kustavafota2

– Заўжды пачувала сябе беларускай, дакладней, спачатку, калі была маленькая зусім, я была беларусачкай. А потым яшчэ і ліцьвінкай зрабілася, калі гісторыю пачала вывучаць. Увесь мой род “па кудзелі” размаўляў спрадвеку па-беларуску: і прапрабабуля Аўгіння, і прабабуля Усціння, і бабуля Валянціна, і мама мая Зося. Я нарадзілася з генам беларускасьці. У сям’і заўжды гучалі народныя песьні, шмат вершаў, на Каляды прыходзіла поўная хата гасьцей: цудоўныя мастакі, артысты, пісьменьнікі, музыкі… Калі са стрыечным братам Алесем гасьцілі ў бабулі, яна вучыла нас любові да прыроды, да неба, да беларускага неба, да сябе ў беларускім… Кожны вечар яна выводзіла нас на гаўбец ці на ганак, каб перад сном мы паглядзелі на нябёсы, атрымалі ад іх сілу жыцьця і міласэрнасьці. Мабыць, і беларускасьць мая ад Бога і ад роду.

Дом літаратара ў Менску быў месцам, дзе я бавіла вольны час ў маленстве (там працавала бабуля), шмат у мяне што з гэтым месцам зьвязана, рознага: і шчасьлівага, і жалобнага… І як з Васілём Быкавым разьвітваліся, і як з Анатолем Сысам… І першыя канцэрты Данчыка з Барткевічам, Сокалава-Воюша… Заўжды была пэўная, што песьня “Беларусачка” у выкананьні Данчыка гучыць менавіта для мяне, што мне яна і ахвяраваная. І ў мяне быў аргумэнт нават: дзьве даўгія русыя касы, пра якія ён сьпяваў.

У чатыры гады я лічыла цалкам дзіцячымі вершамі, да прыкладу, «Заяц варыць піва» Уладзіміра Караткевіча і «Пагоню» Максіма Багдановіча. Яшчэ не вымаўляючы «р», сьпявала сабе паўсюль: «Толькі ў сэлцы тлывожным пачую…» - і ў мяне мурашы беглі па сьпіне… Што казаць, я плакаць пачынала, калі прамаўляла, навучаная Юрыем Авяр’янавым, купалавы “Ворагам Беларушчыны” - ад гонару, ад абсалютнага шчасьця, што я – беларусачка, ліцьвінка, што я - чыясьці спраўджаная будучыня… Было такое шчасьце ў мяне.

У восем гадоў, запомнілася, выступала на вялікай сцэне Дома літаратара разам зь Янкам Брылём, Нілам Гілевічам, Сяргеем Законьнікавым, Алегам Атаманавым на сьвяткаваньні Пятых угодкаў прыняцьця закона аб мовах і чытала верш, які пачынаўся радкамі: “Я ведаў, што стаяла за гэтым словам: Беларусь – за тымі мёртвымі крыжамі, аднаму Богу падуладнымі…”. Беларускасьць і Боскасьць былі непадзельна зьнітаваныя ў маёй душы.

У шостай клясе ў мяне выйшла першая кніга “Кроў Сусьвету” — і я адчула адказнасьць за свае словы. І вырашыла сачыць за сваёй мовай, нават на ўроках расійскай мовы і літаратуры размаўляла па-беларуску. Такім чынам, мяркую, выпрацоўвалася пазыцыя. Такая трэніроўка была – вучыцца гаварыць сваё, нават калі яно ўрожкі з ўсім ды ўсімі ідзе. Цікава, што і бальшыня маіх аднаклясьнікаў мяне падтрымала. А некаторыя таксама пачалі размаўляць са мной і з настаўнікамі па-беларуску. А таксама я была прыдумала, каб казаць не “беларуская мова”, а “наша мова”, так яно неяк на падсьвядомым узроўні лягчэй разумелася: па-наску і размаўляй, калі нашая, калі твая.

Быць беларусам – гэта значыць ня толькі быць духоўна напоўненым і трывала стаяць на зямлі, знайсьці сваё месца, а таксама – гэта і быць прыцягальным, быць цікавым, быць жаданым, быць закаханым, быць камусьці неабходным, зрэшты, быць сучасным… Хаця б раз у сваім жыцьці трэба паспрабаваць стаць беларусам!.. Яно таго вартае!

У маім жыцьці былі тыя шчасьлівыя шчымлівыя моманты, калі да мяне падыходзілі людзі і казалі, што мае вершы сталіся для іх тым трамплінам, па якім яны пераляцелі зь Мінску ў Менск. Беларускасьць – гэта вірус. І я ўсьцешаная, што мая справа, і сама я хворая на беларускасьць ды заразная ёю. І на нашым рахунку багата ахвяраў. Зважайце! Калі Вы чытаеце гэтыя радкі – Вы ўжо беларус!

Валерыя (Валярына) Кустава, Менск, паэт

Аб праекце “Як я стаў беларусам”

budzma.org

Апублікаваць у LiveJournal

Google Bookmarks Digg Reddit del.icio.us Ma.gnolia Technorati Slashdot Yahoo My Web News2.ru БобрДобр.ru RUmarkz Ваау! Memori.ru rucity.com МоёМесто.ru Mister Wong

2 каментары »

  1. # LAMa | 3 снежня 2009, 11:53

    Валярынчка, ты малайчынка.
    Вельмі спадабалася, як напісала :)

    Арына Лісецкая.

    [Адказаць]

    Валярына Reply:

    Дзякуй, Арына, што прачытала! :)

    [Адказаць]

RSS стужка каментароў

Пакінуць каментар

Праекты

Каляндар культуры

Гэнік Лойка

| 9 сакавiка 2010

Гэнік Лойка 09 сакавіка 1962 нарадзіўся Гэнік Лойка, стваральнік унікальных скульптурных пленэраў “Легенды зь пяску”. Гісторыя аднаго цуду: Гэнік Лойка Далей »

Кнігагляд

Выйшла новая кніга Андрэя Хадановіча

Вера Стромава | 10 сакавiка 2010

Выйшла новая кніга Андрэя Хадановіча У выдавецтве “Логвінаў” пабачыў свет новы паэтычны зборнік Андрэя Хадановіча “Несымэтрычныя сны”. У новай кнізе паэта сабраныя вершы, напісаныя збольшага ў 2008-2009 гадах. Некаторыя тэксты з’явіліся раней, але не ўвайшлі ў папярэднія кнігі аўтара. Зборнік таксама ўключае драматычную паэму “Дзяды”. Акрамя таго, да кнігі далучаны дыск з 13-цю тэкстамі ў аўтарскім чытанні і музычнай аранжыроўкай Дзмітрыя Дзмітрыева. Далей »

Свой погляд

Правінцыйная бацыла

Якуб Лапатка, НН | 13 сакавiка 2010

Правінцыйная бацыла Так, Купала і Байран, Колас і «Калевала», Быкаў і Хемінгуэй роўныя. Піша Якуб Лапатка. Апошнім часам усе, хто хоча — ад нудыстаў да канструктывістаў, — як дамовіўшыся, дзяўбуць беларускую літаратуру штомоцы: яна і бяззубая, і дэструктыўная, і правінцыйная. Далей »