Дыялекты — гэта жывая гісторыя мовы, яе карані і адначасова крыніца разнастайнасці, якая ўзбагачае культуру і захоўвае лакальныя ідэнтычнасці. Але яны часта становяцца аб’ектам дыскрымінацыі і стэрэатыпаў, асабліва ў Беларусі, дзе беларуская мова сама перажывае ўціск. Чаму дыялекты вартыя нашай увагі, як яны пашыраюць прастору інклюзіі і што робіць іх неад’емнай часткай агульнанацыянальнай ідэнтычнасці, пішуць «Іншыя».
Створана паводле карты В. С. Цітова «Гісторыка-этнаграфічныя рэгіёны Беларусі» і карты А. А. Крывіцкага «Групоўка гаворак на тэрыторыі Беларусі»
Беларуская мова сёння перажывае не самыя простыя часы: яна сістэмна выцясняецца дзяржавай, становіцца «другараднай» у школах і ўніверсітэтах і паколькі лічыцца сімвалам культурнай ідэнтычнасці і самабытнасці, то выклікае ў дзяржавы падазрэнне да таго ці той, хто на ёй гаворыць.
Што ўжо казаць пра дыялекты. Стаўленне да іх яшчэ больш снобскае: як да парушэння мовы, яе памылкі, якая існуе сярод вясковых «неадукаваных» людзей. Гэтая праблема не абмяжоўваецца толькі Беларуссю, а назіраецца ва ўсім свеце, у тым ліку ў краінах ЕЗ. У выніку глабалізацыі і ўніфікацыі стандартнай мовы дыялекты часта трапляюць пад ціск, разглядаюцца як «няправільная» або «вясковая» гаворка. У Беларусі гэтае стаўленне пагаршаецца яшчэ і вынікамі русіфікацыі, якая спарадзіла міф аб беларускай мове як «дыялекце».
Але ж беларуская мова, яе дыялекты, гаворкі, гутаркі, акцэнты — усё гэта існуе і спалучаецца ў відавочна разнастайным моўным сусвеце. У гэтым тэксце мы спрабуем трошкі разабрацца ў тым, як гэтыя паняткі існуюць і спалучаюцца, а таксама, чаму дыялекты — гэта не сорамна, навошта вывучаць мову вёсак і як дыялекты спалучаюць у сабе адначасова рознасць і роўнасць.
Беларуская мова традыцыйна і вельмі ўмоўна падзяляецца на беларускую літаратурную і народна-дыялектную. Першая прадстаўлена творамі беларускай літаратуры, слоўнікамі і выкарыстоўваецца як афіцыйная і стандартна прынятая беларуская мова ў сферах навукі, культуры, медыя і інстытуцыях. Гэты тэкст таксама напісаны ў рамках беларускай літаратурнай мовы.
Народна-дыялектная мова прадстаўлена двума галоўнымі дыялектамі: паўночна-ўсходнім і паўднёва-заходнім. Паміж імі акрэслена паласа сярэднебеларускіх гаворак, якія не адносяцца да пэўнага дыялекту, але менавіта яны леглі ў аснову беларускай літаратурнай мовы. Агулам яны збіраюцца ў асноўны масіў беларускай мовы, да якога далучаецца асобная заходнепалеская група гаворак на поўдні. Усё гэта наглядна ёсць на мапе ніжэй!
Складанне і развіццё дыялектаў адбывалася на працягу ўсёй гісторыі. Усе гістарычныя падзеі і сацыяльна-палітычныя змены, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі, ад першых плямёнаў і да рэвалюцыйных падзей пры савецкай уладзе, спрыялі і абумоўлівалі развіццё беларускай мовы ў тым ці іншым кірунку.
Дыялекты з гаворкамі з’яўляюцца жывой гісторыяй мовы і таму добра адлюстроўваюць усе падзеі на фанетычным, граматычным і лексічным узроўнях.
Так, напрыклад, падчас падзелу тэрыторыі і адыходу Заходняй Беларусі да Польшчы ў 1921-м, адбылася відавочная паланізацыя, і частка слоў, якіх дагэтуль не было ў беларускай мове, перайшла і асела ў выглядзе мясцовых моўных асаблівасцяў. Напрыклад, у дыялектнай гутарцы засталося «пашэнціць» (ад польск. poszczęścić się) замест беларускага «пашанцаваць»; лэпскі (ад польск. łebski) замест беларускага «кемлівы, разумлівы, лоўкі»; «выкшталцоны» (ад польск. wykształcоny) замест беларускага «адукаваны».
Супрацьпастаўленне мовы як «нармаванай» і дыялектаў як «адхіленняў ад нормы» не адпавядае рэчаіснасці.
Менавіта дыялекты фармуюць мову і складаюць яе аснову па частках у нешта агульнае.
Мы прызвычаіліся, што пад паняткам «беларускай мовы» часцей за ўсё маецца на ўвазе моўны стандарт з пэўным наборам правілаў — граматыкі, правапісу і гэтак далей, — але ж ён быў створаны менавіта на базе мясцовых гаворак.
На пісьме беларуская мова з’явілася значна пазней — для гэтага яе трэба было зафіксаваць у штосьці больш-менш зразумелае для беларусаў_ак з усіх рэгіёнаў. Гэтым займалася, канешне, інтэлігенцыя, у якой была магчымасць пісаць і чытаць. Але на што абаперціся? На тыя творы, што ўжо існавалі.
Амаль усе першыя беларускія літаратурныя творы добра адлюстроўваюць той ці іншы кірунак мовы, якая сфармавалася мясцовымі гаворкамі. Напрыклад, Дунін-Марцінкевіч зафіксаваў дыялектныя асаблівасці паўднёва-заходніх гаворак, а «Пінскую шляхту» напісаў цалкам на дыялектнай мове. Але так як большасць аутараў_ак паходзіла з сярэдняй паласы Беларусі — Купала, Колас, Цётка — то і кніжкі, у асноўным, былі напісаныя мовай сярэднебеларускіх гаворак. Так, у аснову літаратурнай мовы леглі сярэднебеларускія гаворкі з некаторымі прыкметамі абодвух дыялектаў.
Атрымліваецца, што моўны стандарт (хай і літаратурны) — гэта толькі адна частка беларускай мовы, больш агульна зразумелая для ўсіх беларусаў_ак з усіх рэгіёнаў, але ён не з’яўляецца беларускай мовай у шырокім сэнсе, не прыраўноваецца да яе.
Калі ставіцца да гэтага стандарту як да адзінага дакладнага і годнага існавання, то гэта звужае магчымасці мовы і выціскае дыялекты на перыферыю, пашырае існуючы стэрэатып аб «моўнай непаўнавартасці*» адносна ўсёй беларускай мовы і тых яе бакоў, што не ўпісваюцца ў класічны канон. Праз гэта, па-перш, пашыраецца прастора для дыскрымінацыі беларускай мовы і яе дыялектаў, выключаных з мовы як дадатак. А па-другое праз гэта ж пашыраецца сорам за мясцовыя гаворкі, якія існуюць у межах асобнай сям’і ці вёскі. Гэтую з’яву можна ўбачыць нават і зараз, калі мясцовыя ў вёсках гавораць пра «чыстую беларускую літаратурную мову» ў параўнанні са сваім мясцовым дыялектам. Пра такое стаўленне сведчыць і досвед дыялектолага Юрыя Чарнякевіча, які ездзіць па вёсках і збірае матэрыял для ўкладання дыялектычных атласаў.
* Моўная непаўнавартасць — гэта ўяўленне пра тое, што пэўныя мовы або дыялекты нібыта «менш паўнавартасныя», «менш развітыя» або «менш прыдатныя» для адукацыі, культуры і камунікацыі ў параўнанні з іншымі мовамі. Гэты стэрэатып заснаваны на забабонах і часта звязаны з гістарычным панаваннем адных моўных супольнасцей над іншымі і з’яўляецца інструментам культурнага і палітычнага кантролю.
Лукашэнка неаднаразова выказваўся пра беларускую мову грэбліва: «Люди, которые говорят на беларусском языке, не могут ничего делать, кроме как разговаривать на нем, потому что по-беларусски нельзя выразить ничего великого. Беларусский язык — бедный язык. В мире существует только два великих языка — русский и английский». За гады незалежнасці ў Беларусі імкліва памяншалася колькасць школьнікаў_ц, якія вучацца на роднай мове, а пасля 2020 года былі ліквідаваны і НДА, якія прасоўвалі беларускую мову.
Адносіны паміж беларускай літаратурнай мовай і дыялектна-народнай гутаркай на самой справе маюць не вертыкальнае іерархічнае, а гарызантальнае і часам паралельнае становішча.
Калі ўгледзецца ў тое, што існуе па-за прапісаным стандартам, то можна пабачыць, як мова ўбірае ў сябе шмат характарыстык і рысаў сацыяльна-рэгіянальнага характару і з’яўляецца хутчэй не акасцянелай сістэмай правілаў, а структурай зменлівай і цякучай пад уплывам шмат якіх абставінаў. І дыялектаў у тым ліку.
Таму падсумуем яшчэ раз, што пад мовай дакладней разумець сукупнасць усіх лакальных варыянтаў маўлення, дыялектаў, гаворак і іншых моўных асаблівасцяў і (не)стандартаў, існуючых як на пісьме, так і вусна.
Дыялекты ж з’яўляюцца не выключэннем з мовы, а яе разнавіднасцю і могуць уступаць з ёй ва ўзаемасувязь, змяняць ці адлучацца да яе ў асобную мікра-мову.
Дыялекты таксама маюць сваю арфаграфію, граматыку і лексіку і ўжываюцца на вызначанай тэрыторыі асобнай групай людзей, праз што і адлюстроўваюць лакальныя ідэнтычнасці.
Дыялекты ўзбагачаюць мову і граюць ключавую ролю ў захаванні яе разнастайнасці.
Як мы ўжо казалі, мова і дыялекты актыўна ўзаемадзейнічаюць і ўплываюць адзін на аднаго. Таму, дзякуючы дыялектам, мова мае вялікую колькасць варыяцый і характарыстык, якія паглыбляюць яе выразнасць і дадаюць новыя сэнсы. Напэўна, вы сустракаліся з тым, калі адна і тая ж рэч мае некалькі назваў праз дыялекты: напрыклад, заслон (у Акцябрскім раёне), перадок (у Крупскім раёне), зэдаль (у Радашковіцкім), услон (у Нясвіжскім). Тое ж самае з пацеркамі, дошкай і вялікай колькасцю іншых слоў.
Дыялекты — гэта не парушэнне мовы, а яе першапачатковая гнуткасць да зменаў і розных шляхоў існавання.
* Напрыклад, слова «лупаты» — у Пухавіцкім раёне ў сэнсе «вірлавокі», то бок з вялікімі лупатымі вачамі, а ў Лагойскім раёне ў сэнсе «грыбаты», той, у каго тоўстыя вусны.
Любы дыялект мае аднолькавае права на існаванне і ўжыванне, не мае асаблівай перавагі перад іншым. Калі ў двух рэгіёнах адное і тое ж слова мае розныя сэнсы*, гэта толькі падкрэслівае разнастайнасць іх ужывання і тое, што мова шырэйшая, чым яе нармаванае апісанне.
Дыялекты развіваліся стыхійна і рэгіянальна, часам у адрыве ад беларускай літаратурнай мовы, якая існавала ў гарадской прасторы, падалей ад сялянства. Спрыяла гэтаму адначасовая ізаляванасць сельскай мясцовасці, слабая камунікацыя ды доўгі шлях тэхналогій да вёсак, дзе лад жыцця быў прывязаны да заўсёдашняга сацыяльнага ўзаемадзеяння і побытавай гутаркі. Таму дыялекты былі з’явай рэгіянальнай і мелі асаблівую сувязь з мясцовасцю, іх развіццё было абумоўлена тымі падзеямі, што адбываліся на акрэсленай тэрыторыі ці побач з ёй.
Напрыклад, амаль усе тапонімы і назвы мясцінаў — гэта вынік менавіта дыялектнай мовы. Ёсць больш-менш агульныя назвы, якія можна сустрэць па ўсёй краіне: Дубрава, Забалоцце, Асіннікі. А ёсць і тыя, што паходзяць з імёнаў і прозвішчаў аднавяскоўцаў, напрыклад: Агеенкавы Кусты (зараснік на месцы былога хутара, в. Мішневічы) ці Камчэй (лес, дзе жыў леснік па мянушцы Камчэй, в. Сенькавічы), вёскі Вялікая Кракотка і Малая Кракотка (у першай пасяліўся старэйшы брат па прозвішчу Кракот, а ў другой — малодшы).
Вось гэта здаецца нам вельмі важным тэзісам — дыялекты з’яўляюцца жывой мовай, у якой ёсць свая прастора і час для існавання. То бок, будучы незафіксаванымі, яны могуць знікнуць, асабліва калі паміраюць апошнія носьбіт_кі, хто выкарыстоўваў_ла дыялект у паўсядзённым жыцці.
Гэта крохкая сувязь дыялектаў з тэрыторыяй адлюстроўвае штодзённасць жыхар_ак канкрэтнай вёскі, падзеі якой уплывалі на іх мову і ў будучыні дазвалялі выказвацца больш дакладна. Напрыклад, выразы, якія апісваюць спосаб вырошчвання ўраджаю ці занятак жывёлагадоўляй, маглі ператварацца ў метафары або прыказкі, зразумелыя толькі мясцовым жыхар_кам.
Праз сваю ізаляванасць і схаванасць дыялекты як найлепш захавалі ў сабе дынаміку развіцця культуры беларус_ак і адначасова засталіся адкрытымі для зменаў наперадзе. Працэс гэтай зменлівасці можна прасачыць нават і зараз па матэрыялах атласаў і слоўнікаў, па той колькасці моўнай рознакаляровасці, якая існуе паміж рэгіёнамі!
У гэтым дыялектным атласе можна ўбачыць, як адрозніваюцца лексічныя сродкі паміж вёскамі, якія знаходзяцца зусім блізка. (Лексічны атлас беларускіх народных гаворак, 1993–1998)
У прасторы дыялектаў і гаворак захоўваецца шмат культурных з’яваў — напрыклад, песенны фальклор ці абрадная традыцыя — каштоўнасць якіх не заўсёды разумеюць нават самі носьбіт_кі дыялектаў.
Калі інтымная і цесная сувязь з прасторай дазваляе захоўваць народную культуру, яна таксама захоўвае і тыя адносіны, сацыяльныя ролі, стаўленне да суполкі, звычаі і светапогляд, якія збіраюцца разам у ідэнтычнасць з дапамогай мовы. Гэта бачна не толькі ў выразах, і ў прымаўках, і ў народнай творчасці і фальклёру, але і ў паўсядзённай дыялектнай гутарцы захоўваецца стаўленне да бацькоў, продкаў, раслін і жывёл.
Дыялект — гэты таксама прыкмета і культурны код, якія гавораць самі па сабе, нават калі ты вымавіў усяго пару сказаў.
Праз дыялект жыхар_кі разумеюць таксама, свой ты ці прыехаў адкуль і як да цябе ставіцца ў размове. І тое, як ты будзеш адказваць, на якой мове ці дыялекце, з якімі націскамі ці лексікай, уплывае на стаўленне сельскіх жыхар_ак. Калі гэта літаратурная беларуская мова — гэта адначасова можа выклікаць і павагу, і падазронасць, маўляў, нейкі "гарадскі"/"вучоны«; калі гэта гутарковая мова, то гэта можа выклікаць цікавасць і трошкі супакоіць.
Ідэнтычнасць праяўляецца і праз тое, як мы гаворым паміж сабою, і праз тое, як па-іншаму гавораць з намі і ўспрымаюць нашую гутарку ў адказ.
Моўная разнастайнасць дазваляе пабачыць сусвет больш складаным, неаднародным і аб’ёмным, а таму стварае прастору для якіх заўгодна ідэнтычнасцяў. Калі ёсць магчымасць для існавання іншых культур, гаворак і побытавых назваў, то існуе таксама і вялікая колькасць праяваў жыцця.
Дыялекты вельмі добра адлюстроўваюць гэтую ўзаемасувязь паміж мовай і ідэнтычнасцю, якая ва ўсёй рознасці захавалася ва ўмовах ціску, гвалту і сацыяльна-палітычных зменаў у розных частках краіны. Знаёмства з дыялектамі вучыць і падказвае, што мова можа быць іншай і зусім не падобнай на тую, што мы вывучалі дагэтуль у школе.
Увага да дыялектаў і рэгіянальных асаблівасцяў маўлення, вывучэнне гаворак сваёй сям’і і вёсак дазваляе пазбавіцца стэрэатыпаў і застылых дыскрымінацыйных поглядаў наконт мовы, беларускай культуры і яе асаблівай сувязі з вясковай спадчынай. Калі ставіцца да дыялектаў з пяшчотай і цікаўнасцю, ствараецца прастора, у якой нараджаецца талерантнасць да лакальных ідэнтычнасцяў.
Па-першае, атласы дыялектаў! Ёсць два атласы, якія былі зроблены яшчэ на пачатку развіцця дыялекталогіі як паўнавартаснай навукі. Гэта «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963) і «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у пяці тамах (1993–1998). Абодва можна знайсці ў вольным доступе. Гэта база, але акрамя іх можна таксама азнаёміцца з працай Карскага «Беларусы» ў трох тамах, якая была напісана, калі Беларусь была яшчэ ў складзе Расійскай Імперыі ў 1903–1922 гг.
Па-другое, гэта слоўнікі і зборнікі — усё гэта ў агульным доступе ёсць на сайце philology.by. Там сабраны беларускі дыялектны лексікаграфічны фонд, які складаецца з усялякіх слоўнічкаў і зборнічкаў гаворак. Таксама на сайце асобна адабраныя матэрыялы па мікратапаніміцы дыялектаў з усіх абласцей. Таксама існуе сайт bydialects.org, на якім па дыялектных слоўніках можна шукаць асобныя словы ці выразы ды параўноваць.
Па-трэцяе, асобныя інтэрнэт-сайты і медыяпраекты. Ёсць сайт natatnik.by, асабліва раім іх ютуб-старонку, дзе шмат жывых інтэрв’ю і матэрыялаў робіцца з мясцовымі жыхар_камі і носьбіт_камі дыялектаў. Параім таксама дакументальны фільм Анлайнера «Гаворкі Беларусі».
Чацвёртае, інстаграм-старонкі! Праект Дзед Янкель расказвае пра культуру Палесся, збірае гаворкі і проста і даступна распавядае пра іх асаблівасці. Шмат цікавага пра гаворкі можна знайсці і на старонцы @bielaruskija_havorki — асноўная ўвага там прысвечаная збору і апісанню гаворак Барысаўскага павета.
Пятае і апошняе! Сучасныя кніжкі на дыялектах, канешне! Дарэчы, чытайце нашае інтэрв’ю з Голей з Ополя пра яе кніжку «Мое баба — Діректор морга», напісаную на палескай мікра-мове. На той жа палескай мове, на пінчуцкай гаворцы, напісана кніга вершаў і апавяданняў «Оньдэ» Аляксея Дзікавіцкага.