4 o’clock з Брусам Бакнэлам: Вывучэнне мовы – націск і стрэс

Усё магло прайсці і лепей. Нягледзячы на тое, што я здаю экзамены ўжо шмат гадоў, гэтым разам я здолеў раззлавацца на самога сябе. Рэч у тым, што я забыў слова, якое вывучыў толькі за тыдзень да гэтага. Я дазволіў сябе паддацца стрэсу на экзамене па рускай мове.

Не трэба было гэтага рабіць. Якраз перад экзаменам Бі-Бі-Сі (сярод іншых брытанскіх СМІ) паведаміла пра вынікі аднаго даследавання. Высветлілася, што студэнты, якія хвалююцца перад экзаменамі, спраўляюцца з імі не так паспяхова як тыя, хто захоўвае спакой. Канечне, нашмат лягчэй сказаць: “Не хвалюйся і працягвай так надалей”, чым насамрэч не хвалявацца, асабліва калі ты на экзамене і час абмежаваны.

Я ведаю, што часцей за ўсё мы самі сябе заганяем у стан напружання, стрэсу; але некаторым, у тым ліку і мне, трэба трошкі напружыцца, каб штосьці зрабіць. І як чалавек, якому бракуе цярплівасці нават у дачыненні да самога сябе, я ведаю, што падчас шматгадзінных экзаменаў па замежных мовах пачуцці лепей трымаць пад кантролем.

Але экзамен па рускай мове – гэта зусім іншы ўзровень напружання. І тут я маю на ўвазе націск у рускіх словах. Я ўжо пісаў пра гэта і з таго часу значна палепшыў вымаўленне (хаця мог бы дасягнуць і большага, каб быў цярплівейшы).

Я хутчэй візуал, чым аудыял: каб запомніць слова, мне трэба яго ўбачыць. Аднак так здараецца не заўсёды, бо часам прачынаюцца мае музыкальныя вушы, і я “чую” слова вельмі выразна. Але калі я не магу адразу распазнаць гук, я пракручваю слова ў галаве і стараюся ўявіць літары. Гэта цудоўна працуе, калі час неабмежаваны. Таму экзамен – гэта іншая гісторыя.

Праблема рускай мовы ў тым, што ненаціскныя галосныя рэдукуюцца і вымаўляюцца па-іншаму. Асабліва яскрава гэта выяўляецца ў вымаўленні гука “о”, які, як на мае англійскія вушы, не пад націскам больш падобны да кароткага “а”.

З гэтага пункту гледжання беларуская мова больш зразумелая за рускую. Правілы вымаўлення не такія заблытаныя дзякуючы больш рэдкаму ўжыванню гука “о”. Я ўжо ведаю, што ён заўсёды пад націскам. Але і гэтае правіла не дапамагае, калі ў слове няма літары “о” – як, напрыклад, у слове “транспарт”.

На шчасце, па-за экзаменамі ніхто не забараняе мне карыстацца шпаргалкамі, каб палепшыць вымаўленне падчас прамоваў і інтэрв’ю, якія я даю па-руску, а таксама каб узбагаціць свой слоўнікавы запас трапнымі беларускімі выслоўямі. Пасля таго экзамену я з задавальненнем выступіў з чытаннем услых рускага перакладу ўрыўка з п’есы Шэкспіра: слухачам спадабалася.

Але ці маю я права скардзіцца на тое, як складана размаўляць па-руску, калі мая родная мова не фанетычная? Націск у англійскай мове другасны ў параўнанні з вымаўленнем. А разнастайныя правілы правапісу робяць вымаўленне англійскіх словаў, як любяць гаворыць мовазнаўцы, ідыясінкратычным.

І хаця націск у англійскай мове не мае такога значэння, як у рускай ці беларускай, часам толькі з дапамогай націску можна адрозніць два словы з аднолькавым правапісам. Вось некалькі карысных правілаў:

– калі ў слове два склады, то націск падае на першы ў назоўніках і прыметніках (PRESent) і на другі ў дзеясловах (presENT);

– падобна і ў складаных словах: на першы склад націск падае ў назоўніках (GREENhouse), а на другі – у дзеясловах (to photoGRAPH);

– галосныя ў апошніх складах знаходзяцца пад націскам перад часта ўжыванымі канчаткамі: deleGAtion, deMOcracy, phoTOgraphy.

Існуюць і словы з няўзгодненым вымаўленнем. Найлепшы прыклад – CONtroversy and contROVersy (і ў дадатак – прыметнік controVERsial). Мне здаецца, што жыхары поўначы Англіі ставяць націск на першы склад, а жыхары поўдня – на другі.

Замежнымі мовамі асабліва цікавіцца міністр замежных справаў Вялікабрытаніі. Ён зрабіў вывучэнне моваў прыярытэтам для брытанскіх дыпламатаў і зноў адкрыў моўны цэнтр у галоўным будынку МЗС у Лондане. Тым, хто гаворыць па-руску, будзе прыемна даведацца, што бібліятэка цэнтра носіць імя Тоні Бішапа – мовазнаўцы і перакладчыка рускай мовы, які працаваў у міністэрстве.

Не магу ўявіць, як бы спадар Бішап адрэагаваў на мой здзек з рускай мовы. Магу толькі сказаць, што, нягледзячы на ўсе мае запінкі і замінкі, большасць слухачоў надзіва талерантна ставіцца да маіх спробаў размаўляць на мове Пушкіна, Талстога і Чэхава.

Таму на наступным экзамене – а ён абавязкова будзе – я пастараюся не забыць, што павінен

Захоўваць спакой і працягваць так надалей.

Сохранять спокойствие и продолжать в том же духе.

Keep calm and carry on.

Брус Бакнэл

Амбасадар Яе Вялікасці Брус Бакнэл чытае ўрывак з “Венецыянскага купца” Уільяма Шэкспіра на англійскай, рускай і беларускай мовах.