Джазавыя суботы ля ратушы робяцца добрай гарадской традыцыяй. На другую суботу мінчукам пашэнціла не толькі са складам, да падбору якога арганізатары ставяцца з еўрапейскай прэтэнзіяй, але і з надвор’ем. Публіка розных масцяў збіралася ў старым горадзе, абмяркоўваючы падзеі першага канцэрта, дапушчальнасць гурта Pur-pur на джазавай імпрэзе і будучыню новага для горада свята.
Але будучыня пачынаецца сёння, і першым крокам у яе зрабіўся выступ Liptnitsky Show Orchestra. Чым цешаць беларускія імпрэзы, дык гэта стаўленнем публікі да сваіх і да гуртоў, што імпрэзы адкрываюць. Беларусы горача сустракалі кожную песню каманды Ліпніцкага, нібыта не было ні цяжкага працоўнага тыдня, ні чакання яшчэ двух каманд, ні вядоўцы, які ўвесь вечар практыкаваўся ў амерыканскім крыку “оу е ааххх”. Ну, на манер Джыма Кэрі, разумееце, — так высока і шалёна.
Трыа немцаў Three Fall было шматслоўным, звышактыўным і мегапазітыўным. “Цудоўны свет і такія прыгожыя людзі! А зараз мы арганізуем вам вандроўку ў Паўночную Афрку — наступная песня прысвячаецца гэтай краіне”. ”Мы вельмі ўражаныя вашым прыёмам. Спасібоў!” — кажуць па-руску немцы і на развітанне граюць нечаканы кавер на Rage Against The Machine.
Killing In The Name ля гарадской ратушы. Група людзей у цэнтры абдымаецца, махае рукамі ў такт вядомаму запамінальнаму прыпеву. Твары свецяцца ад простага чалавечага шчасця: што можа быць лепей, чым у цэнтры Еўропы, памяркоўнасці і чысціні пакрычаць хорам “Fuck you, I won’t do what you tell me!” Фатограф партала budzma.org Аляксандр Tarantino Ждановіч лезе на прыступкі бакавога ўвахода ў казіно, каб сфоткаць выхад немцаў на паклон. Людзі на прыступках належаць да іншага пакалення хіпстараў, не пазнаюць яго, але расступаюцца — чалавек працуе, гэта мы тут адпачываем.
Закрывае вечар легендарны Eddie Henderson са Злучаных Штатаў Амерыкі. Асвоіцца ў цэнтры горада сціпламу янкі дапамагаюць, вядома, “мясцовыя” — калектыў Vip Jazz Андрэя Славінскага, сустрэты не меншымі авацыямі, чым сам маэстра. Музыка зусім не выглядае на свае сем дзясяткаў з невялікім і запальвае напоўніцу. Самы хуткі ў кар’еры саўндчэк — ну, так, у нас тут, ведаеце, не толькі чысціня, але і з гукам усё ок. Уся каманда працуе як у апошні раз — на сцэне джаз і джаз у горадзе. Журналіст адной незалежнай газеты робіць услых заўвагі гітарысту, ніхто не чуе яго, акром мяне. Даўгія авацыі, біс, зноў авацыі. Праз паўгадзіны маэстра можна будзе сустрэць на вуліцах старога горада і проста сказаць яму шчырае чалавечае “Thank you!”, ну, ці ”Дзякуй!” — гэта ж не Гарлем.
Алесь Плотка
Фота: Аляксандр Ждановіч