Персанальная выстава Хрысціны Высоцкай “Лекі ад меланхоліі” прысвечана Дню нараджэння непаўторнага беларускага паэта Максіма Багдановіча – тонкага, лірычнага і глыбокага рамантыка пачатку ХХ стагоддзя. Яго творы напоўнены пяшчотнай любоўю да жыцця, прыроды і сваёй радзімы.
“Лекі ад меланхоліі” – гэта разважанне Хрысціны пра прыгажосць мімалётных момантаў жыцця і невыпадковасць нават самых маленькіх здарэнняў. Як паэт у сваіх санетах захапляецца хараством абшараў палёў, цішынёй начнога неба над вёскай, шумнымі вуліцамі вялікага горада, так і мастак шукае прыгажосць у лініях і фактурах дрэў, у беларускіх туманах і італьянскай спякоце.
У хуткім рытме сучаснага свету чалавек штодзённа знаходзіцца ў рэжыме “дзеяння”. У гэтых жыццёвых варунках аднойчы надыходзіць момант перагарання і стомы, што можа перарасці ў хранічную абыякавасць, скептытызм і меланхолію. У такі момант ёсць магчымасць страціць адчуванне прысутнасці і дачынення да дадзенага месца і часу.
Выстава “Лекі ад меланхоліі” – гэта свайго роду “зборнік” твораў, што адлюстроўвае рэфлексію на здарэнні ва ўнутраным і знешнем свеце мастака. Хрысціна ўпэўнена, што мастацтва – гэта заўсёды “лек” як для аўтара, так і для гледача. Праз мастацкі твор наладжваецца сувязь паміж гледачом і мастаком, у выніку чаго адбываецца абмен энергіяй.
Хрысціна Высоцкая працуе ў накірунку мастацтва і дызайну тэкстылю. Аўтар раскрывае вобразы штодзённага жыцця ў творах тэкстыльнай скульптуры і арт-аб’екта, габелена, мастацкага роспісу і лічбавага друку на тканіне, а таксама ў эскізах з пленэраў.
Як і вершы Максіма Багдановіча, работы мастачкі вылучаюцца эмацыйнай трапнасцю і выкшталцонай выразнасцю.
Вернісаж выставы Хрысціны Высоцкай
“Лекі ад меланхоліі”
адбудзецца 4 снежня 2019 года а 18-й гадзіне
Літаратурны музей Максіма Багдановіча
г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 7а
тэл.: (017) 334 07 61, (017) 334 42 69