Заснавальнік прафесійнага беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі, паэт-філамат Тамаш Зан, мастакі Іван Хруцкі і Язэп Драздовіч, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 года Тамаш Ваўжэцкі — усе яны знайшлі свой апошні спачын на Віцебшчыне. Прапануем сёння скіравацца туды ў нашай вандроўцы ды наведаць месцы пахавання славутых землякоў, каб належным чынам ушанаваць іх памяць.
Могілкі Роса ў Вільні, дзе пахавана шмат беларускіх дзеячаў
Магіла Тамаша Ваўжэцкага
Відзы, Браслаўскі раён, Віцебская вобласць
Першай кропкай сённяшняй вандроўкі будзе гарадскі пасёлак Відзы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці, з якім звязаны лёс знакамітага дзяржаўнага дзеяча, паплечніка Тадэвуша Касцюшкі — Тамаша Ваўжэцкага. Нарадзіўся Тамаш Ваўжэцкі ў суседніх Мейштах у 1753 годзе, а вучыўся ў езуіцкай школе акурат у Відзах.
Браслаўскай шляхтай Тамаш Ваўжэцкі быў абраны дэпутатам на сойм Рэчы Паспалітай, дзе актыўна прасоўваў ідэю прыняцця Канстытуцыі краіны, першай у Еўропе і другой пасля Канстытуцыі ЗША ў свеце. Канстытуцыя была прынятая 3 траўня 1791 года, але час на патрэбныя рэформы ў Рэчы Паспалітай ужо быў страчаны.
Магіла Тамаша Ваўжэцкага ў Відзах. Фота: planetabelarus.by
Тамаш Ваўжэцкі ўдзельнічаў у паўстанні 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі як генерал па Браслаўскім павеце, за свае сродкі ўзброіў і абмундзіраваў паўстанцкі атрад колькасцю трыста чалавек. Пасля таго, як Касцюшка трапіў у палон, Ваўжэцкі ўзначаліў паўстанне, за што адседзеў два гады ў вязніцы. Па вызваленні вярнуўся на радзіму. Пахаваны Тамаш Ваўжэцкі на ўездзе ў Відзы з боку Паставаў пры шашы Р27.
Магіла Тамаша Зана
Смаляны, Аршанскі Раён Віцебская вобласць
Далей рушым на каталіцкія могілкі у Смаляны. Тут варта наведаць магілу Тамаша Зана, паэта, сябра і паплечніка Адама Міцкевіча, прыродазнаўцы, мінеаролага.
Магіла Тамаша Зана, Напалеон Орда, 1877
Тамаш Зан у 1817 годзе быў адным са стваральнікаў у Віленскім універсітэце Таварыства філаматаў, а праз тры гады і Таварыства Прамяністых, пазней філарэтаў. Пасля таго, як Тамаш Зан узяў на сябе большасць абвінавачанняў, каб уратаваць сваіх паплечнікаў ад вялікіх турэмных тэрмінаў, ён быў сасланы на Урал. Пасля адбыцця пакарання ажаніўся і набыў з жонкай маёнтак Кахачын побач са Смалянамі, дзе і пражыў апошнія свае гады.
Магіла Тамаша Зана ў Смалянах. Фота: valatsuga.by
Магілы Томаша і ягонай жонкі Брыгіты месцяцца ў старой частцы могілак у Смалянах, насупраць рэштак касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі. Іх знайсці не складана — гэта два аднолькавыя вялікія помнікі з крыжамі, ля якіх камень з імёнамі Занаў ды іх немаўляці, памерлага ў 1854 годзе.
Магіла Івана Хруцкага
Захарнічы, Полацкі раён, Віцебская вобласць
Наступным пунктам прапануем зрабіць вёску Захарнічы і ўшанаваць памяць беларускага мастака Іван Хруцкага ды ягоных сваякоў і родных, якія пахаваны тут на мясцовых могілках.
Родавае пахаванне Хруцкіх на могілках у вёсцы Захарнічы. Фота: radzima.org
Іван Хруцкі нарадзіўся ў сям’і грэка-каталіцкага святара ў мястэчку Ула, што сёння знаходзіцца ў Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці. Сярэднюю мастацкую адукацыю атрымаў у 1822–1826 гг. на факультэце вольных мастацтваў Полацкай вышэйшай піярскай вучэльні. У 1827 годзе працягнуў навучанне ў Пецярбургу, дзе ў 1830 годзе паступіў у Імперскую акадэмію мастацтваў. Першая вядомая праца Іван Хруцкага датаваная 1832 годам.
У 1936 годзе Хруцкі быў узнагароджаны медалём Акадэміі мастацтваў за свае нацюрморты. Быў мастак знакаміты і партрэтамі: «Старая, што вяжа панчоху» прынесла яму малы залаты медаль Акадэміі. А ў 29 гадоў Іван Хруцкі ўжо атрымаў тытул акадэміка.
Іван Хруцкі. Старая, што вяжа панчоху, 1838
Пасля смерці бацькі ў 1840 годзе Хруцкі назаўсёды вяртаецца на радзіму. У 1844 годзе ён прыдбаў маёнтак Захарнічы, дзе паводле ўласнага інтэр’ернага праекту узвёў сядзібу ды заклаў сад. У гэты перыяд творчасці ён займаўся ў асноўным рэлігійным жывапісам ды пісаў партрэты. Памёр Іван Хруцкі ў Захарнічах, пахаваны побач з сям’ёй на мясцовых могілках, якія і прапануем наведаць.
Магіла Ігната Буйніцкага
Празарокі, Глыбоцкі раён, Віцебская вобласць
Заснавальнік беларускага нацыянальнага прафесійнага тэатра Ігнат Буйніцкі пахаваны за неараманскім касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Празароках. У 1975 годзе на магіле быў усталяваны помнік.
Магіла Ігната Буйніцкага ў Празароках. Фота: planetabelarus.by
Існуе легенда, што Буйніцкі і памёр у танцы падчас падрыхтоўкі вайсковай самадзейнасці ў Маладзечне, патрапіўшы на Заходні фронт падчас І Сусветнай вайны. Ён пажадаў быць пахаваным у сваім родным маёнтку Палівачы. Ягоныя сваякі так і зрабілі.
Але за гады вайсковых ліхалеццяў і маёнтак, і магіла амаль зніклі, толькі напачтку 1970-х месца пахавання знайшлі Уладзімір Караткевіч разам з прафесарам Уладзімірам Няфёдам ды атрымалі дазвол перанесці ды перазахаваць парэшткі побач з касцёлам у Празароках. Апроч магілы Буйніцкага, у Празароках варта наведаць і музей у мясцовай школе, прысвечаны бацьку беларускага тэатра.
Чытайце па тэме
Ігнат Буйніцкі стварыў беларускі тэатр і памёр у танцы
Магіла Язэпа Драздовіча
Ліпляны, Глыбоцкі раён, Віцебская вобласць
Апошняй у сённяшняй вандроўцы будзе магіла вядомага беларускага мастака, графіка, аднога з заснавальнікаў беларускага гістарычнага жывапісу, разьбяра, скульптара, краязнаўцы, настаўніка, літаратара, аднога з першых у Беларусі даследчыкаў космасу Язэпа Нарцызавіча Драздовіча. Пры жыцці творчасць мастака была недаацэнена: ягоную спадчыну культуролагі і мастацтвазнаўцы пачалі адкрываць усяго некалькі дзесяцігоддзяў таму.
Вёска Ліпляны, дзе на мясцовых могілках пахаваны Язэп Нарцызавіч, знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад колішняга засценка Пунькі, у якім нарадзіўся вандроўны мастак.
Надмагілле Язэпа Драздовіча. Фота: planetabelarus.by
Памёр творца увосень 1954 года ад раку страўніка. Яго ў непрытомнасці знайшлі на адной з дарог колішняй Дзісеншчыны. Месцічы, адвезлі ў лякарню ў Падсвіллі, адкуль ён больш не вярнуўся.
Магілу Язэпа Драздовіча можна пабачыць побач з вёскай Ліпляны на мясцовых могілках. Надмагільны помнік мастаку выканаў беларускі скульптар і мастак Аляксандр Шатэрнік.
Язэп Вараніцкі, budzma.org
Чытайце яшчэ:
Тэст для вандроўнікаў па Беларусі: Куды паедзем, каб пабачыць творы выбітных мастакоў?