У Японіі самы высокі паказнік самагубстваў за 2009 год. Думаеце, дзіўна? Можа, так. А можа, і не…
Пра сувязь Ведаў і ўзроўню самагубстваў, пра сакрэты шчасця і сакрэты беларускага падання пра ўтварэнне свету расказала ў чацвер, 16 верасня, Антаніна Хатэнка, беларускі адмыслоўца ў галіне этнаграфіі, паэтка і журналістка. Гэта адбылося ў межах праекту «Кропка адліку» цыклу «Суток культур».
Антаніна Хатэнка
Крывія, Гудзія… Беларусь. Краіна багоў, дзе Крыве-святар, які ведае праўду зямлі і неба, адчувае Сваё, утрымлівае непагасны агонь. Залатая святая краіна, дзе жывуць паўбагі, — так напісана ў старажытнай літаратуры. Пакуль чалавек узаемадзейнічае са сваёй культурай, яна яго нібыта падпітвае, дае сілы і шанец дамагчыся свайго і быць шчаслівым. Але як толькі пачынаецца век заваёўніцтваў, прысвойвання чужога і пустых традыцыйных рытуалаў, заканчваецца залаты век.
Досыць абстрактны панятак Ведаў набывае канкрэтныя рысы як першавыток некаторых алегорый у паданні пра паходжанне свету і Беларусі. Знакі знаходзяць сваё тлумачэнне ў старажытных культурах, што выяўна адлюстроўвае: нешта, колісь чужое, мы асімілявалі і напоўнілі сэнсам у сваім кантэксце.
«Можа здзівіць погляд на катэгорыі «сваё-чужое» як на псіхалагічныя ці духоўныя, а не геаграфічныя: што развівалася з намі і што мы прынялі, што ўрэшце атрымалася. На сутоку гэтых светаглядных супярэчнасцяў можна знайсці і ідэнтыфікаваць нас як этнічную супольнасць. Сёння мы незалежная краіна, але самое пачуванне гэтай незалежнасці слабое», — кажа Антаніна Хатэнка.
Ганна Лель
Праект «Кропка адліку» — гэта цыклы праграмаў па самаразвіцці чалавека; сцвярджаецца, што кожны дзень ёсць каштоўнасцю, што ўсё ў руках Асобы. На першы погляд, падобна да тэматыкі шматлікіх кніг «Як стаць шчаслівым», якіх багата ў крамах. Але праект зусім не такі папсовы, як можа падацца: ад галоўнай ідэі ідзе мноства адгалінаванняў — цыклаў з абсалютна рознай тэматыкай. «Суток культур» дазваляе «глыбей пазнаёміцца са сваімі каранямі, што надае чалавеку сілы» (Ганна Лель, куратар праекту). Праект «Кропка адліку», якому, дарэчы, ужо пяць гадоў, пацвярджае тэндэнцыю да развіцця і запатрабаванасці нефармальнай, неакадэмічнай адукацыі ў Беларусі, а таксама дае магчымасць атрымаць нетрадыцыйныя адказы на традыцыйныя пытанні.