Чэшская літаратура па-беларуску

Інтэрнэт-часопіс “ПрайдзіСвет” распачаў падарожжа па літаратурах розных краінаў свету ў перакладзе на беларускую мову вечарынай чэшскай паэзіі “Адам, Ева і брутальная лірыка” ў кнігарні “Ў” 24 лютага.

Творы замежнае літаратуры прагучаць на беларускай мове ў межах шэрагу вечарынаў, якія маюць стаць пастаяннымі. На першай вечарыне знялі вяршкі з чэшскай паэзіі ў перакладах твораў Карэла Шыктанца, Яхіма Топала, Францішка Галаса і Вацлава Граб’е. Беларускі варыянт тэкстаў замежных літаратараў выканаў і агучыў Сяргей Сматрычэнка. Паэму Карэла Шыктанца аўтар перакладу чытаў разам з Марыяй Пушкінай.

Сяргей Сматрычэнка:

– Гэта будзе беларуска-чэшскае чытанне. Мы будзем чытаць тэксты паралельна, а некаторыя кавалкі прагучаць па -чэшску. У агульным сёння будзе чатыры аўтары.

fota-12

Сяргей Сматрычэнка

Ролю вядоўцы вечару выконваў вядомы перакладчык і паэт Андрэй Хадановіч. Вечарына распачалася з чытання чэшскіх перакладаў вершаў сёлетняга юбіляра, Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

Андрэй Хадановіч:

– Будуць вечарыны перакладаў з французскай мовы, з ангельскай мовы. Мажліва, пераклады з больш экзатычных моваў. Сёння мы пачнем з барадулінскіх словаў. Хачу прадставіць кнігу “Жыць” – выбраныя вершы Барадуліна ў паралельных перакладах Францішкі Сокалавай.

fota-22

Андрэй Хадановіч
Ад рамантычнай лірыкі з лёгкім ценем меланхоліі і будзённасці ў паэзіі Карэла Шыктанца ў “Адаме і Еве” вечарыне надаў тон сур’ёзнасці твор Францішка Галаса. “Я вярнуся туды” – паэма ў прозе, пераклад якой Сяргей Сматрычэнка адзначыў як свой самы важны пераклад мінулага году.

Чэшская паэзія ды проза разбавіліся забаўляльна-інтэлектуальнымі конкурсамі на веданне асобаў і асаблівасцяў беларускай ды чэшскай культур.

fota-31

Віктарына ад сябра рэдакцыі “ПрайдзіСвета” Юлі Цімафеевай

Ад вершаў Вацлава Граб’е паэзія перайшла да заяўленай у назве брутальнасці ў творах Яхіма Топала. Багатыя на экстравагантнасць у сімвалічнай паэтыцы вершы самага перакладанага ў сучаснай Чэхіі аўтара здолелі надаць вечару жорсткай іранічнасці.

У чытанні перакладаў Сяргею Сматрычэнка дапамагалі Настасся Баярскіх і Марыя Пушкіна.

fota-41

Настасся Баярскіх, Марыя Пушкіна, Сяргей Сматрычэнка

Прыхільнікаў чэшскай літаратуры ў кнігарні сабралося багата, таму многім даводзілася дачыняцца да замежнай літаратуры ў беларускім гучанні стоячы ці седзячы на падлозе.

fota-51

Наведвальнікі

У найбліжэйшы час плануюцца вечары французскай і ангельскай літаратуры, а ладзяцца яны пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Сачыце за абвесткамі.