Запрашаем на гарбату з амбасадарам Яе Вялікасці.
Амбасадар Яе Вялікасці, насуперак стэрэатыпам, п’е сваю гарбату на гадзіну раней за ўсіх астатніх брытанцаў – не ў 5 p.m, a ў 4. А колькі яшчэ стэрэатыпаў маем мы і брытанцы адносна адно аднаго? А гэта часам замінае ўсвядоміць, што ёсць насамрэч. У той жа час погляд звонку дазваляе нам лепей зразумець сябе, параўнаць з іншымі нацыямі, напрыклад, з брытанцамі, вызначыць нашыя падабенствы ды адметнасці.
Разбірацца ў тым, якой жа насамрэч ёсць Брытанія і якімі бачаць нас жыхары Аб’яднанага Каралеўства, і дапаможа шточацвер за кубачкам гарбаты амбасадар яе Вялікасці Брус Бакнэл. У сваім блогу амбасадар на роднай яму мове (відавочна, англійскай) ужо расказаў і пра тое, дзе заканчваецца Еўропа, і пра сваё бачанне грамадзянскай супольнасці, пра побытавыя рэчы і чалавечыя стасункі і яшчэ шмат пра што.
А з 24 кастрычніка шточацвер развагі і назіранні будуць з’яўляцца на сайце кампаніі “Будзьма беларусамі!” і па-беларуску ў спецыяльнай рубрыцы.
І першая “беларуская” развага – пра стрэс. Стрэс амбасадара ад экзамену. Цікава?
Тады чакаем шточацвер у рубрыцы “4 o’clock з Брусам Бакнэлам”. З усёй разважлівасцю сапраўднага брытанца і цеплынёй пачуццяў. Зусім такой, як кубак гарбаты.