Чалавек, Культура, Горад. Што паміж імі — кропкі ці коскі? Якім бачаць развіццё Віцебска яго жыхары і якія праекты ў галіне культуры ім цікавыя найперш? Менавіта гэта абмеркавалі падчас “Кірмашу праектаў”, зладжанага грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!”. Віцебская імпрэза зрабілася заканамерным працягам “Кірмашоў”, што прайшлі ў Гомелі і Магілёве, і грамадскай дыскусіі і прэзентацыі фестывалю беларускамоўнай рэкламы “Аднак” у горадзе над Дзвіной.
— Мэта сённяшняй сустрэчы — дапамога ў праявах ініцыятывы тым, хто клапоціцца не толькі пра сваё, абмен кантактамі між людзьмі, якія шукаюць партнёраў для рэалізацыі праектаў у галіне культуры і якія змогуць разам зрабіць унёсак у паляпшэнне культурнага жыцця горада! — зазначыў вядоўца віцебскага “Кірмашу праектаў” Уладзімір Булаўскі.
Пра неабыякавасць грамады сведчыла як яе колькасць, так і якасць прэзентаваных ідэяй, а таксама каментароў і заўваг. Болей за пяцьдзясят віцяблян прыйшло ў гэты дзень у клуб “Паддашша”, які нядаўна аднавіў сваю дзейнасць, прадставіць свае праекты (сярод прысутных былі як зацікаўленыя ў рэалізацыі і пошуку партнёраў, так і актыўныя культрэгеры Віцебска, якія ацэньвалі прапановы).
У вітальным слове ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” яе PR-мэнэджар Алесь Плотка расказаў пра мінулыя імпрэзы ў Гомелі і Магілёве і далейшыя планы “Кірмашу” — пра стварэнне вялікага банку ідэй, дзе любы ахвочы зможа далучыцца да ўжо гатовага праекту ці прапанаваць грамадзе свой. Ён нагадаў пра тое, што параўнаць праекты розных гарадоў заўжды можна на сайце budzma.org (Гомель; Магілёў; абмеркаванне гомельскіх праектаў у адмысловай суполцы ў “Вконтакте” ) і шчыра пажадаў кожнаму з праектаў зрабіцца такім жа народным, як месца іх прэзентацыі — культавы для Віцебска “Бітлз-клуб”.
Агулам у Віцебску было прадстаўлена 11 праектаў. Гэта ідэі пра выданне каталога прац Аляксандра Салаўёва, модныя цяпер у Беларусі канцэпцыі брэндынгу роднага горада, конкурс сучасных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, выданне навукова-папулярных паштовак для аматараў і настаўнікаў гісторыі. Шчыра радавала і тое, што былі прапанаваныя праекты для розных па ўзросце мэтавых аўдыторый — ад сур’ёзнага “дарослага” канструктыўнага мастацтва да “Забаўлянак для Янкі” для самых маленькіх. Не засталіся без увагі тэмы дабрачыннасці (праект “Вялікая і добрая супольнасць”), кінамастацтва (праект cайта KINAPOSHUK і праграма падтрымкі маладых рэжысёраў) і сучасныя асветніцкія праекты (“Таямніцы Віцебска”, “Віцебск: папулярнае мінулае” і “Інфармацыйны гід па Віцебску”).
Адразу пасля прэзентацый прагучалі прапановы выкарыстоўваць канкрэтныя пляцоўкі ад іх гаспадароў, а некаторыя з культмэнэджараў абмеркавалі магчымасць супрацы ў прыватнай размове. Зрэшты, узровень публічнасці ў працэсе падрыхтоўкі кожны абірае сам — галоўнае, каб вынік быў на карысць культуры горада.
“Кірмашы праектаў” мяркуецца ладзіць не толькі ў абласных цэнтрах Беларусі. Калі вы маеце жаданне актывізаваць ініцыятыўных людзей у прапанаваным намі фармаце ў сваім горадзе, пішыце на razam@budzma.org — і мы зробім гэта разам!
Прэзентацыі “Кірмашу праектаў”. Віцебск
www.budzma.org, фота – Аляксандар Ждановіч
Чытайце таксама:
“Кірмаш праектаў” у Гомелі: пешаходная вуліца, арт-вёска і сцяна жаданняў
Адбыўся “Кірмаш праектаў” для праграмы “Магілёў – культурная сталіца СНД і Беларусі”