Тацяна Нядбай: Літаратура – хірургі VS нацыятворцы

niadbaj1-239x300

Блог літаратуразнаўцы Аксаны Бязлепкінай распірала ад дыскусіі, якая распачалася старым-новым артыкулам праф. Сіньковай “Старая маргінальная беларушчына” . Праф. Сінькова наракае, што мэйнстрым сучаснага беларускага літаратурнага дыскурсу займае тое, што мусіць быць на яго маргінэсе (“дэструктыўная” літаратура і літаратары, для якіх беларушчына не з’яўляецца сакральнай), а ў сваім аналізе спасылаецца на “дэструктыўных” Марыйку Мартысевіч, Альгерда Бахарэвіча і Еву Вежнавец.

Марыйка з імпэтам падхапіла цэтлік “ворага беларушчыны” (бо, як мне падалося, пачуваецца пэўнай у сваёй рацыі, як, зрэшты, і ў тым, што не з’яўляецца ворагам беларушчыны, а толькі супраць патрабаванняў ад яе пэўных тэкстаў або іх танальнасці і пэўнай рыторыкі. Дзеля справядлівасці заўважу, што нават цэтлік “вораг беларушчыны” яна, здаецца, сама на сябе і навесіла, утрыруючы закіды сваіх апанентаў).

Мне здаецца, што і адзін бок дыскусіі, і другі няслушна расстаўляюць акцэнты, а сама дыскусія – выдатнае сведчанне таго, што ні адзін, ні другі бок не чуюць сваіх апанентаў. То бок фактычна і дыскусіі няма, бо ёсць два маналогі, а не дыялог.

Адзін бок спрабуе ўсталяваць іерархію (вам – у мэйнстрым, а вам – на маргінэс), хаця такая іерархія вызначаецца чытачом і толькі чытачом (калі ў сённяшнім кантэксце ўвогуле могуць быць карэктнымі хоць якія іерархіі), а не крытыкамі і літаратуразнаўцамі, нягледзячы на цалкам натуральнае і, зрэшты, зразумелае мне жаданне бачыць “пазітыўную” нацыянальную літаратуру. Тут праблема ў іншым – цікава разабрацца, чаму няма настолькі ж прывабнай і такой жаданай “пазітыўнай літаратуры” (літаратуры з “пазітыўнай” карцінкай мінулага і сучаснасці) або, калі яна ёсць, то чаму яна не настолькі ж папулярная? І гэтае пытанне – ужо дакладна не да дарагіх мне аўтараў Мартысевіч, Бахарэвіча і Вежнавец, якія ў адзін момант сталі сімвалам “разбуральнай” літаратуры. Гэтае пытанне, на маю думку, мусіць вырашацца ў іншых плоскасцях, пра гэта – крыху ніжэй. Другі бок, чапляючыся да асобных, не заўжды адэкватных выказванняў, відавочна ўтрытруе іх і ганарліва чапляе на сябе ярлыкі “ворагаў беларушчыны”, літаратараў, якім забараняюць пісаць так, як яны хочуць, і чые кнігі хочуць спаліць на вогнішчы.

Вось жа – паспрабую акрэсліць тыя пытанні, якія, на маю думку, мусілі б ставіцца ў артыкуле праф. Сіньковай і К. (бо – яшчэ раз паўтару – ні Марыйка Мартысевіч, ні Ева Вежнавец, ні Альгерд Бахарэвіч не вінаватыя ў адсутнасці гэтай “пазітыўнай” літаратуры. Чаму канкрэтны літаратар піша так, а не іначай – гэта не можа быць прэтэнзіяй, а толькі – цікавым пытаннем, на якое можна паспрабаваць пашукаць адказ).

Чаму ў нас няма тэкстаў “пазітыўных”, або (калі яны ёсць) чаму ў нас (чытачоў) няма такой цікавасці да іх, як да тэкстаў вышэйпералічаных аўтараў?

Ці таму, што мы ўсе стаміліся ад прытарна-салодкай калгасна-камуністычнай карцінкі нашае рэальнасці па БТ?

Ці таму, што сучаснасць дыктуе нам свае траекторыі развіцця мастацкіх (і не толькі) тэкстаў, што цяпер актуальны і патрэбны пэўны нігілізм, якога ажно зашмат у нашых галовах?

Ці таму, што крытыка лепш прадаецца (паводле прынцыпу “добрыя навіны – кепскія навіны”)?

Ці таму, што такой крытыкі заганаў грамадства ад нас чакае сам чытач (і нацыянальны, і замежны), і таму мы прадукуем гэтую візію?

Дарэчы, жарты жартамі, але тое, што беларусам не стае любові да саміх сябе, упэўненасці ў сабе, – бясспрэчна. У маім цяперашнім шматнацыянальным асяроддзі большасць – гэта палякі, украінцы, беларусы (хаця трапляюцца і прадстаўнікі іншых краінаў). Дык вось, у гэтым асяроддзі пацвярджаецца сумнавядомая тэза пра тое, што так, як беларусы ганяць сябе, ніхто іншы сябе не ганіць, хаця і ўкраінцы могуць крытыкаваць Украіну, і палякі – Польшчу.

Ці таму, што сучаснасць нас натуральна цікавіць больш за мінуўшчыну, і мы самі ў пэўным сэнсе перараслі сваё сталенне, і забылі, як гэта было?

Між тым, варта прачытаць серыю матэрыялаў “Як я стаў беларусам”, каб яшчэ раз пераканацца ў тым, што кожны з нас далучыўся да супольнасці беларусаў (ТМ) – сваім, у нечым дзіўным шляхам (як да кампутарнай стратэгіі або ролевай гульні), але не такім, які праходзяць у “нармальных” краінах, не так, як прынята рабіцца часткай нацыянальнага грамадства (у тым ліку і праз літаратуру, якая “стварае” гэтую прыгожую карцінку мінулага і сучаснага, прыгожую карцінку супольнасці, з якой хочацца сябе атаясамліваць). Для мяне бясспрэчна, што літаратура – гэта магутны пастаўшчык міфаў, гэта адна з апораў, на якіх трымаецца міфа-сімвалічны комплекс, уяўныя супольнасці і г.д. (можна прыгадваць яшчэ шмат канцэптаў з тэорыі нацыяналізму). Іншае пытанне – ці будзе гэта для нас актуальным сёння? У мяне няма адназначнага адказу на гэтае пытанне.

Адказ на гэтае пытанне можна даведацца толькі тады, калі ў нас будзе адпаведны корпус тэкстаў – вартых, цікавых, геніяльных і пры гэтым такіх, якія б “уяўлялі” беларусаў як супольнасць вялікую, моцную, паспяховую і г.д., і г.д. – тады і будуць бачныя вынікі (станоўчыя або нулявыя).

Сама я прыгадваю, як у школе адварочвала ад гэтых “дурны мужык, як варона” і якім свежым дыханнем былі тэксты Караткевіча. Але на адным Караткевічу, зразумела, не выехаць. Як, зрэшты, зразумела і тое, што такая літатарура (прыгодніцкая, гістарычныя раманы і г.д.) добра прачытваецца менавіта падлеткамі, а ўсе ўдзельнікі дыскусіі – нібыта дарослыя.

Здаецца, гэта праблема і таго, што мы здаемся сабе дарослымі, а насамрэч – мы проста вялікія дзеці, поўныя комплексаў непаўнавартаснасці. Менавіта таму нам і патрэбныя прышчэпкі “ўпэўненасці ў сабе”, якія мы шукаем у літаратуры і патрабуем ад літаратараў. Прышчэпкі, якія ўжо не патрэбныя сапраўды дарослым і ўпэўненым у сабе (такім, як, напрыклад, палякі, бо яны гэты шлях прайшлі яшчэ ў ХІХ – ХХ ст). Тое, што палякі ўжо не мусяць займацца нацыятворчасцю, сумненняў не выклікае. Пытанне ў тым, ці мусім (і ці хочам) займацца нацыятворчасцю мы? Вось мы і апынуліся ў сітуацыі, калі прынамсі адно звяно ў нашым сталенні прапушчанае, і цяпер невядома, што рабіць: ці яго ствараць, ці ісці ў нагу з тымі, хто гэты шлях ужо даўно прайшоў (чытай – быць актуальнымі і роўнымі ім).
Выхаваўчую функцыю літаратуры скасавалі ўжо даўно, так. Але ніхто не скасоўваў уплыву літаратуры на светапогляд яе чытачоў.

Назва “Хірургі vs нацыятворцы” (NB – хірургі, а не патолагаанатамы, пацыент – жывы), каб яшчэ раз падкрэсліць розніцу ў сістэмах каардынатаў, розніцу ў пазіцыях у гэтай дыскусіі і, адпаведна, розніцу ў мэтах і задачах, якія ставяць перад сабой і літаратурай дыскутанты, а таму апанентам так складана пачуць аргументы адзін аднаго, бо па сутнасці яны размаўляюць на розных мовах.  Але праўда – і на адным,  і на другім баку. І ні на адным з іх – таксама. Залежыць ад пункту гледжання.