Вольга Гардзейчык (Charlotte): насуперак усяму

— Я ў беларушчыну прыйшла не па сьвядомым выбары й не стыхійна, а насуперак. Насуперак усяму. Усё мусіла б быць наадварот.

1985-1986: Крэсты

У клясе, гадоў у 13-14, мы пачалі кпіць з тых, хто на выходныя й канікулы езьдзіў у вёску ды прывозіў адтуль словы “калідор” і “пінжак”. Такія гаротнікі зваліся “крэсты”: па назьве вуліцы Крэсьцьянскай, якая вызначала мяжу горада і, адпаведна, адзьдзялала “гарадзкіх” ад “дзярэўні”. Крэсты былі ў пагардзе. Хто ня ўмеў казаць чыста па-руску, ня меў ніякіх шанцаў зрабіцца аўтарытэтам у маім 7- 8- 9- 10 “А” ці хаця б проста выбіцца “у людзі”.

1985-1988: “Здраўствуйця, дзеці”

Наступным цьвіком у труну беларушчыны была Варвара Васільеўна, настаўніца мовы ў школе і жонка вайскоўца (хоць, пэўна, у адваротнай чарговасьці), якая стварала моцны кантраст з адукаванай, густоўнай й прывабнай “русічкай”. На жаль — Варвара Васільеўна прадмета, які выкладала, ня ведала, не любіла й сваёй нелюбоўю з намі цягам шасьці год шчодра дзялілася. Мова й літаратура стаялі ў раскладзе заўжды парай – зручна для прагулаў.

1989: “Вецер падзьмуў – што ты скажаш яму?..”

Прыйшла перабудова, якая мяне, выдатніцу й хуліганку, моцна прыцягвала, цікавіла і натхняла. Замест чытаньня клясычнай літаратуры і дысыдэнцкага “самвыдату”, я пачала шукаць найноўшых інфармацыяў пра сьвет — і адно з “інфа-вакенцаў” намацала выпадкова, заседзеўшыся даўжэй чым звычайна, у кухні ў татарскай бабулі Музы. Гэта была “Беларуская маладзёжная” (дагэтуль магу прасьпяваць джынгл, значыць, запомню ўжо назаўжды :)) Суцэльна іншае жыцьцё, інфармацыйны й культурны прарыў, адважная (а тады падавалася – нахабная… прапанова каштоўнасьцяў і нацыянальных кодаў, журналісты-асобы, чые імёны запомніліся імгненна, разам з рэпартажамі – Дайнэка, Лукашук, Радкевіч, Вольскі… Гэта было так цікава і непадобна ні да чаго навокал, што я пачала стала слухаць “БМ” — і адзінае, што мне ўвесь час вельмі й вельмі ў праграме замінала – гэта мова. Ну, чаму нельга ўсё тое ж самае, але па-руску – раздражнялася я, седзячы ў бабулі ў кухні, у Калінкавічах, Гомельскай вобл.

1989-1992: “Гэта тыя дзьве, што з камсамолу…”

Расейскае адзьдзяленьне філфака БДУ, па большасьці дочкі партнамэнклятуры з Пуліхава, перамежаваныя тургенеўскімі дзевушкамі “зь нізоў”. Мы зь сяброўкай, абедзьве выпадкова туды патрапіўшы, па інэрцыі ды па парадах старэйшых: маўляў, расейская мова элітная і кавалак хлеба верны…) Беларушчынай ня пахне, прынамсі, ня ў нас, элітных. Гэта тыя, што на паралельным патоку, моўныя, зь вёсак панаехаўшыя – нешта варушацца, газэтку факультэцкую выдаюць, сустрэчы з Лойкам і іншымі літаратарамі ладзяць, але мы далёкія ад гэтага. Мы затое зь сяброўкай выходзім “па ўласным” з камсамолу, і на нас прыходзяць глядзець экскурсіі са старэйшых курсаў. Ганарымся.

1992-1993: “Няма сьмяшней аповесьці ў сьвеце”

Паралельна з вучобай патрапляю ў тэатральна-багемна-постдысыдэнцкую тусоўку, дзе пануюць інтэлект, снабізм, і пагарда да нацыянальнага руху. “Наша девочка не будет бегать по баррикадам. Фу.” Але дзевачку ўпарта й насуперак усяму цягне туды, дзе сьвежы вецер перамен. Дзе Пазьняк, вялічэзны як помнік. Дзе Курапаты. Дзяды. Там адкрываецца іншая праўда, усё аказваецца не такім, як падавалася і як вучылі, і аднойчы на мітынгу – са страхам зьмяшаным з гідлівасьцю — запісваюся ў шэрагі БНФ. Далей ідзе лавінай: першая акцыя, якую пад сьнега-дажджом ладзім зь сяброўкай перад Домам ураду. Дэпутат 12-га скліканьня Крыжаноўскі, вяртаючыся з абеду, забірае ў сьвятая сьвятых наш мокры плякат “АБАРОНІМ СВАБОДУ СЛОВА!” з дваццацьцю сабранымі подпісамі, а мы застаемся – поўныя сьветлых надзеяў. (Дарэчы, мой рускамоўны мужык, ашмянскі каталік, кпіў зь дзейснай жонкі й не ўхваляў маёй палітактыўнасьці (“не, толькі ня БНФ…”), але дапамагаў маляваць трафарэтам той першы й апошні плякат, бо мае мастацкія здольнасьці раўныя нулю). Потым я пачынаю кожную сераду бегаць на Маскоўскую Раду БНФ, мае новыя знаёмыя – ціхія інтэлігенты з Паўднёвага Захаду і актыўныя рабочыя стуль жа… Працы шмат, крылы адрастаюць, зьяўляецца сэнс жыцьця і штодзённыя заданьні. Зь сяброўкай у кухонных размовах штовечар практыкую беларускую. Уголас і на людзях шчэ баюся.

1994-1995: о фэліні, о антаныёні…

У віры. Ніводная акцыя не абыходзіцца без актыўнага ўдзелу ў яе падрыхтоўцы і рэалізацыі. Знаю пайменна ўсе першыя шэрагі калёны, знаю напамяць усе нашыя мэты і шляхі іх дасягненьня. У Зянона не закаханая, не. Можа, таму так лёгка пагаджаюся паспрабаваць працаўладкавацца ва Ўправу, дзе патрэбная студэнтка-сакратарка. І мяне бяруць! Нягледзячы на зацятую рускамоўнасьць. Пазьняк пагаджаецца – а я абяцаю яму, што перайду на мову. Пераходжу. Сябры Ўправы пачынаюць больш рэгулярна й ахвотна зьбірацца на паседжаньні.

Мае багемныя рускамоўныя сябры тым часам ўрэзоньваюць мяне, што ніякай Беларусі няма, што наіўных дзетак выкарыстоўваюць на пушачнае мяса, што трэба думаць пра высокае й не разьменьвацца дзеля хцівых палітыкаў. Мне прыводзяць у прыклад Мандэльштама й Бродзкага, і Пастэрнака, і Высоцкага, і Акуджаву, а я й сама іх люблю, і мне ня хочацца нікому\нічому здраджваць, і цяжка нешта супрацьпаставіць, апрача вызваленьчай барацьбы, якую трэба весьці вось цяпер, менавіта цяпер — і я гэта фанатычна разумею. Зь мяне сьмяюцца, а я ўцякаю з высокадухоўных пасядзелак на мітынгі, не ўсьведамляючы, што разрыў заўжды дзейнічае ў два бакі, і што сыход маленькай дзяўчынкі крыўдзіць тых, хто застаецца… Я разумею пакуль толькі тое, што чую ад іх – што Беларусі няма як культурнага факту, і што нягожа барышні па барыкадах насіцца. Хочацца адказаць аргумэнтавана… Хочацца супрацьпаставіць. І – дзякуй богу – тут зьяўляюцца яны.

1995 -1996: всякие Лявоны Вольские…

Чуваць іх было задоўга да зьяўленьня – курткі-касухі й боты-казакі, спрэс чорная скура ды ланцугі, якімі рокеры што прывіды зьвінелі здалёк. З выгляду страшныя, валасатыя, шумныя, яны гаварылі між сабой па беларуску, жартавалі і выказваліся ў размове інтэлектам (нарэшце!) ня горшым, чым тыя, зь вежы слановае косьці. А самае сьмешнае – іх звалі Алесь Дайнэка, Лявон Вольскі, Зьміцер Лукашук, Алена Радкевіч, Кася Камоцкая.

Менавіта знаёмства з рокерамі – умоўна назаву вас так, прабачце, Алесь, Кася, Зьміцер, на той час вы былі (а прынамсі здаваліся) адзіным фронтам – дала мне тую, пазарэз неабходную дозу беларускай культуры, сучаснай, злой, сьцёбнай, бяз “скоцкага сур’ёзу”, бяз скідак на “недаразьвітасьць”, якая памагла мне выстаяць. Цяпер мне было што супрацьпаставіць усім, спрэчкі былі абгрунтаванымі. Не “рушнічочкі, васілёчкі”, а Сыс, Глёбус, Дубавец. Цяпер я сыходзіла на канцэрты NRM – і мне было шкада тых, хто застаецца. Я ведала ўсе песьні Касі, запісаўшы іх на рыпучы дыктафон і сьпісаўшы слова за словам. Я знайшла сваіх герояў, якія сьпявалі для мяне й пра мяне. І мне ў маёй беларушчыне можна зайздросьціць.

***

Вольга Гардзейчык, філолаг, журналіст, грамадзкі дзеяч. Родам з Калінкавічаў (Гомельская вобласьць), любімыя гарады — Менск і Варшава.

Фота — Міхал Анемпадыстаў.

Пра праект.