Галерэя сучаснага мастацтва "Ў" запрашае на персанальную выставу Юры Шуста "НЕАФІТ
Адкрыццё 7.11 а 19:00
Рэйв у межах адкрыцця а 21:00
Уваход вольны
"Калі рэкі свецяцца прывідным святлом і сонца на світанні гуляе, можна спасцігнуць мову раслін, звяроў і птушак. Аднак здольнасць бачыць будучыню і знаходзіць схаваныя скарбы свету будзе падаравана толькі вельмі смеламу чалавеку"…
Праект мастака Юры Шуста прысвечаны значэнню таямніцы і містэрыі ў жыцці маладых беларусаў. Асноўная відэапраца праекта "НЕАФІТ", заснаваная на аналогіі пошуку папараць-кветкі і наркатычнай закладкі, адлюстроўвае групу маладых людзей, блукаючых па лесе ў пошуках міфічнага шчасця.
Спалучаючы ў сабе архаічнае і постіндустрыяльнае, актуалізуючы сакральную ідэю ўключэння чалавека ў глабальную сістэму, праект з'яўляецца спробай выяўлення глыбіннай сувязі тэхналогіі і грамадства. У форме абсурднай антыўтапічнай казкі "НЕАФІТ" выкрывае сучасныя формы ўсюдыіснага і ўсёабдымнага кантролю і акцэнтуе жыватворчае імкненне да дэцэнтралізацыі.
Юра Шуст (1983 год, Маладзечна) – мастак, асноўная форма твораў – інсталяцыя, графіка, відэа. Выпускнік Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, Каралеўскай акадэміі мастацтваў і Вышэйшага інстытута мастацтва ў Генце. У сваіх працах акцэнтуе візуальныя коды і маркеры сучаснасці, даследуючы дух часу і магчымыя сцэнары развіцця будучыні.
Завітаць на выставу можна з 8 па 27 лістапада:
кожны дзень 12:00-21:00.
Квіткі:
дарослыя – 5 byn; студэнты – 3 byn; па клубных картках, для школьнікаў, пенсіянераў, людзей з інваліднасцю – уваход вольны.