Калі у вачох цямнее,
мне хочацца проста ўкленчыць:
“О Божа, хачу да мамы!
да таты хачу на плечы…”
каб апынуцца ў дзяцінстве,
як колісь –
хавацца ў шафе
сярод кажухоў і шапак
цукеркі цягаць з буфету
ды красці ў суседа слівы
…і быць маленькім і лёгкім,
і, #б вашу маць,
Шчаслівым.
* * *
Сяджу каля тэлевізара
ем цукеркі
паперкі
сьлінай прымацоўваю
да сьценкі.
Адначасова
дакладна – у перапынках
калупаю пальцам
ў шкарпэтках дзірку.
Размалёўваю “А4”
уздоўж і ўпоперак
упоперак і ўздоўж
Я
злосны калючы вож
іголкі растуць
на сьпіне.
Ты патэлефануеш,
ці не?
* * *
Мы крочылі побач
рука ў руку
да пляча плячо
твар у твар
вочы ў вочы
у рот рот.
Так мы ступалі, крочылі
нага ў нагу,
пакуль ты не збочыла.
І цяпер вока за вока,
цяпер – зуб за зуб.
Усё, што ты з сабою забрала
я выскубу, адгрызу —
вярну сабе ўсё,
да сябе вярнуся…
Забяру сабе свае вочы,
з твару змыю твой твар,
адляплю ад вуснаў твае вусны,
вырву руку з рукі.
І калі сэрца сціснецца ад адчаю,
я буду шаптаць як мантру,
што ты – родная,
баючыся паверыць,
што ты чужая.
___________
усе відэа праекту
інфармацыя аб праекце “Чорна-белыя вершы”
Пра аўтара:
Наста Манцэвіч нарадзілася ў горадзе Вілейка, дзе жыла да 16 гадоў, скончыла мінскі “Наргас”. Апошнія тры гады “асела” ў журналістыцы. Заняла першае месца ў слэме на фестывалі “Дзень Незалежнасці з Махно” ва ўкраінскім горадзе Гуляйполе ў 2008 годзе. Фіналістка конкурсу Беларускага ПЭН-Цэнтра, прысвечанага стагоддзю “Нашай Нівы”.