Быць беларусам: Наталля Сцяжко

sciazhko-natallia1

Цягам траўня трывае сумесны праект budzma.org i tut.by «Быць беларусам – што гэта значыць?». Вядомыя ў сваіх сферах дзейнасці людзі расказваюць, што для іх значыць быць беларусам. Адказы падаюцца на мове арыгіналу. Сёння на пытанні анкеты «Быць беларусам – што гэта значыць?» адказвае Наталля Сцяжко, галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм», кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, магістр бізнэс-адміністравання

– Быць беларусам – што гэта значыць? Якое значэнне вы ўкладаеце ў слова беларус/беларуска?

Быць беларусам – проста жыць і быць ім. Гэта ў сэрцы – як бацькі, дзеці, муж. Гэта маё і ўсё!

– Якія унікальныя беларускія рысы характару і светагляду ўласцівыя беларусам?

– Пачуццё гумару і хітрасць.

– Назавіце тры-пяць асноўных падзеяў з гісторыі Беларусі, без ведання якіх беларус – не беларус.

– Жыццё Ефрасінні Полацкай і яе крыж, Грунвальская бітва, Біблія Скарыны, Статут Вялікага княства Літоўскага.

– Якія традыцыі павінен ведаць і захоўваць беларус?

– Матчыны калыханкі.

– Беларус без ведання мовы ці беларус?

– Так, беларус, бо не чалавек вінаваты, што з ім паўсюль размаўляюць на рускай мове. Гэта справа часу і дзяржаўнага выхавання.

– Чым беларускім вы ганарыцеся?

– Усім – прыродай, прыгажосцю жанчын і працавітасцю мужчын, спадчынай, культурай. А асабліва ганаруся сваёю дачкою Вольгай Сцяжко – піяністкай сусветнага ўзроўню, выпускніцаю гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі і Лонданскай каралеўскай акадэміі музыкі, якая выступае з канцэртамі па ўсім свеце. Таксама сынам Косцем, які расце сапраўдным беларусам. Мужам, бо ён мяне кахае, і я для яго найлепшая ў свеце.

– Што робіць нас, беларусаў, адметнымі сярод суседзяў?

– Мы вельмі добрыя суседзі – можам і гарэлкі выпіць, і папрацаваць добра, і дапамагчы, калі трэба, мы – надзейныя і добразычлівыя.

– Што робіць беларусаў адметнымі ва ўсім свеце?

– Наша культура, толькі праз яе мы інтэгруемся ў сусветны кантэкст.

– Як вы бачыце будучыню Беларусі?

– Беларускай – добрай, шчырай, дэмакратычнай і заможнай.

На фота: Наталля Сцяжко, галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм», кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, магістр бізнэс-адміністравання

Усе гісторыі

Пра праект “Быць беларусам”

budzma.org, tut.by