У магілёўскім клубе Cuba 14 кастрычніка ў межах свайго гастрольнага тура выступіў з новым альбомам гурт N.R.M. На разагрэве ў “Рэспублікі Мроі” граў малады магілёўскі гурт Akute.
Ён і адкрыў вечар. Пра гэты гурт паспела даведацца ўся краіна: ён у топе “Тузіна Гітоў”, яго новы альбом высока ацанілі не толькі крытыкі, але і слухачы, і ў гэты вечар гурт сваіх фанатаў не падвёў — выклаліся на ўсе 100%. Хлопцы і песні выдатныя гралi, і пра публіку не забывалі — усё ж ад жывога выступу чакаюць, што гурт не толькі тупа адыграе песні, але і зможа запаліць публіку. Увогуле, цікавы і якасны выступ, хлопцы малайцы.
Асабліва добра яны глядзеліся ў параўнанні з гуртом N.R.M, які выйшаў на сцэну пасля Akute. Усе ўжо, напэўна, не раз сказалі, што N.R.M. без Вольскага — гэта зусім іншы гурт. Цяпер яго лідар — Піт Паўлаў, які выдатна дапаўняў гурт сваёй ігрой на гітары, але на ролю новага Вольскага ніяк не цягне. Дарэчы, пра тое, што ён не Лявон, Піту давялося нагадваць не адзін раз — магілёўская публіка гучна і радасна крычала яму «Давай, Лявон!», што, напэўна, было не вельмі прыемна чуць самому музыку.
Песні з новага альбома не спадабаліся, здаецца, нікому. Не, людзі танчылі, крычалі, падпявалі нешта — але большасць слухачоў сышла ўжо пасля самых першых песняў. Тыя, хто ведаў і любіў NRM, проста не маглi слухаць гурт тым вечарам. Піт спяваў старыя хіты ўперамешку з новымі песнямі, і што ўжо тут казаць — новага «Паветранага шара» або «Трох чарапах» ён пакуль не напісаў. Ды і альбом пасля такога выступу слухаць жадання не ўзнікае.
Увогуле, склалася ўражанне, што калі б гурт узяў сабе новую назву і адыграў як малады, ён бы спадабаўся. Але пакуль людзі, якія раней пісалі тры запаветныя літары N.R.M. паўсюль і фанацелі ад гурта, проста не могуць успрымаць яго ўсур’ёз. Піт Паўлаў — нядрэнны гітарыст, але слабы вакаліст і ніяк не цягне на ролю лідара. Слабыя спробы прадаць людзям майкі з надпісам N.R.M. яшчэ больш абурылі сапраўдных фанатаў гурта, і пад канец у клубе засталіся толькі тыя, хто ніколі толкам не ведаў і не любіў N.R.M.
Марыя Гілёва