Думаю, шмат хто ўжо заўважыў, што Беларусі вельмі бракуе іміджавых прадуктаў харчавання і напояў, якія маглі б служыць сапраўднай візітоўкай краіны, прадметам устойлівага — на многія пакаленні! — нацыянальнага гонару. Такімі як шатландскае віскі, французскія і італьянскія віны, швейцарскія і галандскія сыры, дацкія масла і бекон, бельгійскі шакалад і іншыя знакавыя прадукты і напоі. Ну няма ў нас нічога такога, і, між іншым, з гадамі гэта будзе ўсё больш адбівацца і на нашым экспарце, і на ўязным турызме: праз бляклы і невыразны імідж, адсутнасць пераемнасці, сталае хістанне з боку ў бок мы прадаем свае прадукты занадта танна. Таму што no name. І нейкім хуткім ды павярхоўным брэндынгам гэтую праблему наўрад ці атрымаецца вырашыць. Сфармуляваць жа яе глыбінную прычыну можна досыць каротка: неразвітасць інстытута прыватнай уласнасці, часам нават падкрэсленая непавага да яе, ды ігнараванне нацыянальнай гісторыі. Зрэшты, гэта дзве грані адной і той жа з’явы — сіндрому непрытомнасці.
Гэтым разам гутарка пойдзе пра моцныя алкагольныя напоі. Пра гарэлкі белыя і каляровыя. Дазвольце, выклікне абураны патрыёт, нашыя гарэлкі славутыя і смачныя, рукі прэч! Ну, не хачу пакрыўдзіць нікога з вытворцаў, як і іх паважаных фанатаў, у нас нямала прадукту дыхтоўнага…але якая з нашых гарэлак вылучаецца на рынку арыгінальнасцю і непаўторнасцю, якую можна назваць візітоўкай Беларусі? Калісьці ў нішы premium спрабаваў пазіцыянаваць сябе “Усяслаў Чарадзей”, ім нават частавалі галівудскіх зорак на цырымоніях “Оскара”. Але ўтрымаць планку не атрымалася. Думаю, не атрымалася б і іншым нашым прэтэндэнтам у Ікары падляцець да сонца заблізка — справа ў заканамернасці, а не ў індывідуальных праліках і няўдачах.
Апошнія некалькі гадоў не вельмі пісьменныя газетчыкі захоплена і назойліва прасоўваюць у нацыянальны алкагольны брэнд самагонку. Адзін заезджы амерыканскі эксперт нядаўна нават прапанаваў яе на ролю лакаматыва не толькі ўязнога турызму, але і ўсёй эканомікі краіны ў цэлым. Легендарны партызанскі прадукт ужо сапраўды вырабляюць не толькі падпольныя саматужныя міні-заводзікі ў наваколлях Старых Дарог, Лепеля, Івянца і іншых вядомых чытачу зацішных месцах. З нядаўніх часоў легальныя пацешныя апараты ёсць і ў знакавых турыстычных аб’ектах, уключаючы нацыянальныя паркі. Пацешна, дарэчы, як такая ліцэнзаваная самагонка афіцыйна акрэсліваецца: “арыгінальныя алкагольныя напоі, вырабленыя па нетрадыцыйнай тэхналогіі з ужываннем народных рэцэптаў… у мэтах узнаўлення паўнаты беларускіх нацыянальных традыцый”. Цікава, ці заўважылі самі распрацоўшчыкі гэты аксюмаран? Па нетрадыцыйнай тэхналогіі, але… у мэтах узнаўлення традыцый? Дык усё ж традыцыя ці не-традыцыя?
Самагонаварэнне ў сучасным сэнсе — гэта адносна новая з’ява ў нашай культуры. Яму, мабыць, няма і 100 гадоў, а штуршок гэтаму нелегальнаму промыслу далі абедзве сусветныя вайны: глухі пратэст супраць “сухога закона”, неабходнасць неяк выжываць і залагоджваць чарговых акупантаў, няўпэўненасць нават у найбліжэйшых гадзінах жыцця — вось той вобразна-асацыятыўны шэраг, які непазбежна выклікае самагонка. І хіба можа быць “нацыянальным брэндам” прадукт паводле азначэння саматужны, без кантролю якасці, без стандартаў і стабільных характарыстык?
Але калі казаць пісьменна, то трэба ставіць пытанне не пра развіццё самагонаварэння (бо само слова “самагонка” азначае самавольна, нелегальна выраблены прадукт), а пра адраджэнне айчынных збожжавых дыстылятаў. Гэта значыць моцных алкагольных напояў, атрыманых шляхам дыстыляцыі ферментаванага затору соладу ці несаладжонага збожжа, якія, у адрозненне ад гарэлак (і настоек на іх аснове), атрымліваюць шляхам развядзення рэктыфікаванага спірту вадой, з дадаваннем розных экстрактаў і араматычных дадаткаў. Безумоўна, толькі дыстыляты здольныя захаваць складаныя букет і водар зыходных прадуктаў, а значыць, і сапраўдную сувязь з зямлёй, на якой яны выраслі. Віскі гэта, ром, грапа, палінка, ракія, чача, сакэ, тэкіла ці іншыя падобныя напоі — толькі дыстыляты нясуць на сабе адбітак шматвяковай гісторыі і культуры адпаведных краін, можна сказаць, нескажоны водар зямлі і яе пладоў. У нейкім сэнсе прапагандысты беларускай самагонкі як нацыянальнага брэнду інтуітыўна адчуваюць гэтую заканамернасць. Самагонка ж таксама дыстылят. Але зусім не “самапальнасць“, нелегальнасць і нестабільнасць якасці прыцягваюць турыста ці наогул шукальніка духу зямлі, яе гістарычных каранёў. Гістарычныя шатландскія гарэльні — гэта менавіта прамысловыя прадпрыемствы, з векавой гісторыяй, з сямейнымі і цэхавымі традыцыямі, са своеасаблівым кодэксам тэхналагічнага гонару. Ніякае саматужніцтва і партызаншчына супернічаць з гэтым кодэксам не змогуць.
Калі сур’ёзна звяртацца да каранёў, да нацыянальнай гісторыі, то трэба, прынамсі, добра ўспомніць рэальную гісторыю айчыннага вінакурэння, тэхналогіі і традыцыі спажывання, назвы і рэцэптуру найлепшых прадуктаў, і не за апошнія 100, а за апошнія 500 гадоў. Віно гарэлае (у прастамоўі гарэлка) ці, на лацінскі манер, акавіта (aqua vitae — “вада жыцця”) прыйшлі ў нашую краіну паўтысячы з лішкам гадоў таму, хутчэй за ўсё ад прыбалтыйскіх немцаў. І, вядома ж, гэта былі менавіта дыстыляты — бо тэхналогія рэктыфікацыі спірытусу з’явілася толькі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Нядаўна польскі сенат пастанавіў, што вудкай (wódką) можна называць толькі напоі са збожжавага ці бульбянога рэктыфікаванага спірту, а вось збожжавыя дыстыляты дакладней усяго вызначаюцца менавіта тэрмінам okowita. У мовах іншых народаў, якія выйшлі з Рэчы Паспалітай, — літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў, у тым ліку ў досыць глыбокіх пластах фальклору — гэты тэрмін таксама захаваўся. Вось толькі ў сучаснай Беларусі Акавіта — назва партала інтэрнэт-статыстыкі, але не спіртовага напою. Дарэчы, нашая некалі знакамітая жытняя старка, доўга трыманая ў дубовых бочках, нічым па сутнасці ад віскі не адрознівалася, яе па праве можна было зваць жытнім віскі.
З 1895 г., калі ў Расійскай імперыі быў усталяваны сучасны гарэлкавы стандарт, на яе тэрыторыі дыстыляты апынуліся фактычна пад забаронай. Пад якім, на жаль, у цэлым знаходзяцца і да гэтай пары. Гарэлку з рэктыфікаванага спірытусу, прынамсі тады, было лягчэй кантраляваць акцызнаму ведамству. Жадаеш вырабляць — купі спірт з казённага віннага склада (усе падаткі ўжо выплачаныя) і змешвай з вадой, ну, калі ты вялікі арыгінал, дадай якога-небудзь экстракту. І толькі. Нясмелае вяртанне дыстылятаў пачалося зусім нядаўна. Энтузіяст адраджэння традыцыйнага рускага дарэформавага хлебнага віна Барыс Радзівонаў некалькі гадоў таму набыў невялікі маёнтак пад Калінінградам і адкрыў там бровар, арганізаваны па ўсіх правілах дваранскага вінакурэння. Сёння гэтае сямейнае прадпрыемства выпускае невялікія партыі розных версій хлебнага віна вельмі высокай якасці. Першым чынам — “Полугар” (38%) і “Кривач” (61%). Вось вам прыклад зусім іншага падыходу, чым апеляцыя да традыцый смутнага ваеннага часу. Не зямлянка і не схаваны ў непраходным гушчары ад чарговых акупантаў самагонны апарат, а самавіты перагонны куб як частка рэспектабельнага ўкладу жыцця шляхецкай сядзібы — або прафесійнага вінакурнага прадпрыемства часоў прамысловай рэвалюцыі.
Выжыць на рынку дыстылятам не та
к проста. Нават у Польшчы і Літве дагэтуль па-сапраўднаму іх адрадзіць не атрымалася. Літоўскі Samane пратрымаўся на рынку толькі некалькі гадоў. Польская старка, якая выпускаецца ў Щчэцыне з 1947 г. — гэта таксама не зусім сапраўдная старка, якой яна была ў часы Рэчы Паспалітай, а толькі настой сумесі рэктыфікаванага спірту з вадой на яблычным і грушавым лісці, які вытрымліваецца ў дубовых бочках. На жаль. Гэта паказвае, як складана пасля 116 гадоў амаль татальнай забароны на збожжавыя дыстыляты вярнуць іх на рынак не як экзотыку, а як прадукт, які карыстаецца ўстойлівым попытам і рэпутацыяй. Наіўна думаць, што з самагонкай усё будзе прасцей толькі дзякуючы таннасці і непатрабавальнасці тэхналогіі. Насамрэч, і з падаткавых меркаванняў, і для стварэння вызначанага бар’ера даступнасці, дзяржава не зможа мірыцца з танным моцным алкаголем. Таму канцэпцыя “дыстылят таннейшы за рэктыфікат”, ды яшчэ на кожным кроку — гэта або міф, або антыўтопія. Калі мы ўжо так заклапочаныя прэстыжам краіны і прывабнасцю яе прадуктаў для замежнага турыста, то нам хутчэй трэба клапаціцца пра адраджэнне прамысловых збожжавых дыстылятаў. Прынамсі, стварэннем легальных умоваў для іх вытворчасці, у межах якіх можна будзе вырабляць і так званую самагонку. Дарэчы, да 2009 г. яе мог легальна вырабляць любы грамадзянін Беларусі, але толькі для ўласнага спажывання. Мне здаецца, у гэтым ёсць сэнс — бо нават у часы прыгоннага права селянін меў права на галоўныя сямейныя святы, накшталт вяселля, памінак ці хрэсьбін, парушаць выключнае права землеўладальніка і рыхтаваць спіртныя напоі для сябе сам. Але калі гаворка ідзе пра вытворчасць для продажу, то якія малыя б ні былі аб’ёмы, яны павінныя знаходзіцца ў рамках тэхнічнай рэгламентацыі, падаткаабкладання, гігіенічнага кантролю. І акцэнтаваць у такіх напоях трэба не “самапальнасць“, не вымушаную вольніцу ліхіх часоў, а менавіта старадаўнія тэхналогіі, нацыянальную гісторыю і пераемнасць з зыходным прадуктам, якая захоўваецца дыстыляцыяй, у адрозненне ад рэктыфікацыі. Такім чынам, не самагонка — а збожжавыя дыстыляты. Пераканаў?