Звяртайцеся да нас па-беларуску!

Паведамленне міністра культуры Павала Латушкі пра перавод справаводства Міністэрства культуры на беларускую мову ўжо абляцела беларускія медыі і парадавала свядомых беларусаў. Яшчэ больш радуе тое, што тэндэнцыю падтрымаў прыватны бізнэс – на сайце мінскай юрыдычнай фірмы “ЮрЗнак” сёння з’явілася адмысловая прапанова замаўляць юрыдычныя паслугі па-беларуску, больш таго, на беларускамоўныя замовы прадастаўляюцца зніжкі.

Сфера паслуг b2b на сённяшні дзень фактычна цалкам расейскамоўная, што абумоўлена попытам і мовай пераважнай большасці нарматыўнах дакументаў. Амаль такая ж сітуацыя і ў сферы дзяржаўнага кіравання. Адна ж з першасных задач на шляху да беларускай мовы як мовы дзяржаўнай де факто – увесці яе ў сферу ўжывання дзяржаўнага кіравання, бізнэсу і навучання. То ідэі не новыя, агучаныя у тым ліку ў Стратэгіі развіцця беларуская мовы ў ХХІ стагоддзі, распрацаванай Таварыствам беларускай мовы. Але то ідэі, якія пакуль належна не рэалізаваныя. Менавіта таму, мяркую, паведамленні міністра культуры і мінскіх юрыстаў радуюць і абнадзейваюць.

Невядома, калі будуць рэалізаваны амбітныя планы міністра культуры і колькі беларускамоўных замоў атрымаюць ТАА “ЮрЗнак”, але дакладна вядома, што без такіх вялікіх і малых крокаў беларуская Беларусь немагчымая.

Размаўляйце, замаўляце, пытайце па-беларуску! Будзьма беларусами! Паспрабуйце, Вам спадабаецца.