“Правобраз еўрапейскай Канстытуцыі” – выстава рарытэтаў з Беларусі і Латвіі, прымеркаваная да Дня Канстытуцыі, адкрыецца 16 сакавіка ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Беларусы былі аднымі з першых у свеце, хто займеў канстытуцыйнае заканадаўства. Статут Вялікага Княства Літоўскага, складзены па-беларуску і зацверджаны ў 1588 г., меў усе рысы сапраўднай Канстытуцыі. Яго з’яўленне паставіла наш народ на п’едэстал пачынальнікаў канстытуцыйнага заканадаўства ў Еўропе і свеце.
Вельмі паказальна, што старажытная беларуска-літоўская Канстытуцыя была перанятая многімі іншымі народамі і стала асновай прававой сістэмы розных краін. Статут ВКЛ 1588 г. выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі прускага права ў канцы XVI ст., складанні Саборнага ўлажэння 1649 г. у Расіі, быў пісьмовым зводам дзеючага права і ўжываўся ў судах на тэрыторыі Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі.
З гэтай мэтай Статут перакладаўся на замежныя мовы, на якіх таксама меў афіцыйнае выкарыстанне. Так, у XVIІ–ХІХ стст. ён быў перакладзены на рускую, украінскую, нямецкую, французскую, лацінскую мовы. Фактычна, ён стаў правобразам еўрапейскай Канстытуцыі, пабудаванай на прынцыпах дэмакратыі, роўнасці, справядлівасці, вяршэнства права.
На выставе ўпершыню будзе прадстаўлены шырокай публіцы амаль нікому не вядомы спіс Статута ВКЛ 1588 г. у перакладзе на нямецкую мову пачатку ХVIІІ ст. са збору адной са старэйшых бібліятэк Еўропы – Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта. Ён з’яўляецца сведчаннем афіцыйнага выкарыстання беларуска-літоўскай протаканстытуцыі на землях Латвіі і пацвярджае старажытныя культурныя, эканамічныя і палітычныя сувязі нашых народаў. Таксама на выставе можна будзе пабачыць друкаваныя асобнікі Статута XVIІ–XIX стст. з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі на іншых еўрапейскіх мовах, якія сведчаць пра шырокі ўплыў беларускай прававой культуры на фарміраванне міжнароднага канстытуцыйнага заканадаўства.
Выстава арганізаваная пры ўдзеле Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы і Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта.
Адкрыццё выставы адбудзецца 16 сакавіка 2020 г. а 16-й гадзіне ў музеі кнігі (пам. 347).
Выстава будзе працаваць у музеі кнігі да 19 красавіка 2020 г. штодзень, акрамя панядзелка і дзяржаўных свят.
Дата яе завяршэння можа быць зменена.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы музея кнігі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак і заказу экскурсій: (8 017) 293 27 22.