Гародня – горад заўжды не такі, як усе. Вось і “Кірмаш праектаў”, што не першы раз ладзіцца ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, прайшоў у Нёманскай сталіцы ў незвычайнай форме. Травеньская сустрэча адбылася ў фармаце “два ў адным”: гэтым разам кароткія, “маланкавыя”, прэзентацыі канструктыўных прапаноў для культуры былі дапоўнены публічнай дыскусіяй пра тыя партнёрскія сувязі, якія мы маем і можам мець паміж культурніцкімі мэнэджарамі.
Вядоўцы імпрэзы – Хрысціна Марчук і Аляксей Шота павіталі ўсіх прысутных і распавялі пра мэту Кірмашу – дапамогу ў праявах ініцыятывы тым, хто апантаны не толькі сваімі ідэямі, абмен кантактамі між культрэгерамі, што шукаюць партнёраў для рэалізацыі праектаў і якія змогуць разам зрабіць унёсак у паляпшэнні культурнага жыцця горада.
І сапраўды, блізу паўсотні гарадзенцаў не паленаваліся прыйсці, каб абмеркаваць ідэі сваіх калег, ды спрычыніцца да паляпшэння гарадскога жыцця (адны ўдзельнікі сустрэчы прадстаўлялі праекты, іншыя — ацэньвалі прапановы).
— Слоган “Культура Паляпшае Жыццё” – квінтэсэнцыя дзейнасці кампаніі за 5 гадоў. Мы зразумелі, што менавіта такі слоган найбольш адпавядае нашым мэтам. 60 працэнтаў беларусаў лічаць, што культура паляпшае жыццё, але траціна не можа сказаць, як іменна. Культура – гэта усё тое, што вакол нас, тое як мы ставімся адно да аднаго. Цяпер, калі культура талакі была ў грамадстве беларускім перарваная мы імкнемся такую традыцыю вярнуць і разам абмеркаваць ідэі для паляпшэння жыцця ў Гародні, — павітала прысутных каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алена Макоўская.
Былі прадстаўлены наступныя праекты:
— Таццяна Касатая – грамадская ініцыятыва “Варштат ідэй” (аналаг Кірмаша праектаў)
— Ігар Кузьмініч – “Беларуская Елачка для дзяцей і іх бацькоў” і “Гарадзенская Школа Калядаў”
— Вольга Астроўская – “Родная мова для дзетак-беларусаў”, метадычны дапаможнік
— Андрэй Мялешка – Encounter, гарадская гульня
— Інга Сакута – праект “Постаці”
— Алеся Бяленік – “Гарадзенскі паэтычны слэм”
ГЛЯДЗЕЦЬ ПРЭЗЕНТАЦЫІ ЎСІХ ПРАЕКТАЎ
Пасля прадстаўленых праектаў і іх даволі бурнага абмеркавання і кароткай кава-паузы мерапрыемства перайшло да плану Б, чаканага ток-шоў. Абмеркаванне праходзіла пад дэвізам “Культурніцкае асяроддзе Гародні: чым мы можам быць карысныя адзін аднаму?». Трэба пазначыць, што гутарка сталася даволі бойкай і ў ёй актыўна ўдзельнічалі усе прысутныя, але не толькі “прэзідыум” спікераў, які склалі Яўгенія Рамановіч – акторка гарадзенскага лялечнага тэатра, удзельніца танцавальнай кампаніі “NAЧALO”, Міжнароднай школы капаэйры “Ficag”, Таццяна Касатая – гісторык, адна з каардынатараў грамадскай ініцыятывы “Варштат ідэй”, Васіль Калач – аніматар, суарганізатар фестывалю “Таямніцы гарадзенскіх вуліц” ды Пётра Клюеў – музыка, дырэктар хостэла “Sky”, прадпрымальнік.
Лейтматывам гутаркі сталі магчымасці і цяжкасці існавання культурніцкіх праектаў, якія “было б цікава рабіць не за грошы”. Пётра Клюеў расказаў пра вялікую запатрабаванасць свайго хостэлу, датычна арэнды памяшканняў для грамадскіх ініцыятываў і падкрэсліў, што ідэі ўжо даўно перапаўняюць і рэгіянальнае і сталічнае жыццё, але не заўжды ім хапае нават памяшканняў для сустрэч, не кажучы пра болей маштабныя праблемы.
Таццяна Касатая параўнала рэаліі супрацы з дзяржаўнымі і недзяржаўнымі ўстановамі ды расказала пра досвед працы з музеямі і арганізацыю “Ночы Музеяў”. “За тры гады дзейнасць музеяў стала болей шчыльнай, распісанай на паўгады наперад. Раней такога не было і гэта радасна, бо бачна што пасля Ночы Музеяў запатрабаванасць музейных установаў значна павысілася”. Пра складанасці сваіх мерапрыемтсваў расказалі Васіль Калач і Яўгенія Рамановіч.
Гарачай кропкай размовы стала параўнанне таго “з кім прасцей дамовіцца: з чыноўнікамі ці прыватнымі гульцамі культуры ды валанцёрамі”. На карысць мясцовых прыватных галерэяў і ўстановаў, дзе можна зладзіць культурніцкую акцыю, быў фактар хуткасці і “незаваленасці” дадатковымі паперамі, якія часта закліньваюць супрацу таленавітых артыстаў і зацікаўленых у ідэі чыноўнікаў.
“Вада камень точыць” – падсумавала каарданатарка кампаніі “Будзьма!” Ніна Шыдлоўская, падтрымаўшы прапанову Пётры Клюева аб тым, што варта “фарсіраваць падзеі да такой ступені, каб кавярні і выканаўцу хапала адной дамовы для правядзення канцэрту”. На гэтым талака Кірмашу праектаў, самая лаканічная з усіх, што адбыліся, перайшла да развітальных размоваў аб тым, як аб’яднаць “архіпелаг Беларусь” і пачаць з таго, каб узяць за звычку хадзіць на мерапрыемствы адно аднаго.
www.budzma.org, фота – Аляксандар Ждановіч
Чытайце таксама:
Ток-шоу “Культурная афіша: змест, эфект і адметнасці” прайшло ў Гродна
“Кірмаш праектаў” у Гомелі: пешаходная вуліца, арт-вёска і сцяна жаданняў
Адбыўся “Кірмаш праектаў” для праграмы “Магілёў – культурная сталіца СНД і Беларусі”
“Кірмаш праектаў” у Віцебску. Чалавек. Культура. Горад.