Ледзь не штогод у нашай Сінявокай прымаюцца ўрадавыя пастановы, каб скараціць вытворчасць у краіне мацаванага пладовага віна, называнага па-простаму «чарніламі», на карысць высакаякасных натуральных фруктовых і ягадных вінаў. У стужцы навінаў пару раз на год мільгаюць паведамленні, як нашы натуральныя віны ці то з Талачына, ці то з Гомеля, ці яшчэ аднекуль перамаглі ў міжнародным конкурсе, як журы было ўражана «арыгінальным, непаўторным смакам»… Праўда, чамусьці нідзе ў гандлі потым знайсці гэтых лаўрэатаў немагчыма. Ды і назвы ў іх нейкія малаарыгінальныя (не тое што смак і водар, калі верыць далёкаму журы) — як правіла, «Беларускі пачастунак-з-нечым-там». То можа, я таму ўвесь час праколваюся, купляючы нізкаякасных «цёзак» заміж сціплых шэдэўраў? Я не так шмат п’ю віна і сікеры, але за такімі навінамі сачу пільна, і мяне, лічы, настойлівая прапаганда ўжо сагітавала: наважыўся цалкам перайсці на натуральныя віны з мясцовай сыравіны. У крайнім выпадку надрукую саматужных этыкетак на ўласным прынтары, акуратна заклею «Пачастунак» — ужо даруйце слабасць да высакалобых назваў і камерцыйных легенд — і разыграю гасцей-снобаў, якія не вераць мясцовым вінаробам. Але, халера, мне ўвесь час не шанцуе — не магу нідзе набыць тое якаснае натуральнае віно, узяў бы адразу пару-тройку скрынак. Ну чаму яго наліваюць з-пад крыса толькі абраным журналістам на дэгустацыях?
Вось адзін наш вельмі вядомы вытворца алкаголю пачаў вырабляць нібыта натуральнае віно з чорных парэчак. Прытым фантастычна таннае, менш за 5 тыс. руб. за бутэльку. Як казаў той народны пісьменнік — «такое багацце, такая смаката!». Але смаката цалкам адпавядае багаццю: галава пасля таго натуральнага баліць, у роце пякотка, і закрадаецца ўсё ж здрадніцкая думка, ці не дабіраюць усё ж градус старым правераным спосабам, дадаючы найчысцейшага бульбянога спірту ў парэчкавы кампот?
У мяне даўні «пункцік» наконт парэчкавага віна: маю вар’яцкую тэорыю, што менавіта яно для жыхароў нашых шыротаў — справа гонару і годнасці, нагода кінуць выклік шавіністам міжземнаморскай гастранаміі з іх шматтысячагадовым культам вінаграду. Ну, не выспявае пад нашым сціплым сонцам ваша лаза, дык што, праз тое і мы — не людзі? Але ж прагныя да сонца парэчкі за наша кароткае балтыйскае лета так стараюцца ўвабраць у сябе жыватворчыя промні, што і ваш распешчаны вінаград можа пазайздросціць. Нездарма ў скандынаўскіх мовах парэчку называюць Solbær — «сонечная ягада». Лепшага матэрыялу для вінаробства ў нашым клімаце не знайсці.
Таму з пачатку ХХ стагоддзя ў нашай частцы Еўропы даволі настойліва спрабавалі паставіць вінаробства з парэчак на прамысловыя рэйкі. У літоўцаў вытворчасць натуральных вінаў заклаў ў канцы 1920-х мясцовы «піянер» Баліс Каразія, і створаны ім у Анікшчаі завод вырабляе парэчкавае і іншыя ягадныя віны да сёння. Гісторыя сям’і вінаробаў Каразія, якую нават Саветы настойліва намаўлялі вярнуцца на радзіму, каб узначаліць вытворчасць на родным заводзе, — гэта ўвогуле сюжэт для ТБ-серыяла. А віно, якое цяпер называюць Voruta ў гонар загадкавага Міндоўгавага замка (не ўступаю тут у дыскусію з прыхільнікамі Ермаловіча), лічыцца адным з прадуктаў нацыянальнай спадчыны Літвы. Яго ж спрабуюць эксплуатаваць і ў турбізнэсе: паводле адной з рэтра-праграм, у Анікшчай можна прыехаць на вузкакалейцы ў вагоне 1920-х (добра б захапіць з сабой штосьці з напісанага ў тыя гады Агатай Крысці!) і прадэгуставаць тамтэйшую вінпрадукцыю, заядаючы найлепшымі гатункамі літоўскіх жа сыроў… Ну і каштуе мясцовае парэчкавае не танней за нізкаякасныя вінаградныя мясцовага разліву, даражэй за нашае разы ў тры. І пастаўляецца на экспарт у Еўропу. Праўда, нягледзячы на вынаходлівасць і сучасны мэнэджмэнт, выжываць літоўскім вінаробам цяжка: мабыць, не так проста ўсё ж разбіць устойлівы стэрэатып суайчыннікаў, што віно з мясцовай сыравіны можа быць толькі «танным-і-сярдзітым».
Вырабляюць парэчкавае віно ў Даніі, у Швецыі вытворчасць пачынае адраджацца пасля дзесяцігоддзяў забароны… А вось каму сапраўды ўдалося вывесці парэчкавае віно ў «вышэйшую лігу», дык гэта фінам, дарма што яны на сваёй поўначы маюць так мала сонца. Пры ўступленні ў ЕС у 1994 г. краіна мусіла змякчыць сваё антыалкагольнае заканадаўства, і хаця ўсё мацнейшае за 4.7% прадаецца толькі ў нацыянальнай манаполіі Alko, для вытворцаў натуральных вінаў, слабейшых за 13%, зрабілі выключэнне: мясцовым фермерам далі права прадаваць іх, але толькі вырабленае самастойна. І пачаўся сапраўдны росквіт гэтай галіны індустрыі, бы ў той Італіі. Сёння ў Фінляндыі існуе некалькі дзясяткаў вінаробных фермаў, якія прапануюць турыстам не толькі мясцовыя натуральныя віны, але і традыцыйную кухню і ўвесь набор іншых агратурыстычных асалодаў… Там граюць вяселлі і святкуюць юбілеі, а бутэлькі з не менш прывабнымі за вінаграднае віно этыкеткамі, па 10-15 еўра, з задавальненнем вязуць дадому замежнікі, у тым ліку дарагія расіяне, галоўныя спажыўцы нашых харчоў… Так, гэта я намякаю.
Я разумею, што Беларусі трэба развіваць інтэнсіўную сельскую гаспадарку. Але насуперак стэрэатыпам мужыцкага прагматызму, сёння прадаць сельгаспрадукцыю дорага можна, толькі дадаўшы ў яе культурны кампанент. Містэрыю. А калі гутарка ідзе пра віно — дык абавязкова сямейную легенду, жывую гісторыю мясцовай супольнасці, цеплыню прыватных рук і сэрцаў. Таму, прабачце, я не веру ў будучыню парэчкавага або якога хочаце іншага мясцовага віна, вырабленага забюракратызаванымі дзяржаўнымі канцэрнамі. Колькі б ні прынялі новых пастановаў, у віна, якое не мае містычнай сувязі з гісторыяй канкрэтнай сям’і, няма душы, гэта толькі бырла. Няхай сабеі суверэннае. З нецярплівасцю чакаю прэцэдэнту, калі за вытворчасць парэчкавага ў Беларусі возьмецца канкрэтная сямейная ферма.