This movie requires Flash Player 9
21.05.2012 | Захапленні

Андрусь Такінданг: “Мастак мусіць быць галодным ад сілы натхнення, а не ад нястачы” (фота, відэа)

Ён вядзе незвычайны дзённік, у які замест запісаў змяшчае малюнкі цікавых падзей, што з ім адбыліся. У новай серыі «Захапленняў» — аповед пра тое, што не здольны перадаць фотаапарат, пра сілу натхнення і жыццярадаснасці і, вядома, пра захапленне Андруся Такінданга, лідара гурта «Рэха».

Кожны з нас у дзяцінстве любіў і ўмеў маляваць. У нас не было гэтага комплексу, што я намалюю, і атрымаецца непадобна. Мы проста, ад душы, малявалі свет такім, якім яго бачылі. Насамрэч усе гэтыя дарослыя мастакі, якія вучыліся ўсё жыццё, імкнуцца да таго, каб плюнуць на ўсю сваю навуку, на сваю мастацкую адукацыю, на ўсялякія правілы і пачаць маляваць нешта менавіта так, як ім падабаецца, як ім бачыцца. Таму я раю не старацца быць падобным да мастакоў з акадэмічнай школай, а проста выяўляць сябе ў карцінах. Другім Рафаэлем ці Леанарда да Вінчы ты ўсе роўна не будзеш, ды і навошта? У кожнага з нас свой погляд на жыццё. Таму працуйце найперш для душы, для радасці!

Ёсць меркаванне, што мастак мусіць быць галодным, каб пісаць добрыя карціны. Гэтую сітуацыю я бачу па-іншаму: калі ты працуеш апантана, то не адчуваеш голаду, забываешся на сон, на ежу. Калі ты захоплены працай, калі трапляеш у такую каляіну, што, як кажуць, паперла, праца пайшла, то тады мастак можа нават адключыць тэлефон і забыцца на тое, што, напрыклад, абяцаў сябрам сустрэцца ўвечары. Яму скажуць: «Ой, Сяргей, твая гарбата ўжо астыла даўно». — «Ай, якая гарбата! Тут у мяне такое!» Мастак мусіць быць галодным ад сілы натхнення, а не ад нястачы.

Таксама ёсць меркаванне, што мастак для натхнення “абавязкова павінен ужываць нешта”. То бок гэтыя розныя наркатычныя сродкі ўжываюцца для раскрыцця сваёй свядомасці. Я не ведаю, дзе тут мяжа паміж тым, што яны называюць “натхненнем”, і стадыяй, калі гэта ўсё забівае чалавека, і ён перастае быць сабой. Я лічу, што ў творчасці трэба быць максімальна адэкватным, каб ясна перадаць тое, што ты хочаш сказаць.

Чалавек, які робіць нешта з дапамогай стымулятараў, страчвае сабе. І зразумела, што калі чалавек адмаўляецца ад цвярозасці, свядомасці, ён аўтаматычна падпарадкоўвае сваю волю некаму іншаму і робіцца толькі пасярэднікам. Нехта “гаворыць” праз яго — гэта насамрэч вельмі страшна гучыць. Важна заўсёды заставацца сабой і быць свабодным. То бок калі мы запрашаем у свае жыццё нейкую сілу, каб выкарыстоўваць яе, каб пісаць палотны і праславіцца, то трэба ведаць, што з цягам часу гэтая сіла будзе выкарыстоўваць цябе.

Мой жывапіс — гэта мой персанальны свет. Але маё мастацтва выклікае ў мяне ўсмешку: я заўсёды стаўлюся да сябе з доляй іроніі.

Хтосьці, гледзячы на мае малюнкі, скажа, што іх намалявала дзіця або бясконца пазітыўны чалавек, у якога заўсёды ўсё выдатна. Па-першае, я ўжо дарослы. Па-другое, было б крывадушна сказаць, што я сонечны, радасны і не бачу праблем у жыцці альбо ўсе праблемы вырашаю з усмешкай. Не, гэта не так. Я звычайны чалавек, у якога ёсць праблемы і розныя траблы. Але ў любым выпадку я стараюся захоўваць радасць у сэрцы, таму што праблемы можна вырашыць, няўдачы можна пераадолець, галоўнае — не адчайвацца.

Я дзялю сваё мастацтва на дзве галіны. Ёсць карціны ў традыцыйным сэнсе гэтага слова (з нейкай філасофіяй, алегорыяй, рознымі мастацкімі фішкамі), а ёсць такія малюначкі, дзе я спрабую перанесці на паперу штодзённасць: што бачу, тое і пяю. Проста ў жыцці збіраецца мноства розных падзеяў, сустрэч з людзьмі, і аднойчы ў мяне ўзнікла жаданне ўсё гэта неяк перадаць. Зразумела, ты не будзеш рабіць пра кожную з такіх падзей нейкае палатно, алегарычнае і філасофскае, але вось такі альбомны фармат можа хутка занатаваць тое, што з табой адбылося. Гэта, як дзённік: некаторыя падзеі можна не запісваць, а маляваць іх.

Я прапаную кожнаму намаляваць асабісты дзень са свайго жыцця. Чаму, скажам, не зафіксаваць нейкія моманты на паперы? Мы ўжо звыклі карыстацца фотаапаратамі і калі, напрыклад, едзем у Егіпет, то здымаем піраміды на мабільнік. А чаму б не перадаць ўсё гэта з дапамогай алоўка і паперы? І тады ты зможаш зрабіць своеасаблівы адбор: фотакамера бачыць і фіксуе ўсё, а ты можаш выбраць нешта самае важнае, самы асноўны момант, які б ты хацеў перадаць.

Да прыкладу, сёння ты схадзіў з сябрам на рыбу. Чаму б не зрабіць сваімі рукамі карціну на памяць? Калі ты не сутыкаўся з мастацтвам, то я заклікаю асабліва не запарвацца наконт перспектывы, анатамічных падрабязнасцяў рыбы і твайго сябра, а проста намаляваць, як гэта робяць дзеці. Намаляваць не дзеля сусветнай гісторыі жывапісу, а толькі для таго, каб у цябе на паперы засталіся памяць і радасць ад гэтай сумеснай рыбалкі, каб часам ты мог глядзець і ўспамінаць гэтую падзею.

Такія карцінкі могуць зрабіцца часткай вашых успамінаў пра прыемныя альбо не дужа прыемныя падзеі. Вы намалюеце тое, што з вамі адбылося, яшчэ раз пракруціце ў галаве гэтае здарэнне, пераасэнсуеце яго, згадаеце нейкія дэталі і ўзбагаціце сваё жыццё радасцю ўспаміну альбо неацэннымі ведамі і жыццёвым вопытам. Таму я раю, калі ў вас ёсць жаданне і натхненне, не саромейцеся, бярыце аловак і проста малюйце тое, што з вамі адбывалася. Калі гэта рыба — то рыба, калі паход у краму ўсёй сям’ёй, то чаму б не намаляваць гэта? Галоўнае — не трэба баяцца быць трошкі дзіцем. І ўсё атрымаецца!

 

Ганна Трубачова, фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч

 

Даведка «Будзьма беларусамі!»

Андрусь Такінданг – Мастак, музыка, паэт. Нарадзіўся ў 1983 годзе ў сям’і беларускі і ўраджэнца Чада. Скончыў мастацкі каледж імя Ахрэмчыка і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Працуе мастаком-рэстаўратарам і грае ў гурце фолькмадэрновай музыкі “Recha”. Жыве ў Мінску.


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика