Што Брэст музычны не менш за іншыя гарады (да прыкладу, той жа Гомель), маглі ўпэўніцца 25 кастрычніка ўсе. У канферэнц-зале гатэля “Інтурыст” адмыслоўцы і аматары сабраліся на музычны “Кірмаш праектаў”. Папярэднія “Кірмашы”, якія кампанія “Будзьма беларусамі!” ладзіць другі год, мелі шырокую культурніцкую скіраванасць. Аднак па жаданні іх удзельнікаў кампанія пачала збіраць праекты тэматычна. І на берасцейскім “Кірмашы”, адразу ўслед за гомельскім, уся ўвага была аддадзеная музычнай сферы. У якасці эксперта выступіў Віталь Супрановіч – заснавальнік “БМА-груп” і дасведчаны арганізатар канцэртаў.
На Кірмашы былі прадстаўленыя 7 праектаў, тым ці іншым чынам звязаныя з музыкай. Тры з іх – ад каманды прома-суполкі “Зала чакання”. Яе кіраўнік, вядомы прамоўтар Зміцер Назараў, прэзентаваў план дабрачыннага праекта “Падаруй дзецям сонца”. Мэта праекта – не толькі збор сродкаў для дзяцей, але і актуалізацыя тэмы дабрачыннасці ў нашым грамадстве. Праект шукае валанцёраў, транспартных партнёраў, інфа-падтрымку і, што самае істотнае, падтрымку з боку ўладаў. Такі праект даўно і паспяхова рэалізуецца ў Польшчы, дзе ў адзін дзень (1 чэрвеня, дзень дзіцяці) цэнтральныя плошчы шматлікіх гарадоў збіраюць музыкаў і публіку і арганізуецца збор сродкаў для дзяцей, якім трэба дапамога. У нашыя часы складаных як ніколі грамадскіх адносін мы не маем права забывацца на міласэрнасць: заўсёды недзе побач жывуць тыя, каму патрэбная нашая дапамога. Менавіта для такіх высакародных мэтаў і задуманы праект.
Канстанцін Маркаў прэзентаваў задуму аб правядзенні музычнага конкурсу, які мае на мэце раскрыццё новых музычных талентаў берасцейскага рэгіёна. Такога ў Брэсце яшчэ не было. Прынцыповай арганізатарам бачыцца падтрымка якаснай эстраднай музыкі, што выконвалася б, згодна з сусветнымі стандартамі, з жывым гуртом. Праект шукае невялікую суполку валанцёраў і тэлевізійныя каналы, што былі б зацікаўленыя ў падтрымцы гэтага праекту.
Men’s Fest, ужо вядомы жыхарам горада і ўкраінска-польскага памежжа, быў прадстаўлены Касяй Ішчык, якая расказала пра планы фестывалю на наступны год. Як і кожнаму паважанаму сябе праекту, фестывалю трэба расці далей і развівацца, таму да супрацы запрашаюцца людзі з нетрывіяльнымі творчымі ідэямі, спонсары і валанцёры.
Шырокі міжнацыянальны праект “Музей электроннай музыкі” быў прэзентаваны Арцеміем Паньковым, ураджэнцам Брэста, якія жыве і працуе безадносна да любых межаў. У планах – стварэнне буйнога віртуальнага музея, які б змясціў інфармацыю пра электронную музыку ў Беларусі і свеце. Калі ў рэальнага музея будзе свой фізічны адрас (і тут без межаў не абыдзецца), то віртуальны змогуць наведаць аматары электроннай музыкі з любой краіны. Арцемій шукае валанцёраў і экспертаў, якія дапамогуць у сістэматызацыі інфармацыі пра тэхна, драм-н-бэйс, хаус, даўнтэмпа і іншыя жанры электроннай музыкі.
Два Яўгены – Скрабец і Скрабутан – прадставілі “Zrobliena u Bielarusi”, праект, які спалучае музыку і стыльнае адзенне і арыентуецца на інтэлектуальную беларускую моладзь. У планах хлопцаў – упершыню прывезці ў Брэст гарадзенскі гурт “Дзецюкі” і прэзентаваць лінію беларускага адзення Lustratio. Праект мае на мэце пераасэнсаваць нацыянальныя традыцыі ў актуальных для сучаснага жыцця формах, а менавіта пашырыць магчымасці маладых людзей, што актыўна мысляць, выказваць сваю пазіцыю адносна сваёй беларускасці ў сваім выглядзе, спалучаючы са зместава адпаведнай жывой музыкай.
Фестываль “Рок-вясна” ў Пружанах быў прэзентаваны Інгай Воран, яго нязменнай арганізатаркай. Вялікая дыскусія вакол рэалій рэгіянальных канцэртаў і фестываляў адбылася акурат пасля дзвюх апошніх прэзентацый. Віталь Супрановіч падзяліўся сваім досведам і разуменнем сітуацыі і звярнуў увагу прысутных на тое, што ў любым разе варта падтрымліваць беларускага выканаўцу і прывучаць публіку да падтрымкі сваіх артыстаў.
Цалкам лагічным працягам гэтай тэзы стала прэзентацыя праекта-госця No Logo Fest з Віцебска, прадстаўленага Уладзімірам Булаўскім. Амбітны праект ладзіцца камандай прома-суполкі No Logo з мэтай папулярызацыі якаснай альтэрнатыўнай музыкі свайго рэгіёна. У далейшым феcтываль плануе пашырацца да міжрэгіянальнага ўзроўню, таму да супрацоўніцтва запрашаюцца музыкі, канцэртныя арганізатары і ўсе добрыя людзі, якія хочуць далучыцца.
Пасля абмеркавання праектаў вынікі вечара падвяла каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская, якая шчыра падзякавала ўсім за прадстаўленыя праекты: “Кірмашы праектаў”, як і іншыя дыскусійныя мерапрыемствы, кампанія “Будзьма беларусамі!” ладзіць дзеля таго, каб дапамагчы неабыякавым, імпэтным людзям у рэалізацыі праектаў, ідэяў, задумаў, якія могуць палепшыць культурніцкі фон таго ці іншага горада. Найчасцей тым, хто мае ідэю, бракуе нават не матэрыяльнай дапамогі, а аднадумцаў і разумення мясцовых уладаў, што тое, што ініцыюецца самімі людзьмі, ідзе на карысць усім. І як паказваюць нашыя мерапрыемствы, ідэяў па ўсёй Беларусі вельмі шмат. Мы прапаноўваем праз кампаніі знаёміцца з праектамі, далучацца да іх – не заставацца абыякавымі. Бо культура – аснова развіцця грамадства. І мы можам разам праз культуру паляпшаць жыццё”.
Пасля заканчэння кірмашу-прэзентацыі ў сяброўскай атмасферы ўдзельнікі абмяркоўвалі праекты, задавалі пытанні эксперту імпрэзы Віталю Супрановічу.
Усе адзнакі праектам размеркаваліся наступным чынам:
Вынікі галасаванкі
№ пп | Назва праекта | Актуальнасць і унікальнасць ідэі | Важнасць для мэтавых груп | Магчымасць рэалізацыі | Сярэдні бал |
1 |
Зміцер Назараў, “Зала чакання” – “Падаруй дзецям сонца” |
7,67 |
8,4 |
6,5 |
7,52 |
2 |
Канстанцін Маркаў, “Зала чакання” – Музычны конкурс |
5,78 |
6,1 |
6,61 |
6,16 |
3 |
Кася Ішчык, “Зала чакання” – Men’s Fest |
8 |
8,4 |
8,89 |
8,43 |
4 |
Арцемій Панькоў – “Музей электроннай музыкі” |
7,56 |
7,25 |
7,63 |
7,48 |
5 |
Яўген Скрабец і Яўген Скрабутан – “Zrobliena u Bielarusi” |
8,72 |
8,5 |
7,89 |
8,37 |
6 |
Інга Воран – фестываль “Рок-вясна”, Пружаны. |
8 |
7,64 |
8,14 |
7,9 |
7 |
Уладзімір Булаўскі – No Logo Fest, Віцебск |
8 |
8,64 |
9,5 |
8,71 |
Паглядзець усе прэзентацыі берасцейскага “Кірмашу праектаў” можна тут. Вы можаце далучыцца да любога з праектаў, звязаўшыся з яго аўтарамі.
фота – Аляксандр Ждановіч