Валачобніцтва, абыход двароў на Вялікдзень, не так шырока вядомае, як абыход на Каляды. Калядоўшчыкам не здзіўляюцца ўжо нават гарадскія жыхары. Валачобніцтва ж яшчэ толькі чакае папулярызацыі ў гарадскім асяродку. Сёлета на Вялікдзень сябры РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” выправіліся ў валачобнікі двума гуртамі: на Віцебшчыну і на Магілёўшчыну.
Лічыцца, што велікодны абыход больш характэрны для паўночнай Беларусі, а калядны – гэта традыцыя палеская, паўднёвая. Аднак этнаграфічныя экспедыцыі дазваляюць пераканацца, што сустракаюцца вёскі, дзе хадзілі і калядоўшчыкі, і валачобнікі. Бабулі часам нават блытаюць словы “валачобнік” і “калядоўшчык”, могуць сказаць “Хадзілі валачобнікі на Каляды” ці наадварот.
Адна з вёсак, дзе памятаюць і калядны, і велікодны абыход двароў, – Віркаў Клічаўскага раёна, куды і выправіўся адзін з валачобных гуртоў моладзі.
Сваіх валачобнікаў у Віркаве, на жаль, ужо няма. Бабулі памятаюць валачобныя песні, аднак запяваць іх павінны, па традыцыі, мужчына. Жанчыны падхоплівалі толькі на паўторы і прыпеве “Хрыстос васкрос, сын Божы”. Навукоўцы запісваюць валачобныя песні ў этнаграфічных экспедыцыях, што праходзяць звычайна ў ліпені-жніўні. Бабулі часта адмаўляюцца спяваць прыпеў “Хрыстос васкрос, сын Божы”, замяняюць на “Зялёнае віно, зеляно”, “Вясна-красна, дзень цёплы”, “Зялёны явар, кудравы” – бо “не сезон”.
Добра, што са свядомасці нават маладзейшых жыхароў Віркава абрад не знік. Валачобнікі, як, дарэчы, і калядныя “цыганы”, тут хадзілі яшчэ ў пачатку 1990-х гг. Таму амаль усе віркаўцы разумеюць, што валачобнікі ходзяць, каб пажадаць гаспадарам дабрабыту, і трэба ім аддзячыць па магчымасці шчодра, каб зычэнні спраўдзіліся. У валачобных песнях пяецца: “Калі рад святу, пазаві ў хату” і “Пазаві ў хату, лучшай будзе”. Запрашэнне ў хату лічыцца гонарам для валачобнікаў, прызнаннем іх за спевакоў найвышэйшага ўзроўню. Сяброў СЭТ запрашалі ледзь не ў кожную.
У валачобных песнях падкрэсліваецца заможнасць гаспадара, якому пяюць. У яго сядзібы “жалезны тын, шулы медзяныя”. Метал быў дарагім матэрыялам, вырабы з яго лічыліся прыкметай заможнасці. Пяецца, што гаспадар
Адзяе боты слуцкай работы,
Шапку-баброўку кладзе на галоўку.
Адзенне тут таксама пазначае заможнасць гаспадара, яго высокі сацыяльны статус. Тыя “боты слуцкай работы” сустракаюцца ў песнях па ўсёй Беларусі.
Слова “класці” ў значэнні “надзяваць” характэрнае для некаторых беларускіх дыялектаў і, мабыць, вельмі старажытнае. У шведскай мове адзенне пазначаецца словам “kläder”. Нельга не заўважыць сугучча, а калі ў гэтых словаў і праўда агульны корань, то бытаваў ён яшчэ за часамі індаеўрапейцаў.
Даўней ледзь не цэлымі вёскамі хадзілі ў царкву на начную службу з Краснай суботы на велікодную нядзелю. Вярнуўшыся з царквы, снедалі і клаліся спаць. Валачобнікі пачыналі хадзіць з вечара. У Віркаве было каля 300 двароў, таму хадзілі цэлую ноч. У некаторых хатах не спалі, чакалі, пакуль прыйдуць. У іншых клаліся спаць і прачыналіся ад спеваў валачобнікаў. Тыя, патаміўшыся за ноч, адпачывалі ўвесь панядзелак. Выспаўшыся і ўзяўшы жонак ці мужоў, гурт валачобнікаў частаваўся сабраным “валачобным” на сумесным застоллі. Дасёння ва ўяўленні жыхароў Клічаўшчыны яшчэ жывое ўяўленне аб трох днях Вялікадня (нядзеля, панядзелак, аўторак), у якія забараняецца працаваць.
Паездка адбылася пры інфармацыйнай падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Алена Ляшкевіч
Фота аўтаркі