Завяршэнне фармавання Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) ставіць перад новымі выклікамі і беларускую культуру. Не тую ўзнёсла-адухоўленую, пра якую спрадвеку пісалі ЛіМ ды БІНіМ, а тую, якая бессаромна выстаўляе сябе на продаж, на рынак.У прыватнасці, гастранамічную культуру. У перамовах з Расіяй, Казахстанам і Украінай Еўрасаюз настойвае на забароне выкарыстання каля 15 назваў харчовых прадуктаў, абароненых еўрапейскім заканадаўствам пра геаграфічныя індыкатары. Гэта, у прыватнасці, некалькі гатункаў сыру — фета, ракфор, шэраг вінаў — шампанскае, такай, херас, а таксама каньяк. Хутчэй за ўсё, гэта толькі пачатак: самыя распаўсюджаныя і самыя лабіяваныя прадукты. Але, відаць, дойдзе чарга і да менш уплывовых гульцоў, які таксама будуць бараніць свае правы. Рана ці позна абарона назвы пэўнага прадукту ці напою на еўрапейскім рынку будзе амаль аўтаматычна азначаць яе распаўсюджанне на буйных гандлёвых партнёраў ЕС. Магчыма, з некаторай затрымкай, але няўмольнае. Бо ігнараванне правоў інтэлектуальнай уласнасці – важкі аргумент у гандлёвых войнах. Не будуць Расія або Украіна паважаць правы вытворцаў сыру ці віна – дачакаюцца сустрэчных санкцый. Канечне, такія канфлікты будуць увесь час выбухаць, але тым не менш, нейкі стан раўнавагі таксама будзе праглядацца.
Беларусь па старой звычцы імкнецца не заўважаць гэтыя калізіі. Наш галоўны харчовы рынак – якраз тыя краіны, якія цяпер вядуць або толькі што скончылі перамовы з СГА, Еўрасаюзам, асобнымі асацыяцыямі вытворцаў на Захадзе і якія да нядаўняга часу займалі такую самую пазіцыю: ігнаравання правоў інтэлектуальнай уласнасці дзе толькі магчыма, татальная няўвага да гуманітарнага, гістарычна-культурнага кампаненту ў брэндынгу прадуктаў харчавання. Але, як бачым, і яны былі вымушаныя змяніць сваю пазіцыю, каб атрымаць пэўныя ільготы і прэферэнцыі ў доступе на глабальныя рынкі са сваімі таварамі. А калі так паводзяць сябе нашы найбуйнейшыя гандлёвыя партнёры, як доўга мы зможам ігнараваць сусветнае “звычаёвае права”?
Такім чынам, праз 10-15 гадоў, калі не раней, ціск глабальнай эканомікі хутчэй за ўсё прымусіць нас адмовіцца ад назваў “шампанскае” і “каньяк”, як і ад многіх іншых, і прыдумаць для іх нейкія новыя вызначэнні. Гэта я называю максімальны тэрмін, але насамрэч цалкам магчыма што мы самі будзем зацікаўленыя ў доступе на заходнія рынкі, і таму перамовы ў самых розных галінах могуць пачацца значна хутчэй. Назва (геаграфічны індыкатар) “каньяк” зарэзерваваная толькі за пэўнай вінаробнай вобласцю Францыі, як і роднасны “арманьяк”, як і “шампанскае”. Дазволеныя ва ўсім свеце назвы аналагаў каньяку – брэнды, але ў некаторых краінах выкарыстоўваюцца свае. Напрыклад, у Польшчы – winiak, як указанне на зыходны прадукт дыстыляцыі (вінаграднае або пладовае віно), з суфіксам -як, які нагадвае спажыўцам пра шляхетны французскі першаўзор. Аналагі шампанскага называюць па-рознаму: sekt у Германіі, «cava» ў Іспаніі, «franciacorta», «prosecco», «lambrusco» і «bracchetto» ў Італіі. Дарэчы, нямецкае “сект” (менавіта на кірыліцы) мне не раз даводзілася сустракаць у актавых кнігах Магілёўскага магістрата канца XVII – пачатку XVIII ст. Пазней прыйшоў час на польскае пазычанне з французскай – szampan. У нас яго, дарэчы, здаўна спрабавалі фальсіфікаваць, выдаючы за шампанскае, напрыклад, мясцовыя віны з агрэсту.
У Расіі і рускамоўным свеце – «игристое вино», вызначэнне, якое нярэдка можна сустрэць і ў прадуктаў, што імпартуюцца ў Беларусь. У Польшчы, Чэхіі, Літве нацыянальныя назвы аналагаў шампанскага азначаюць “віно, якое пеніцца” (wino musujące, šumivé víno, putojantis vynas).
Уявім сабе, што патрэба новых назваў здарыцца ў Беларусі заўтра. Як назваць наша сённяшняе “Советское шампанское” (або «Белорусское шампанское”, згодна з тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза)? Канечне, шлях найменшага супраціву – далучыцца па змоўчанні да расійскага «игристого”, але што калі паспрабаваць пераадолець гэты глыбока ўкаранёны рэфлекс? Я паспрабаваў высветліць прыхільнасці на гэты конт удзельнікаў ЖЖ-супольнасці by_mova. Сярод адказаў фігуравалі “пеністае”, “шумлівае” (ад “шума” – пена, досыць падобна да чэшсага варыянту), “шыпучае” і нават “бурболістае”.
Пачалі ўжо былі схіляцца да “іскрыстага”, аж раптам успомнілі, што так па-руску ўжо даўно прынята называць танны сурагат — штучна карбанізаваныя віны. Шкада, бо “іскрыстае” перагукалася б з ангельскім вызначэннем sparkling, ад spark — “іскра”. Так пакуль нічога і не вырашылі. Я прапанаваў “яскравае”, як сугучнае з “іскрыстым”, але з дадатковым спектрам значэнняў. Але большасці ўдзельнікаў ЖЖ-супольнасці by_mova падабаецца “шумлівае”, блізкае да старога чэшскага тэрміна šumivé.
Што ж да каньяку, дык асабіста мне падабаецца логіка словаўтварэння польскага winiak, але граматыка беларускай мовы вымагае хутчэй “віньяк”, чым “віняк”, тым больш што, у адрозненне ад польскай, ніхто не перашкаджае ставіць націск на апошнім складзе, як у французскай. І тады, прынамсі з пункту гледжання філалогіі, наш “віньяк” будзе адрознівацца ад французскага каньяку менш, чым польскі прадукт-канкурэнт. Ну а што да якасці, дык гэта пытанне да тэхнолагаў. (Шэптам: толькі не прапануйце каньячны напой “Агеньчык”!)
І паверце, шаноўныя чытачы, гэтыя перамены прыйдуць значна хутчэй, чым вам здаецца, бо логіка эканамічнага развіцця няўмольная. А вось будуць нашы прадукты называцца бляклымі калькамі з рускай мовы ці захаваюць хаця б некаторую арыгінальнасць – залежыць у тым ліку і ад вас. Усё ж сёння беларускія вытворцы значна больш прыслухоўваюцца да меркавання спажыўцоў, чым 5-10 гадоў таму. Здолееце гучна падаць голас – яго абавязкова пачуюць. Калі вы няпэўныя, падам тут апошні аргумент: мы ў стане змагацца, сама меней, за беларускамоўнае азначэнне гэтых прадуктаў, калі ўжо вытворцы будуць настолькі ўпартымі, каб капіяваць расійскія аналагі ў тутэйшых рускамоўных тэкстах. Але хто абвергне, што рускае «игристое» перакладаецца на беларускую як “шумлівае”, а “коньяк” – як “віньяк”? Маеце лепшыя, абгрунтаваныя, мілагучныя варыянты? Далучайцеся да абмеркавання – тут або на by-mova.livejournal.com.
Алесь Белы