— Падлеткам я адчуваў сябе большасьцю, статкам: слухай што ўсе, глядзеў што ўсе. Не знаходзіў агульнай мовы з мамай. Я быў праблемным падлеткам. Я разумеў, што гэта няправільна, што так не павінна быць. Я пачаў шукаць штосьці адрознае ад большасьці ва ўсіх сфэрах жыцьця. У беларускай мове мяне прывабіла пэўная элітарнасьць.
У 13 гадоў я заціквіўся палітыкай. Пошук альтэрнатывы прывёў мяне да альтэрнатывы большай: да беларускамоўных кніг, людзей, музыкі і.г.д. Неяк мяне запрасілі на тусоўку, дзе ўсе размаўлялі беларускай мовай. А я ня мог сказаць ані слова! І я задумаўся. Недзе ў 2007 годзе
стаў размаўляць па святах.
Неяк у школе цэлы дзень гаварыў толькі беларускай мовай. У мяне паўжартам спыталі: “Ты цяпер заўсёды будзеш па-беларуску размаўляць?”. Я так падумаў: “Чаму не?” Думаю, што я гатовы”. І той момант стаў для мяне катарсісам. І я стаў размаўляць па-беларуску.
Я быў максімалістам: я адмаўляў усяму афіцыйнаму. Я разумеў, што павярнуць — гэта здацца. Я гэтага не хацеў, і з часам нават не разумею людзей, якія лічаць, што размаўляць з усімі і заўсёды па-беларуску — гэта ўчынак для мяне. Таму справа звычайная і з пункту гледжаньня новых кантактаў. Калі людзі цябе ўжо сустракаюць у першы раз беларускамоўным, у іх іншае стаўленьне, чым у тых, хто спачатку ці ўсё жыцьцё бачыў цябе расейскамоўным (тым больш, што я расеец з каранёў!). Для большасьці маіх знаёмых гэта быў шок — мой пераход на беларускую. Я недзе разумеў, што гэта патрэбна ня толькі мне, але і маёй краіне. І канешне было і жаданьне быць не як усе.
Заахвоціць-падштурхнуць людзей да ўсьведамленьня важнасьці павагі да мовы, гісторыі, сучаснай культуры па-беларуску можа ўласны прыклад. Калі ты размаўляеш, калі ты паказваеш сваю ўнутраную сілу, людзі ідуць за табой. Ня толькі мова. Калі ты робіш якасна сваю працу па-беларуску, людзі пачынаюць ставіцца лепш да беларускай ідэі.
***
Глеб Хамутоў, 18 гадоў, родам зь Берасьця, студэнт ЭГУ
Пра праект “Як я стаў беларусам”.