17 ліпеня 2019 года а 16 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу беларускага мастака Анатоля Отчыка, прымеркаванай да юбілею мастака і арганізаванай ГА «Беларускі саюз мастакоў», Рэспубліканскай мастацкай галерэяй.
“Творчасць Анатоля Отчыка добра вядома ў культурнай прасторы Беларусі і за мяжой. Ён – прадстаўнік пакалення аўтараў, чый прыход у прафесійнае мастацтва ў 1980-я гады адзначыўся з’яўленнем сапраўднай паліфаніі наватарскіх стылістык мастацкай мовы і разнастайнасцю смелых ідэй. Яшчэ ў пачатку творчага шляху Анатоль Отчык вельмі дакладна вызначыў для сябе меру ўзаемадзеяння рэалістычнага пісьма з шэрагам знакавых вобразаў і сімвалаў, што арганічна суадносіцца з тэндэнцыямі, якія адбываюцца ў беларускім мастацтве і на сучасным этапе. Менавіта імкненне да філасафічнасці і аксіялагічнага напаўнення кожнай работы характэрна для творчасці гэтага майстра.
Кажучы пра мастацтва Анатоля Отчыка, перш за ўсё, варта адзначыць яго каларыстычны дар, беспамылковае пачуццё кампазіцыі і малюнка. Ён ўдумліва падыходзіць да стварэння кожнага твора. У залежнасці ад канцэпту мастак выбірае адэкватныя ўласнай ідэі сродкі мастацкай выразнасці і з пэўнай доляй віртуознасці ўвасабляе задуманае.
Выстава “Вымярэнне” знаёміць гледачоў з карцінамі, выкананымі Анатолем Отчыкам пераважна за апошнія 20 гадоў. Перш за ўсё хочацца адзначыць жанравую і тэматычную разнастайнасць экспазіцыі, што гаворыць аб шырокім дыяпазоне творчых інтарэсаў аўтара. Прадстаўленыя творы ўмоўна можна дыферэнцыраваць на тры блокі: пейзажы, лірыка-інтэлектуальныя кампазіцыі, творы на мяжы прадметнасці і абстракцыі.”
Наталля Сяліцкая,
мастацтвазнаўца,
член Беларускага саюза мастакоў
Отчык, Анатоль Уладзіміравіч.
Нарадзіўся 07.07.1949, в. Шыічы Гомельскай вобласці. Скончыў Пензенскую мастацкую вучэльню (1972), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1977). Вучыўся ў Л.Скарабагатава, Э.Іадэніса, А.Хадыкі. Уздзельнік мастацкіх выставак з 1978 г. Член Беларускага саюза мастакоў з 1986 г.
Працуе ў плакаце, жывапісе, афармленні архітэктурнага асяроддзя. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах БСМ, Цэнтры сучасных мастацтваў, Гомельскім краязнаўчым музеі, а таксама ў прыватных калекцыях у Беларусі і за яе межамі.
Выстава працягнецца па 28 ліпеня 2019 г.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, «Палац мастацтва».
Час працы: аўторак-пятніца з 11:00 да 19:00; субота-нядзеля з 11:00 да 19:00.
Панядзелак-выхадны дзень.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288 15 49;
+375 (29) 844 99 68 (МТС); +375 (29) 264 68 48 (МТС).
Таксама з інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belarunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/
На нашай старонцы ў Facebook: https://facebook/com/mastatstva