Настаўніца гісторыі ў адной з наваградскіх школаў загадала дзецям сабраць успаміны сваіх дзядкоў альбо бабуль пра вайну. Ідэя – патрыятычнае выхаванне дзяцей на вуснай гісторыі.
Хлопчык Валодзя прыйшоў да сваёй бабулі і папрасіў каб яна распавяла пра вайну.
Бабуля распавяла – пра верасень 1939 года. Пра тое, што Саветы чысцілі боты дзёгцем і надта моцна смярдзела (бабуля сказала на ўвесь Наваградак). Пра тое, што ў 1940 годзе вывозілі ў Сібір цэлыя сем’і і людзі надта баяліся. Пра тое, што ў часы нямецкай акупацыі партызантаў баяліся больш чым немцаў і г.д.
Хлопчык выканаўшы заданне прыйшоў у школы. Настаўніца прачытала і жахнулася.
– Ведаеш Валодзя, трэба тут некаторыя рэчы прыбраць, а то да цябе ШМАТ ПЫТАННЯЎ БУДЗЕ – параіла яна хлопчыку.
Хлочык прыйшоў дамоў і сказаў бабулі, чаго хоча настаўніца.
– Мае ўспаміны! Няхай свае прыбірае – абурылася бабуля.
Так хлопчык Валодзя атрымаў першы ўрок сапраўднай гісторыі.