Ці ведаеце вы, у якіх выпадках нашы продкі ўпрыгожвалі елку? Падказка — зусім не на Новы год! Хто такі Цярэшка і навошта яго жаніць? Як шчадруюць і калядуюць у нашых вёсках і гарадах, хто такія Цыганы, Куры, Цары і Конікі ў калядным абыходзе? Ці выразаюць у нас гарбуза, як на Захадзе, на Хэлоўін? Чым, апроч бліноў і застолляў, багатая беларуская Маленіца? Што сімвалізуе зеляніна («май»), якой на Троіцу аздабляюць хату нават у нашыя дні? Як на Любаншчыне выбіраюць Русалку, а на Піншчыне водзяць Куста? Якія праблемы паўстаюць у сувязі з масавым паломніцтвам на Блакітную крыніцу ў Слаўгарадскім раёне? Пра ўсе гэтыя цікавосткі добра ведае фалькларыстка і журналістка, аўтарка кнігі «Традыцыйны каляндар. Нарысы» Алена Ляшкевіч.
Кніга выйшла ў лютым 2022 года. Пад адной вокладкай аўтарка сабрала свае публікацыі ў СМІ з 2012 па 2021 гады. Усе яны прысвечаныя каляндарным святам і абрадам беларусаў — Калядам, Масленіцы, Юр’і, Троіцы, Купаллю, Дзядам і інш.
Даследчыца асабіста наведала розныя вёскі, гарады і мястэчкі Беларусі, рабіла фотаздымкі, якія размешчаны ў кнізе. З аднаго боку, адчуваецца грунтоўны падыход навукоўца-этнографа, з іншага — эмацыйная ўключанасць у традыцыйную культуру, шчырая любоў да яе, павага да ейных носьбітаў.
Выданне і зараз можна набыць у «Акадэмкнізе». Яно будзе цікава ўсім, хто хоча паглыбіцца ў народную культуру Беларусі, пазбавіцца ад штампаў і стэрэатыпаў.
Мы паразмаўлялі з аўтаркай нарысаў і даведаліся, як ішла праца над выданнем. А таксама — чаму для даследчыка «пагружанасць» у Традыцыю, асабістая заангажаванасць — зусім не перашкода.
Алена Ляшкевіч. Фота Марыі Вайтовіч
— Алена, як узнікла ідэя аб’яднаць свае публікацыі ў адну кнігу? Ці быў нейкі адбор — або ты проста размясціла там усё свае публікацыі ў СМІ на тэму фальклору і этнаграфіі?
— Хацелася сабраць разам публікацыі пра традыцыйны каляндар. Усё, што пісала ў СМІ на гэтую тэму, увайшло ў кнігу. Некаторыя артыкулы дапісвала ці перарабляла ў апошні момант. Здаецца, частка тэкстаў загучала ў выніку па-новаму, можна сказаць, што яны не публікаваліся ў тым выглядзе, у якім трапілі ў выданне.
Абрад гукання вясны Чырачка ў нядзелю Масленічнага тыдня
Агулам кнігай «Традыцыйны каляндар. Нарысы» я занялася, яшчэ быўшы навуковым супрацоўнікам беларускай Акадэміі навук (з 2014 года я працую адначасова як даследчыца і як журналістка). Кіраўніцтва хацела, каб у 2021 годзе я апублікавала манаграфію па маёй дысертацыі «Беларуская Масленіца: сюжэты, семантыка, рэгіянальна-лакальныя асаблівасці». А я так стамілася ад гэтага тэксту, ад абароны дысертацыі, што прапанавала ў план замест навуковага навукова-папулярнае выданне, пра ўвесь каляндар, не толькі пра Масленіцу. Мне здавалася, што яно больш актуальнае, і сапраўды, у апошні час інтарэс беларусаў да традыцыйных святаў толькі ўзрастае. А калі каму цікава пачытаць тэкст маёй дысертацыі, то яго лёгка знайсці на academia.edu.
Любанская раённая Масленіца ў в. Обчын. Спальванне пудзіла са стужкамі-грахамі. 2015 г.
— Выданне атрымалася публіцыстычным? Ці складана было адаптаваць навуковыя методыкі даследаванняў да мовы СМІ, інтэрнэту — да масавай свядомасці?
— Так, публіцыстычным. Навукоўцы часта робяць такія выданні. У маім выпадку толькі з некаторымі тэкстамі пра Масленіцу былі складанасці, як іх адаптаваць да СМІ, бо першапачаткова яны ствараліся як частка дысертацыі. Пра астатнія святы адразу пісала ў больш папулярным стылі.
Лёс кнігі пакуль склаўся не вельмі ўдала: яна выйшла за некалькі дзён да вайны. Я толькі збіралася напісаць прэс-рэліз і разаслаць яго хаця б па рэсурсах, артыкулы з якіх увайшлі ў выданне, як стала зусім не да таго. Здаецца, трэба ўсё ж зрабіць піяр-кампанію. Таму я вельмі ўдзячная «Будзьме!» за цікавасць. З артыкулаў, якія ў вас публікавала, у кнігу ўвайшлі тэксты пра калядаванне ў Дзятлавічах і Перасудавічах, пра масленічную калодку ў Выхадцах, велікоднае ваджэнне сулы ў Маркавічах, перанос мікольскай свячы ў Слабодцы. А вось на аповед пра валачобніцтва ў Віркаве Клічаўскага раёна я чамусьці забылася, хаця ў кнізе Вялікадню прысвечаны цэлы раздзел і гэты артыкул быў бы там вельмі дарэчы. Такое, на жаль, часта здараецца і падчас навуковых даследаванняў, калі матэрыялу вельмі шмат: публікуеш артыкул, а потым знаходзіш яшчэ звесткі па тэме, ці ўзгадваеш пра зробленыя раней запісы.
Стрэчанне ў в. Новае Палессе Лельчыцкага р-на. 15 лютага 2018 г.
Для кнігі некаторыя матэрыялы даводзілася перарабляць. Напрыклад, з тэкста пра вешанне масленічнай калодкі я прыбрала версію, што першапачаткова ў Выхадцах такім чынам «каралі» нежанатых хлапцоў, бо падчас працы над дысертацыяй зразумела: запрашэнне аднавяскоўцаў на супольнае застолле магло быць самастойнай рытуальнай функцыяй калодкі, а не трансфармацыяй пакарання несямейнай моладзі за неўступленне ў шлюб.
Вечар напярэдадні Юр’я ў в. Ахонава, Дзятлаўскі р-н. Дзяўчына, якая на працягу апошняга года выйшла замуж, кідае гурту спявачак стужку. На заднім плане стаяць яе маці і муж. 5 траўня 2015 г.
— Адкуль узяліся экалагічныя матывы ў тваіх нарысах? Як упісаць традыцыю ў сённяшняе жыццё, ды так, каб гэта было без шкоды для прыроды?
— Тэксты на экалагічныя тэмы ствараліся для «Зялёнага парталу» (greenbelarus.info). Канечне, мне і самой гэта цікава. Я амаль заўсёды працавала ў журналістыцы як фрылансерка і бралася толькі за сюжэты, пра якія сапраўды хацела напісаць, нават калі гэта была рэдакцыйная замова. Думаю, традыцыйныя святкаванні набліжаюць чалавека да прыроды, натхняюць назіраць за яе рытмамі. А гэта само сабой вядзе да таго, што да навакольнага асяроддзя пачынаеш ставіцца больш ашчадна.
Ваджэнне Куста на Тройцу, в. Меркулавічы, Чачэрскі р-н. 2016 г.
— Ці можна назваць тваю кнігу «гайдам па беларускіх традыцыях»? Наколькі ён поўны і што засталося па-за ўвагай?
— Можна. Але я мала пішу пра тыповыя рэчы, засяроджваюся больш на «выключэннях з правілаў». Таму зусім неабазнанаму чытачу лепш бы спачатку пачытаць нейкае акадэмічнае выданне, напрыклад, слоўнік «Беларуская міфалогія».
Тэксты ў кнізе згрупаваныя ў адпаведныя раздзелы: Каляды, Грамніцы, Масленіца, Дабравешчанне, Вялікдзень, Юр’я, Мікола, Ушэсце, Тройца і Русалле, Купалле, Дзень святога Пятра, Спас, святы канца лета, восеньскія святы, Дзяды, свячныя абрады, вялікая вясельніца. Свячныя абрады — гэта абрады пераносу «свячы», рытуальнага комплексу са свечкі і абраза, што захоўваецца ў адной з вясковых хат, да новага гаспадара. Звычайна такія абрады адбываюцца раз на год і прымяркоўваюцца да дня ўшанавання таго святога, які намаляваны на абразе.
Вясельніца. Малюнак Рамана Плавінскага
Раздзел «Вялікая вясельніца» прысвечаны сувязі каляндарнай і сямейнай абраднасці. Большасць вяселляў у беларускіх вёсках адбывалася ўвосень ці пасля Калядаў, то-бок жаніцца ўлетку — гэта адносна новая традыцыя (хаця ў этнаграфічных крыніцах згадваюцца шлюбы на Купалле). Бывае, рытуальныя дзеянні, характэрныя ў адной мясцовасці для пэўных каляндарных абрадаў, у іншых мясцінах здзяйсняліся на вяселле. У апошні раздзел кнігі, «Пра ўвесь каляндар», трапілі аглядныя матэрыялы пра наведванне святых мясцін, прошчаў (шанаваных камянёў, крыніцаў, дрэў), на каляндарныя святы, і тэкст пра некаторыя цікавыя сучасныя практыкі захавання каляндарных абрадаў.
— У тваёй кнізе сабраныя фота з твайго ўласнага архіву — абрады, іх удзельнікі, атрыбуты, а таксама малюнкі беларускага мастака Рамана Плавінскага. Як яны адбіраліся?
— Фотаздымкі я адбірала па тэматыцы, каб праілюстраваць тэксты. Малюнкі выконваюць ролю шмуцоў — так выдаўцы завуць аркушы, што раздзяляюць між сабой часткі кнігі. Мне здавалася, што малюнкі Рамана ажывяць маё паўакадэмічнае выданне, нададуць яму жвавасці, чалавечнасці і казачнасці.
Юр’я. Малюнак Рамана Плавінскага
Спачатку думала, што нейкі з яго твораў будзе на вокладцы і гэта паспрыяе папулярнасці кнігі. Але аказалася, што такая канцэпцыя не адпавядае бачанню выдавецтва «Беларуская навука». У выніку на вокладцы скампілявалі мае здымкі.
Свяча. Малюнак Рамана Плавінскага
— Гэта ж не першая твая кніга? Як бы ты акрэсліла сферу сваіх навуковых інтарэсаў?
— «Традыцыйны каляндар. Нарысы» — гэта другая кніга. Першая — «Масленіца. Абрад. Песні. Напевы» ў суаўтарстве з этнамузыколагам Васілінай Міхайлаўнай Прыбыловай выйшла ў 2020 годзе ў серыі «Беларуская народная творчасць». Гэта збор палявых матэрыялаў, расповедаў вяскоўцаў пра Масленіцу, апублікаваных з захаваннем дыялектных асаблівасцей. Таксама ў кнізе змешчаны нотныя расшыфроўкі мелодый масленічных песень. Усё гэта суправаджаецца грунтоўнай прадмовай. Я б акрэсліла сябе як фалькларыстку, этнолага і трошку антраполага.
— Раскажы пра свой шлях у этнаграфіі. Ці плануеш новую маштабную працу?
— Пачалося, бадай, з практычнага захаплення традыцыйнай культурай: яшчэ вучачыся ў ліцэі, я спрабавала ткаць паясы, выразаць драўляныя лыжкі, пашыла сабе стылізаваную «пад народную» сукенку на выпускны. Паўгода вязала шыдэлкам прошвы для яе. Потым захапілася традыцыйнымі танцамі, трапіла ў Студэнцкае этнаграфічнае таварыства, пачала хадзіць на спевы і шыць ужо сапраўдны, нестылізаваны строй. Вучылася на гістфаку БДУ, на кафедры этналогіі. У нас была этнаграфічная практыка, але, на мой погляд, вельмі кепска арганізаваная. Я там практычна нічаму не навучылася.
Напрыклад, у Інстытуце этналогіі і культурнай антрапалогіі Варшаўскага ўніверсітэта студэнты рыхтуюцца да выезду «ў поле» з сярэдзіны першага курса, у прынцыпе, як у нас. Але адным выездам справа не абмяжоўваецца: за тры гады навучання першай ступені (ліцэнцыяту) студэнты наведваюць адно і тое ж месца чатыры разы, прыкладна па тыдні, у розныя поры года. Паміж выездамі абмяркоўваюць іх на групавых занятках. На аснове сабраных матэрыялаў пішуць дыпломную работу. Штогадовых курсавых, скампіляваных з кніжак, як у нас, няма. Але гэта лірычнае адступленне. Уласна, я хацела сказаць, што праўдзівыя навыкі палявых даследаванняў атрымала не ў БДУ, а ў Студэнцкім этнаграфічным таварыстве.
Вясельныя госці «граюць» на хатнім начынні. Інсцэніроўка вяселля, арганізаваная Студэнцкім этнаграфічным таварыствам на фестывалі «Камяніца». 2016 г.
У наступным акадэмічным годзе ў мяне запланаваны навуковы праект па параўнанні беларускай Масленіцы і польскіх Запустаў. Ці атрымаецца з гэтага кніга — пакуль невядома, але артыкулы, навуковыя і публіцыстычныя, дакладна будуць!
Святкаванне Багача, арганізаванае Студэнцкім этнаграфічным таварыствам ў Вязынцы. 2017 г.
— Як ты прыйшла да фальклору? Ты — толькі тэарэтык ці практык таксама? На твой погляд — ці павінен навуковец вывучаць свой прадмет «знутры»?
— Спачатку мяне цікавіла ўсё, усе аспекты беларускай традыцыйнай культуры: і рамёствы, і танцы, і спевы, і драўлянае дойлідства. Я некаторы час працавала ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, гэта вельмі шчаслівы час у маім жыцці. Каб рабіць лепшыя экскурсіі, увесь час чытала, у асноўным апісанні этнографаў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Яшчэ мне пашанцавала ў дзяцінстве заспець цэлай хату прабабулі ў вёсцы Коўбча Клічаўскага раёна. Яна выглядала проста як нашы музейныя аб’екты. Прабабулю адтуль забралі жыць у Клічаў прыкладна ў 1990 годзе, а хата засталася, як была, без перабудоў, без шпалер: сені, пакой з печчу, покуць, лавы... Прабабуля, Алена Пятроўна Дзенісевіч, 1906 года нараджэння, жыла да 89 год і вучыла мяне спяваць традыцыйныя песні. Якія дакладна, ужо не ўзгадаю, але калядныя былі, бо я, малая, не ведала такога слова, «каляда», таму яго запомніла. Ужо працуючы ў Акадэміі навук, я знайшла ў архіве аўдыязапісы сваёй прабабулі, зробленыя ў 1973 г. Пятром Альхімовічам.
На жаль, у дарослым жыцці ў мяне па-сапраўднаму «склалася» толькі з танцамі. Я адносна лёгка вучуся, магу, у сваю чаргу, вучыць іншых людзей. Давялося праводзіць майстар-класы па беларускіх традыцыйных танцах у Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі і Даніі.
Сёння, 4 ліпеня, дарэчы, раблю майстар-клас у Амбасадзе традыцыйнай музыкі ў Варшаве. Запрашаю!
Я спрабавала вучыцца спяваць у розных выкладчыкаў, некаторы час удзельнічала ў гуртах «Няміга», «Дэсань», «Нямора». Вельмі цікавым вопытам было выступленне з гуртом Piarevaracień на літоўскім фестывалі Menuo Juodaragis. Але мне больш блізкае спяванне падчас абрадаў, калі няма падзелу на выступоўцаў і слухачоў і можна засяродзіцца не на выканаўчай тэхніцы, а на сваім перажыванні свята.
Выступ з гуртом Piarevaracień на фестывалі Menuo Juodaragis. Трэцяя справа Алена Ляшкевіч. Фота Максіма Елісеева
Па меры магчымасці далучаюся да калядных абыходаў, гукання вясны, Купалля, якія арганізуюць сябры, часам святкую дома Дзяды і Каляды. На жаль, у маёй сям’і не захавалася такіх калядных традыцый, як, напрыклад, у палякаў, таму тое, што я часам рабіла, — гэта хутчэй этнаграфічная рэканструкцыя. Але Дзяды я добра памятаю з дзяцінства: святочны стол, які застаецца непрыбраным цэлую ноч, асобная талерка для продкаў...
Я пашыла сабе традыцыйны строй, але ўвесь час займацца рукадзеллем мне цяжка, не хапае часу. Хаця гэта вельмі добрая практыка зняцця стрэсу, і трэба было б усё ж неяк самаарганізавацца і прысвячаць гэтаму больш увагі.
Мне здаецца, навукоўцу практычныя заняткі сваім прадметам ідуць толькі на карысць. Я лічу, мае ўнутраныя перажыванні свята, святочнасці як такой вельмі ўзбагацілі і мае журналісцкія, і навуковыя тэксты.
— Унясенне святаў і абрадаў, культавых месцаў у спіс НКС — што гэта дае? Ці не разбурае гэта тонкую «мікрафлору» і «атмасферу»? Або, наадварот спрыяе захаванню спадчыны?
— Я да Канвенцыі UNESCO аб ахове нематэрыяльнай спадчыны, адпаведна з якой вядзецца беларускі Інвентар НКС, стаўлюся станоўча. Гэта робіць элементы, унесеныя ў спіс, больш вядомымі, прыцягвае да іх грамадскую цікавасць.
Чаго вартая толькі нядаўняя ФБ-дыскусія пра дранікі! Елі мы гэтую страву і не задумваліся, спадчына гэта ці не. А цяпер будзем есці свядома. Жартую, канечне. Калі сур’ёзна, то я толькі пару разоў бачыла занадта вялікі, як на маю думку, інтарэс да ўнесеных у Інвентар элементаў.
Юр’я ў в. Пагост, Жыткавіцкі р-н. Карагод на вясковай вуліцы. 6 траўня 2015 г.
Звычайна на святкаванні Юр’я ў Пагосце Жыткавіцкага раёна ад журналістаў не праштурхнуцца. А ў Семежава Капыльскага раёна паглядзець на калядных Цароў, бывала, ездзілі турысты вялікімі турыстычнымі аўтобусамі. І проста не маглі змясціцца ў хаты, дзе Цары паказвалі спектакль. Але гэтыя пытанні вырашаюцца: журналістаў адукоўвае, каб не заміналі абраду, іх калега і грамадскі эксперт па НКС Рэгіна Гамзовіч, Цары паказваюць спектакль усім ахвочым на прыступках Дома культуры і толькі потым ідуць па хатах...
Цары ў в. Семежава, Капыльскі р-н. 13 студзеня 2019 г.
— Асяроддзе беларускай традыцыйнай культуры — толькі вёска? Мы зараз жывем у гарадах і спрабуем калядаваць на мікрараёнах, гуляць Масленку на плошчах. Гэта адпавядае «духу і літары» традыцыі?
— Думаю, так, адпавядае. Гарадскі чалавек патрабуе каранёў, патрабуе нейкай угрунтаванасці. Таму на беларускую традыцыйную культуру быў, ёсць і будзе попыт сярод беларусаў дома і ў замежжы.
Гуканне вясны ў Вязынцы. Першая злева — Алена Ляшкевіч. Фота Кацярыны Аракчэевай.
Алена Ляшкевіч — кандыдат філалагічных навук у галіне фалькларыстыкі, журналістка. Абараніла дысертацыю на тэму «Беларуская Масленіца: сюжэты, семантыка, рэгіянальна-лакальныя асаблівасці». Уклала том «Масленіца. Абрад. Песні. Напевы» серыі «Беларуская народная творчасць» (у суаўтарстве з этнамузыколагам В. М. Прыбыловай). Даследавала святы баларускага традыцыйнага календара з навуковага боку, асвятляла іх у прэсе. Працавала таксама як метадыст па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
с.. іл. ISBN 978-985-08-2817-0