Вячаслаў Дзіянаў:”Я адчуў свой абавязак перад радзімай”

viachaslau-dyjanau

– Беларус – не проста нейкая этнічная прыналежнасць. Усё ідзе ад самавызначэння. Калі чалавек, незалежна ад сваёй этнічнай прыналежнасці, сам сябе вызначае беларусам, то ён і ёсць беларус. Што тычыцца мяне, то мне проста захацелася валодаць беларускай мовай, у гэтым пытанні мне дапамагла воля. Проста захацеў навучыцца размаўляць па-беларуску. Гэта адбылося ў пачатку другога курсу універсітэта. Тады да мяне прыйшла думка, што нашая культура знаходзіцца ў досыць занядбаным стане, праз гэта я адчуў свой абавязак перад радзімай, таксама на мяне паўплывала музыка, а менавіта беларускі рок, які я слухаю і да сёння. Я не вызначаю нейкіх крытэраў беларускасці, бо калі ёсць крытэры, адбываецца падзел нацыі на дзве часткі. Пакуль мы будзем падзяляць беларусаў на сапраўдных і несапраўдных, расійскамоўных і беларускамоўных, нацыя не будзе адзінай і не зможа зрабіць рэальны крок да змянення нашай будучыні ў лепшы бок.

Мая сям’я цалкам расійскамоўная, была і ёсць. Я раптам захацеў размаўляць па-беларуску. Родныя паставіліся да майго рашэння нармальна. Калі да мяне прыязджаюць сваякі ці сябры з Расіі, то мне не складана перайсці на расійскую мову. Думаю, амаль кожны беларускамоўны чалавек аднолькава валодае дзвюма мовамі, бо расійская рэчаіснасць у нас даецца ў знакі.

Цяпер я студэнт пятага курсу БДТУ, адначасова з’яўляюся старшынём грамадскага асветніцкага аб’яднання “Рух Будучыні”

Вячаслаў Дзіянаў, інжынер-педагог

Аб праекце “Як я стаў беларусам”