Урачыстае адкрыццё фестывалю, першая выдача мультыкультурных візаў і бліц-апытанне Андрэем Хадановічам перакладчыкаў адбудуцца ў галерэі “Ў” ужо 12 сакавіка!
“Шэнгенка” — першы ў гісторыі Беларусі вялікі фестываль перакладной літаратуры. У сакавіку гасцей чакаюць пяць вялікіх імпрэзаў, а ў кнігарні “логвінаЎ” — яшчэ і асобная палічка з творамі чэшскіх, венгерскіх, славацкіх і польскіх пісьменнікаў, філосафаў і сацыёлагаў. Удзел у імпрэзах фестывалю “Шэнгенка” возьмуць спявачка і акторка Ганна Хітрык і акцёр Павел Харланчук.Паслухаць выбраныя творы ў выкананні беларускіх зорак можна будзе на трох з іх: “Мультыкультурная віза” (12 сакавіка), “Пражская вясна ў Мінску” (26 сакавіка) і “Мемуар-вечарынка” (29 сакавіка).
Весці сустрэчы фестывалю будуць вядомыя ў свеце літаратуры Андрэй Хадановіч, Ігар Бабкоў, Аляксей Ластоўскі і Сяргей Сматрычэнка. На усіх пяці вечарынах галоўныя героі фестывалю — аўтары і перакладчыкі — падзеляцца гісторыямі пра цяжкасці і лёгкасці перакладу і роздумамі пра еўрапейскасць беларускай літаратуры і еўрапейскую літаратуру па-беларуску. Каб перасячэнне шэнгенскай літаратурнай мяжы было для ўсіх гасцей максімальна прыемным і захапляльным, памежнікі Ганна Хітрык і Павел Харланчук з усім акторскім імпэтам выканаюць улюбёныя літаратурныя ўрыўкі.
На першай сустрэчы возьмуць удзел перакладчыкі Алесь Карцель, Святлана Богуш, Марына Казлоўская, Марыя Пушкіна, а таксама госць са Славакіі — паэт і выдавец Петэр Мілчак.
Кнігі, якія будуць прэзентавацца на сустрэчы:
• Петэр Надаш. Канец аднаго сямейнага рамана (раман);
• Рудольф Слобада. Розум (раман);
• Тадэвуш Ружэвіч. Без (выбраная паэзія);
• Анджэй Стасюк. На шляху ў Бабадаг (падарожная эсэістыка);
• Дамінік Татарка. Культура як стасункі (выбраныя эсэ).