Шмат старажытных масленічных абрадаў захавалася ў Беларусі. Сярод іх – цяганне калодак на Лёзненшчыне ў Тлусты чацвер. Каб паўдзельнічаць у гэтым абрадзе і спрычыніцца да старажытнай традыцыі, выправіліся ў этнаграфічную экспедыцыю сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства і харэограф Алена Прохарава.
Вясковая грамада “нагадвала” моладзі шлюбнага ўзросту, што час бы ўжо стварыць сям’ю. Даўней гэта рабілі, падкочваючы пад хату бацькоў хлапца ці дзяўчыны калоду. З часам калода паменшылася, яе магла замяняць палка ці чурбан на вяроўцы, які вешалі на шыю. Ад калодкі адкупляліся грашыма ці частуючы тых, хто яе чапляў.
У вёсцы Выхадцы Лёзненскага раёна калодкай сёння служыць стужка з прымацаванымі да яе баранкамі, цукеркамі і штучнымі кветкамі. Дэмаграфічная сітуацыя ў Выхадцах складаная, таму, каб не страціць традыцыю, вясковыя жанчыны крыху мадэрнізавалі абрад. Цяпер калодку надзяваюць на шыю кожнаму, каго сустрэне гурт, ідучы з гармонікам па вёсцы: мужчыну і жанчыне, старому і малому. Нават спыняюць машыны і чапляюць калодкі кіроўцам. Разуменне, што ўдзельніц гурта трэба пачаставаць, засталося, але “адкупанне” выступае хутчэй як падзяка: сёння чаплянне “калодкі” ў Выхадцах успрымаецца як пажаданне дабрабыту. Кожны, хто атрымаў калодку, захоўвае яе ў хаце да наступнага года.
Таццяна Валодзіна, даследчыца беларускай традыцыйнай культуры, доктар філалагічных навук, каментуе:
“Шлюб у традыцыйным грамадстве – гэта справа не толькі індывідуальная ці сямейная, але і грамадская. Хлапца, які доўга не жаніўся, звалі “перастаркам”, “дзецюком”. Для жыцця вясковай грамады было неабходна, каб кожны здаровы чалавек дзетароднага ўзросту быў жанаты. Грамада кантралявала гэта рознымі сродкамі, адным з якіх і быў масленічны абрад “цягаць калодкі”. Чаплялі калодку хлапцу, калі ён не ажаніўся да пэўнага ўзросту, звычайна да 25-30 гадоў. Бывала, чаплялі і дзеўцы. Гэта ўспрымалася як ганьбаванне за неўступленне ў шлюб. Выконвалі абрад старэйшыя жанчыны. У Беларусі бытуе прымаўка: “Да 30 гадоў сам жэніцца, да 35 – людзі жэняць, а пасля 40 – сам чорт не ажэніць”.
Акрамя звычаю цягаць калодкі Тлусты чацвер у Беларусі адметны тым, што ў некаторых рэгіёнах у гэты дзень спраўлялі Валоссе – застолле ў складчыну. Мяркуючы па назве, застолле гэтае праводзілася ў гонар Вялеса, паганскага бога багацця, плоднасці і жывёлагадоўлі.
Сустракаюцца павер’і, згодна з якімі ў чацвер Масленічнага тыдня павінен упершыню заспяваць жаўрук.
Алена Ляшкевіч
Фота Алены Ляшкевіч, Алены Прохаравай