18 лістапада 2019 года а 18-й гадзіне ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” (Палац Рэспублікі) адбудзецца адкрыццё міжнароднай выставы мастацкага тэкстылю мастакоў Украіны (Роўна) і Беларусі (Віцебск) у межах праекту “Колазварот/Колообіг” (Віцебск-Роўна).
У праекце прымаюць удзел мастакі творчых аб’яднанняў “Беларускі саюз мастакоў” (Віцебская абласная арганізацыя) і “Нацыянальны саюз мастакоў Украіны” (ТА “КОЛОАРТ”, г. Роўна). Падчас выставы адбудуцца круглыя сталы па пытаннях развіцця сучаснага тэкстылю.
Дзве школы, якія развіваліся незалежна адна ад адной, дзіўным чынам перакрыжоўваюцца паміж сабой, што яскрава сведчыць аб агульных каранях, аб сучасным кампазіцыйным падыходзе, аб далікатным захаванні традыцый пачатку мінулага стагоддзя ва ўкраінскай і беларускай школах тэкстылю. Тэкстыль – самы мабільны від мастацтва. І ў той жа час ён больш чым іншыя захоўвае рысы нацыянальнага мастацтва, яго глыбінныя сімвалы. У кожнай мастацкай кампазіцыі адлюстраваны індывідуальныя светаадчуванні, пошукі разнастайных спосабаў мастацкай і эмацыйнай выразнасці, глыбіня ідэй і сэнсаў, якія мяняюць стандартнае ўспрыманне паняцця “тэкстыль”.
Сумесны праект адлюстроўвае ўзровень развіцця сучаснага мастацкага тэкстылю, характар пошукаў і эксперыментаў, ролю традыцый у творчасці мастакоў двух краін, дэманструе блізасць нашых народаў і агульную накіраванасць на творчае супрацоўніцтва. Менавіта таму мастацкі праект носіць назву “Колазварот/Колообіг”. Падобныя праекты яскрава сведчаць аб тым, што ў мастацтве няма межаў, яно аб’ядноўвае творцаў розных краін, скіраваных на пошукі і эксперыменты. У творах удзельнікаў (манументальных тэкстыльных пано, габеленах, інсталяцыях, тэкстыльных аб’ектах, мінітэкстылі і інш.) можна адзначыць як наватарскі характар творчага мыслення, ідэй і вобразаў, так і арыгінальнасць кампазіцыйна-пластычных пошукаў, выкарыстанне самых разнастайных матэрыялаў і тэхнік.
Удзельнікі выставы: Таццяна Лукашэвіч, Івана Токар, Аляўціна Кляпоўская, Аксана Галайчук, Вольга Пабярэжна, Павел Бенедзюк (Саюз мастакоў Украіны, ТА “КОЛОАРТ”; Святлана Баранкоўская, Наталля Лісоўская, Таццяна Макляцова, Таццяна Козік, Віялета Некрасава, Генадзь Фалей, Наталля Канькова (мастакі Беларускага саюза мастакоў і кафедры дызайна і моды Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (Віцебская абласная арганізацыя). Усе гэтыя аўтары з’яўляюцца вядомымі творцамі ў сваіх краінах, блізкім і далёкім замежжы, маюць вялікі вопыт удзелу у рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх выставах і праектах.
Куратары выставы:
Святлана Баранкоўская – старшыня Віцебскай абласной арганізацыі БСМ;
Наталля Лісоўская – дацэнт кафедры дызайна і моды Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, сябра БСМ;
Аляўціна Кляпоўская – аспірант Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, сябра Нацыянальнага Саюза мастакоў Украіны, куратар праекту.
Выстава працягнецца да 1 снежня 2019 года.
Адрас галерэі: Кастрычніцкая плошча, 1 (Палац Рэспублікі),
мастацкая галерэя “Універсітэт культуры”, тэл. 327 26 12,
(Татарэвіч Марына Аляксандраўна, дырэктар)
Час працы: аўторак–субота, 11:00–19:00,
Уваход вольны.