29.05.2012 | Захапленні

Алег Хаменка: “Ніякага “свой пацан” з выкладчыкам быць не можа!» (відэа, фота)

Выкладчыкам ён зрабіўся для сябе, для ўласнага самаўдасканалення. Але сваю працу любіць, як і сваіх студэнтаў, ставіцца да іх з павагай і цікавасцю: напрыклад, просіць у студэнта дазволу зірнуць у яго канспект і спакойна прымае адмову сваёй просьбы), аднак лічыць, што паміж вучнем і настаўнікам ніякага панібрацтва быць не можа. У новай серыі “Захапленняў” —  Алег Хаменка, лідар гурта ” Палац”, з самым навуковым захапленнем праекта.

Я пэўны час займаўся фальклорам непрафесійна, у тым сэнсе, што ў гэтых занятках не было ніякай сістэмнасці: мне было проста цікава збіраць фальклор. І толькі потым, калі я пачаў вывучаць этналогію, то здзівіўся, як моцна фальклор звязаны з сацыялогіяй, філасофіяй і культуралогіяй. Менавіта апошняя заўсёды цікавіла мяне, але, на жаль, у наш час яе не выкладалі. Вось чаму я паступіў у аспірантуру па культуралогіі: каб атрымаць больш тэарэтычных ведаў, каб сістэматызаваць і пераасэнсаваць усе свае практычныя напрацоўкі. Выкладчыкам я стаў у першую чаргу дзеля ўласнага развіцця.

Я стаў выкладчыкам дзеля самаўдасканалення. Рэч у тым, што ў жыцці любога дарослага мужчыны надыходзіць час, калі ён адчувае, што трэба б яшчэ павучыцца. Я не лічу, што гэта нейкі там крызіс сярэдняга ўзросту. Гэта проста час, калі страчваецца вастрыня думкі, і тут ужо проста неабходна пачаць актыўна займацца чымсьці, што можа даць новы штуршок для ўласнага развіцця.

Вялікая частка студэнтаў, з якімі я сустракаюся, мне шчыра падабаецца. А тыя, якія мне, можа, не даспадобы, проста праходзяць неяк незаўважна. А наогул, калі казаць пра рознасць пакаленняў (майго і цяперашняга), то сучасная моладзь больш вольная, але і больш агрэсіўная. І гэтая агрэсія не звязаная з жаданнем зрабіць кар’еру. Яна ніадкуль: неабгрунтаваная, неасэнсаваная. Гэта спроба паставіць сябе супраць сістэмы. Але пры гэтым сваёй сістэмы яны пакуль не ўсведамляюць.

Ніякага “свой пацан” з выкладчыкам быць не можа! Абавязкова павінная быць рэальная і якасная дыстанцыя між выкладчыкам і студэнтам. Бывае вельмі складана зрабіць гэтую дыстанцыю правільнай, калі не маеш сур’ёзных інструментаў ціску на студэнтаў.

Я ўваходжу ў аўдыторыю — і студэнты ўстаюць. Але я заўважыў, што гэта зусім не абавязкова для некаторых выкладчыкаў. Для мяне гэта прынцыповая рэч. Калі я вітаюся з аўдыторыяй, то студэнты (няважна, 5 гэта курс ці завочнікі) павінныя падняцца. Я нават прымушаю гэта рабіць. Гэта мой асабісты падыход.

Ёсць нейкае, я б сказаў, універсальнае пачуццё справядлівасці. І я лічу, што студэнты больш павагі выказваюць да тых выкладчыкаў, якіх яны лічаць справядлівымі.

Калі я хачу паглядзець канспект, то, па— першае, прашу дазволу, а па— другое, абсалютна нармальна стаўлюся да сітуацыі, калі студэнт мне адмаўляецца даць гэты канспект. Па сутнасці, гэта яго ўласная рэч, і ў яго ёсць права дазволіць альбо не дазваляць выкладчыку зазіраць у канспект.

У ідэале настаўнік павінен быць майстрам у самым шырокім сэнсе: вучань прыходзіць да майстра і, зразумела, павінен пераўзысці свайго настаўніка, інакш усё бессэнсоўна. Як часцяком выглядае навучанне? Сядзіць умоўны майстар і 70 вучняў, якім гэты майстар “па барабане”. Мы паважалі сваіх выкладчыкаў болей, чым іх паважаюць цяпер. Гэта звязана з заўважным зніжэннем статусу выкладчыка вышэйшай школы. Студэнты не дурныя і бачаць, што большасць выкладчыкаў, асабліва маладых — практычна жабракі: нават каб належна апрануцца, звычайнаму выкладчыку (не дацэнту, не прафесару, а маладому спецыялісту), трэба эканоміць на ўсім, бо яго заробак вельмі нізкі. Менавіта таму ў беларускай сістэме вышэйшай адукацыі такі моцны недахоп маладых выкладчыкаў.

Я ўпэўнены, што траціна студэнтаў спісвае, і мяне гэта зусім не раздражняе. Калі гэта ператвараецца ў правіла, дык навошта яго прыціскаць. Я ведаю, што ёсць у інтэрнэце па пытаннях білетаў. І калі я бачу відавочна інтэрнэтаўскі тэкст, я нават магу назваць сайт, з якога ўзяты адказ на пытанне. Але ўсё гэта неістотна. Самае галоўнае —  убачыць, ці разумее студэнт што— небудзь з таго, што спісаў. І вось тады ты адчуваеш, хто сядзіць перад табой: чалавек, які рэальна будзе думаць, нешта ствараць і працаваць, або проста той, каму трэба “спіхнуць” чарговы экзамен.

Трэба разумець, што вышэйшая школа —  гэта не прафесійна— тэхнічная вучэльня. Вышэйшая адукацыя не дае прафесіі, а прапануе асэнсаваць і палепшыць яе. Наогул, сёння мы можам назіраць сур’ёзную дэвальвацыю паняцця “вышэйшая адукацыя”, і, калі шчыра, яна зусім не патрэбная значнай частцы людзей.

Да навукі ў гуманітарных прадметах стаўленне сёння самае абыякавае. У нас думаюць (і гэта вельмі балюча), што навука можа існаваць толькі пры тэхнічных ВНУ. Гэта надзвычайная памылка, гэта неверагодна няправільны падыход! Яны не разумеюць, што культуралогія або філасофія — гэта стрыжань навукі. І не разумеюць, што ўсё створанае нашымі тэхнолагамі стала магчымым толькі дзякуючы філасофскаму, метадалагічнаму, культуралагічнаму і сацыяльнаму падыходам. Без гэтага не было і не будзе рэальных адкрыццяў у матэматыцы, фізіцы i г.д.

Я хачу адчуць усё, але не хачу ўсё перажыць. То бок мне цікава выкладаць, але цягнуць усё гэта паўнавартнасна я не вельмі жадаю. І з гэтае прычыны я выкладаю не на поўную стаўку і не імкнуся мець дадатковыя гадзіны ці быць куратарам.

Усе студэнты розныя: ёсць тыя, каму абсалютна не цікавая навука, якую яны прыйшлі вывучаць, ёсць тыя, каму цікава і яны «капаюць» да самай сутнасці. А ёсць такія, што спачатку проста «каменныя», але на пятым курсе, глядзіш, пачынаюць рэальна працаваць, зарабляць грошы і ўваходзіць у прафесію без ціску выкладчыка. Вельмі цікава назіраць за гэтым своеасаблівым працэсам сталення і станаўлення. Я ж не толькі выкладаю, я назіраю за тым, як мяняюцца асобы. Але ж пры гэтым я і сам мяняюся: ёсць, напрыклад, некаторыя паняцці, якія два гады таму я тлумачыў так, а цяпер тлумачу па— іншаму, бо мае веды трансфармаваліся. Ды і ўвогуле свет трансфармуецца, хочам мы таго ці не.

 

Ганна Трубачова, фота —  Аляксандр Tarantino Ждановіч


2 Каментаў у “Алег Хаменка: “Ніякага “свой пацан” з выкладчыкам быць не можа!» (відэа, фота)”

  1. але якая страшная ў Кульку падлога…

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика