Зазірнуць на старонкі гісторыі вуліц, помнікаў ды мясцінаў, ахінуцца ў таямніцы архітэктурных здабыткаў беларускай сталіцы, а таксама даведацца новае аб даўно знаёмым дапамагае “Фэст экскурсаводаў”, што стартаваў 17-ага красавіка ў Мінску ды іншых гарадах Беларусі.
Першы дзень фэсту адзначыўся шэрагам разнастайных экскурсіяў па гістарычных мясцінах Мінску, Брэста, Гародні ды іншых гарадах краіны. У сталіцы цікаўныя да гістарычнай спадчыны здзейснілі падарожжа па мінулым Дубравы Чапскага, прыадчынілі гісторыю Татарскай слабады, ды дагрукаліся да “Сэрца Мінску”. Падарожжа да “сэрца сталіцы” пачалося праз Ратушу, якая прывітала прысутных звонавым гоманам
Экскурсавод Ігар Гатальскі:
— Каля 20 год я займаюся экскурсіямі. Жывучы ў нашым горадзе, мы імкнемся убачыць яго душу.
Ігар Гатальскі
Экскурсіі аздабляліся не толькі цікавымі фактамі і хвалюючымі легендамі. Так да падарожжа па “тэатральнаму Мінску” далучыліся тэатралы-скамарохі ды зладзілі музычны выступ і сапраўдную батлейку, чым упрыгожылі моўную вандроўку па тэатральнаму мастацтву сталіцы.
Экскурсавод Дар’я Майцюшкова пра Дом Ваньковічаў:
— Сюды прыходзіла салонная эліта сталіцы, а ля дома раслі дрэвы грэцкага арэху.
Дар’я Майцюшкова
Фэст прымеркаваны да Міжнароднага дню помнікаў і мясцінаў, што ўпершыню быў адзначаны ў 1984 годзе.У Беларусі фэст экскурсаводаў ладзіцца другі год запар. Так у мінулым годзе прайшло больш за 30 экскурсійных падарожжаў, якія наведалі каля 1300 асобаў.
Каардынатар фэсту па Мінску, намеснік старшыні Беларускага камітэту ІКАМОС Цімох Акудовіч:
— Міжнародны дзень помнікаў і мясцінаў ужо 27 год святкуецца ва ўсім свеце. У гэты дзень прынята ўспамінаць пра помнікі, пра іх лёс. Мы падумалі, што для Беларусі самы лепшы варыянт нейкім чынам паспрыяць захаванню помнікаў — гэта распавесці пра іх. Бо адна з галоўных праблем на сёння — няведанне і незацікаўленасць у сваёй гістарычнай і культурнай спадчыне. А лепш за ўсё пра гэта распавядаюць экскурсаводы, краязнаўцы — тыя людзі, якія ў гэтым дасведчаныя, і якія ахвотна дзеляцца сваімі ведамі. Ёсць шмат тых, каму гэта цікава. Таму мы вырашылі аб’яднаць гэтыя дзве групы людзей і папрасілі экскурсаводаў раз на год праводзіць шэраг бясплатных экскурсіяў. Экскурсіі праходзяць не па стандартных маршрутах, а па незвычайных месцах — там, дзе рэдка ходзяць. Будуць гэтаксама і тэматычныя экскурсіі: “тэатральны Мінск”, “Гімназісты сто год таму”.
Цімох Акудовіч
Ролю праваднікоў у свет мінулых часоў выконваюць як адмыслоўцы ў экскурсійнай справе, так і пачаткоўцы падарожжаў па культурнай спадчыне.
Экскурсавод Наста Макоўцава:
— Я займаюся правядзеннем экскурсіі ўпершыню. Гэты фэст — валанцёрскі праект, які робіцца на асабістым натхненні. Гэта вельмі цікава для нас, для саміх экскурсаводаў, бо мы хочам заахвоціць людзей, каб яны цікавіліся сваёй гісторыяй, гісторыяй свайго гораду.
Наста Макоўцава
Экскурсіі віравалі ад таямніцаў дома масонаў да гісторыі Купалаўскага тэатру і асаблівасцяў вуліцы Маркса. Нягледзячы на адначасовасць правядзення і ня вельмі спрыяльнае надвор’е, наведвальнікаў на кожнай з экскурсіяў было багата.
Святлана Еўдакіменка
Фэст будзе цягнуцца два дні і ахіне помнікі, здабыткі, фальклорную спадчыну — усё тое, што у сучасным часавым полі мае абрысы унікальнасці і культурнай вартасці. Геаграфія свята экскурсіяў распаўсюдзіцца на Наваградак, Паставы, Слонім, Віцебск і амаль усе раёны сталіцы, дзе на працягу двух дзён будуць шукаць гістарычныя скарбы і дзяліцца новымі ведамі. Падрабязны расклад экскурсіяў тут.
Усе экскурсіі праходзяць бясплатна, а фэст экскурсаводаў ладзіцца пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі”.
На першым фота Ян Мяльніцкі.