
– Калі глядзець збоку, дык часам можа падацца, што беларусы – скрозь дуалісты. Дагэтуль памятны падзел на Усходнюю і Заходнюю Беларусь. Паводле Канстытуцыі краіна завецца Рэспубліка Беларусь, але сёй-той упарта мянуе яе Беларусіяй.
Яшчэ ў дзяцінстве (калі не падманваюся) я інтуітыўна, падсвядома адчуваў у сваім родным Жодзіне, што поруч ёсць носьбіты дзвюх моваў і культураў – спрадвечнай беларускай і прасавецкай рускамоўнай. У залежнасці ад асяродку пераважалі адны ці іншыя, але нярэдка яны спалучаліся ў адной асобе. Памятаю, цёткі займаліся шытвом, і адна папрасіла ў другой падаць з падваконня гузік. Тая разгубілася, сказала, што няма, а першая папікнула яе: “Як няма, вось ён, ляжыць навідавоку!” Тое самае раздваенне пераследвала мяне па жыцці – у бабцінай вёсцы Мётча на Барысаўшчыне і ў Жодзінскай школе-інтэрнаце, поруч з вяскоўцамі, што хадзілі ў жодзінскія школы з навакольных вёсак Барсукі і Яловіцы з месцічамі, дзецьмі прыхадняў з-пад Яраслаўля.
Усвядоміў я сябе беларусам пасля таго, як у 1973 годзе паступіў у Мінскую мастацкую вучэльню, як пабываў у сям’і аднагрупніка і цёзкі (больш знанага цяпер як Адам Глобус), бацькам якога быў выдатны празаік Вячаслаў Адамчык, а суседам па лесвічнай пляцоўцы – Уладзімір Караткевіч.
Надалей нацыянальную прыналежнасць і гонар нярэдка даводзілася бараніць нават кулакамі ў адносна элітных войсках сувязі! Бывала, поруч станавіўся музыка-баяніст, маладзечанец Валодзя Самусевіч, а насупраць – дзікун-няміра, сын (што і тады ўяўлялася амаль неверагодным) туркмена і чачэнкі.
Насуперак пэўнай графы вайсковага білета ў пашпарце запісаўся беларусам, нягледзячы на энергічныя пратэсты сталічнае пашпартысткі. Калі лічыць за пункт адліку першую публікацыю ў рэспубліканскай прэсе (“Літаратура і Мастацтва”, 1982), дык шчырую на ніве айчыннага пісьменства ледзь не тры дзесяцігоддзі. Упэўнены, што шмат што дзеля беларушчыны робіцца рупліўцамі і сапраўднымі патрыётамі не дзякуючы, а насуперак сённяшняй дзяржаве.
Уладзімір Сіўчыкаў, пісьменнік і выдавец