках. Быць беларусам – гэта ствараць свой культурны асяродак сваімі ўласнымі сіламі. Я, напрыклад, разам з сябрамі арганізаваў актыўную гарадскую гульню Пошук. Гэтай восенню распачаўся ўжо чацвёрты сезон экшэна. Гульні адбываюцца па ўсёй Беларусі. Моладзь знаёміцца з адметнымі мясцінамі горадоў, культурай і гісторыяй праз беларускамоўныя заданні. Цікава, што пераважная колькасць удзельнікаў Пошука – рускамоўныя. Але гэта не замінае некаторым з іх з часам пераходзіць на беларускую, хаця бы ў размовах са мной. Дарэчы, пачынаючы з другога сезона, каманды падключыліся да прыдумлення і правядзення сваіх уласных гульняў. І хаця ў нас няма дыскрымінацыі рускай мовы – пошукаўцы ўсё часцей і часцей для фармулёвак абіраюць менавіта беларускую.

Сяргей Яўменаў, арганізатар гульні “Пошук”

Аб праекце “Як я стаў беларусам”