Музыкі з гурта “Сундук” далі аншлагавы канцэрт на знакавай для сябе пляцоўцы – у малой залі КЗ “Мінск”, дзе сыгралі свае лепшыя песні ды развіталіся на час з віаланчэлісткай Юліяй Глушыцкай. Ганна Хітрык у гэты вечар падрыхтавала нямала сюрпрызаў, сярод якіх была песня з прыпевам “Вясна любіць смелых”.
Апладзіраваць Ганне Хітрык пачалі яшчэ да пачатку канцэрту. Спявачка раз-пораз перамяшчалася праз сцэну, а ўсе думалі, што яна ўжо выходзіць да мікрафону. Урэшце так і выйшла. Першай песняй яна выканала новую беларускамоўную “Вясну” . “Так чакала вясны, нават качак пайшла ўжо карміць, пляваць мне, што снег ляжыць навокал, – распавяла Ганна перадгісторыю, – Напэўна ў гэтую пару году ў кожнай дзяўчыны прачынаецца прыгажуня. І яна глядзіць на кеды і думае, што хутка іх апране”.
Канцэрт “Сундука” больш нагадваў сустрэчу сяброў. Ганна кожны новы твор суправаджала пэўнай прадмовай-гісторыяй. Песню “Герой”, якую звычайна яна прысвячала свайму сыну Сцяпану, гэтым разам яна адрасавала ўсім “дзецям Сундука”, бо нядаўна віншавалі з нараджэннем дзіця гітарыста Паўла Трыцяка, цяпер віншуюць басіста Паўла Чымбаевіча, хутка чакаецца папаўненне ў віаланчэлісткі Юліі Глушыцкай. Дарэчы, гэтым выступам “сундукоўцы” ладзілі Юліі своасаблівыя провады. Яна на пэўны час выпраўляецца да мужа ў Маскву і пакідае гурт на нейкі тэрмін. Таму да яе была асаблівая ўвага. Напрыклад, апошнюю песню на “біс”, яе любімую “Там”, музыкі якраз прысвяцілі ёй.
Трэк-ліст канцэрту ў гэты вечар быў не зусім звычайным. Ганна гэта патлумачыла тым, што яны вырашылі выканаць тыя песні, па якім асабліва засумаваліся і папрасіла прабачэння, калі нехта не пачуе нешта з чаканага. Усё ж канцэрт праходзіў на знакавай для яе пляцоўцы – тут давалі першыя канцэрты і “Дзеці дзяцей” і “Сундук”. На кожную вясёлую кампазіцыю прыходзілася як мінімум дзве сумныя, за што Хітрык таксама выбачалася: маўляў, даруйце, доўга радавацца не магу. Затое павесяліла публіку, калі апранула касцюм вусеня ды заявіла, што менавіта “Сундук” перамог у адборы на “Еўрабачанне”, а не ніякія там Ланская ці “Лайтсаунд”.
Адзін з кранальных момантаў гэтага вечара, калі на просьбу Ганны, практычна ўсе гледачы зрабілі “тульпанавую паляну”, узняўшы загадзя зробленыя папяровыя кветкі і тым самым ажывілі яе дзіцячы ўспамін пра паездку на Поўдзень “на “Запарожцы” ці то “Москвіче”. А найбольш кранальны быў зусім не падрыхтаваны і не прыдуманы дзіцячы карагод, калі падчас “бісу” выбеглі на сцэну дзеткі ды пачалі гуляцца.
Мікалай Дубавіцкі, фота – Аляксандр Ждановіч