Палёт двухгаловага арла: з Візантыі праз Рым у Маскву

23.10.2024 Гісторыя

Не паспела Расія ачомацца ад развалу савецкай імперыі, як у ёй зноў праявіліся сімптомы імперскай хваробы — 30 лістапада 1993 г. прэзідэнт Ельцын выдаў указ пра замену герба, замест сярпа і молата ўвёў царскага двухгаловага арла. Калі Ельцына замяніў Пуцін, то менш чым праз год (25 снежня 2000 г.) статус двухгаловага арла быў замацаваны канстытуцыйным законам «Аб дзяржаўным гербе Расійскай Федэрацыі». Усё лагічна, афіцэр тайнай паліцыі, заняўшы прэзідэнцкую пасаду, пад прыкрыццём рыторыкі пра далучэнне да цывілізаванага свету і нават «уступлення ў НАТА», пачаў рыхтаваць «паўстанне Расіі з кален».

Насамрэч двухгаловы арол не быў першым расійскім гербам. Дык калі і адкуль ён з’явіўся? Якая версія пра з’яўленне арла ў Масковіі найбольш верагодная і найлепш абгрунтаваная? Піша Канстанцін Семяновіч.


Rasijski impierski hierb
 Расійскі імперскі герб

Квінтэсэнцыя расійскай ментальнасці

Пад канец 1990-х у Расіі амаль сакраментальнай стала фраза з фільма Аляксея Балабанава «Брат» (1997 г.): «Сіла ў праўдзе!» як выраз квінтэсэнцыі расійскай ментальнасці. Насамрэч праз усю гісторыю Маскоўскай дзяржавы, а потым Расійскага царства і Савецкага Саюза праходзіў зусім іншы дэвіз — «Праўда ў сіле!». Пра «сілу ў праўдзе» расійцы пачынаюць казаць у час няўдач і паразаў, вось як сёння ва Украіне. Маўляў, хоць супраць нас увесь цывілізаваны свет, але мы мацнейшыя, бо за намі праўда і цывілізацыя наша вышэйшая, мараль чысцейшая і г. д.

З гісторыі расійскага герба

Двухгаловы арол не быў першым гербам расійскай дзяржавы. Ягоная афіцыйнае прыняцце ў другой палове XV ст. — цікавы прыклад раптоўнага павароту (чарговага) у расійскай гісторыі, пераходу «ад сілы да праўды», ад прыніжанасці да пыхі, ад халопства да панства. Ад рабалепства перад татарскімі ханамі да прэтэнзіі на спадчыну Візантыйскай імперыі. І ўсё гэта адбылося літаральна на працягу дзесяцігоддзя.

Маскоўскія князі ў XIV–XV стст. карысталіся пячаткамі з выявамі сваіх святых патронаў, а ў бой ішлі пад рэлігійнымі харугвамі. У час кіравання Івана ІІІ (1440–1505) на пячатцы вялікага князя маскоўскага замацавалася выява св. Георгія, які забівае дзідай цмока, у летапісах яго называлі «Ездец». І той жа Іван ІІІ, якога ў Расіі тытулуюць Іванам Вялікім і «збіральнікам зямель рускіх», увёў новы герб — двухгаловы арол, упершыню выяўлены на ягонай пячатцы з 1472 г.

Hierb Ivana III
Герб Івана ІІІ

Версіі пра з’яўленне арла ў Масковіі

Выказвалася некалькі версій пра з’яўленне арла ў Масковіі, але найбольш верагодная і найлепш абгрунтаваная пра «пасаг» візантыйскай прынцэсы Соф’і Палеолаг. Пасля падзення Візантыйскай імперыі яна жыла ў Рыме, стала каталічкай, а аўдавеламу Івану ІІІ яе сасватаў Папа Рымскі.

Пра тое, што двухгаловы арол быў заяўкай Івана ІІІ на пераемнасць візантыйскай велічы, сведчыць некалькі выпадкаў і падзей, дакладна супалых у часе.

Па-першае, 12 лістапада 1472 г. адбыўся ягоны шлюб з візантыйскай прынцэсай Соф’яй Палеолаг (пляменніцай апошняга візантыйскага імператара, загінулага пры захопе туркамі Канстанцінопаля), а гербам маладой «выпадкова» аказаўся двухгаловы арол.

Hierb Palieolahaŭ
Герб Палеолагаў

Па-другое, годам раней войска Івана ІІІ разграміла ноўгарадскае на рацэ Шэлонь, і Масква стала дамінуючай сілай ва Усходняй Еўропе. Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір Ягайлавіч не змог абараніць свайго саюзніка, і Іван ІІІ перастаў баяцца Казіміра.

Па-трэцяе, у тым жа 1472 г. маскоўскі ўладар перастаў баяцца татарскага хана, бо летам таго года маскавіты адбілі буйны паход хана Вялікай Арды Ахмата, і Іван ІІІ спыніў выплату даніны — «выхаду» татарам.

Незадоўга да таго, у 1462 г., Іван прыняў ярлык-дазвол на бацькоўскі сталец ад Ахмата-цара (расійцы ставілі ханаў уровень з візантыйскімі імператарамі і тытулавалі царамі-цэсарамі). І вось не прайшло і дзесяці гадоў, як ён ужо зрабіў заяўку на візантыйскую спадчыну, пераняўшы герб імператарскага роду. Належыць прызнаць, што меў для гэтага пэўныя падставы, і нездарма расійцы назвалі яго вялікім.

Ivan III i Sofja
 Іван ІІІ і Соф’я. Партрэты-лялькі А. Вентцэль

У 1478 г. Іван ІІІ канчаткова зліквідаваў Ноўгарадскую рэспубліку, у 1480 г. пасля «Стаяння на Угры» фармальна адмовіў у выплаце даніны татарскім ханам. Урэшце, у 1485 г. разграміў і далучыў Цверскае княства — асноўнага канкурэнта ў справе аб’яднання Расіі і галоўнага саюзніка Літвы ў Паўночна-Усходняй Русі. У 1492 г., адразу пасля смерці Казіміра, Іван ІІІ упершыню напаў непасрэдна на Вялікае Княства Літоўскае, распачаўшы шматвекавы расійскі «націск на захад», які скончыўся падзеламі Рэчы Паспалітай.

Праўда, не заўсёды ягоныя справы ішлі гладка і ў падсвядомасці яшчэ трывала звычка «гнуць выю» перад татарамі. У 1502 г. у цяжкай для Масковіі сітуацыі Іван ІІІ пайшоў на фармальнае прызнанне вяршэнства хана Шых-Ахмета і выплату яму даніны. Але тое была, як кажуць расійцы, «преходящая ситуация».

А неўзабаве ўгодлівыя адукаваныя манахі сфармулявалі і паднеслі маскоўскім уладарам гатовую імперскую канцэпцыю, лапідарна акрэсленую адным сказам — «Масква — трэці Рым!» І панеслася...

Канстанцін Семяновіч, Budzma.org

Глядзіце яшчэ: