Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) запрашае фатографаў і аматараў дзікай прыроды на зімовыя спаборніцтвы па фатаграфаванні птушак.
Гэта другі зімовы Чэмпіянат па фотабёрдынгу і, як і год таму, удзельнічаць у спаборніцтвах магчыма ў любой кропцы Беларусі.
Што трэба рабіць?
Знайсці партнёра ў каманду ці падрыхтавацца ўдзельнічаць самому (самой).
Падсілкаваць батарэі да свайго суперзума ці камеры з добрым аб’ектывам.
Фатаграфаваць розныя віды дзікіх птушак у прыродзе!
Каб перамагчы ў чэмпіянаце, трэба 26 студзеня за 5 гадзін – з 10.00 да 15.00 – наздымаць як мага больш розных відаў птушак.
За кожны від налічваюцца балы. За правільна вызначаны від удзельнік атрымлівае 3 балы, за нявызначаны або вызначаны няправільна від – 2 балы. Разабрацца, якую птушку вы злавілі ў кадр, вам дапамогуць анлайн-вызначальнік або мабільны дадатак.
Як фатаграфаваць птушак узімку? Вось некалькі парадаў.
Падрабязныя правілы чэмпіянату, а таксама чэк-лісты індывідуальнага ўдзельніка або каманды можна спампаваць на сайце АПБ.
Як запісацца на чэмпіянат?
Спампаваць форму простай заяўкі, запоўніць яе і даслаць на адрас [email protected].
Заяўкі прымаюцца да 17.00 пятніцы 24 студзеня.
Можна ўдзельнічаць індывідуальна або ў камандзе з двух чалавек.
Удзел у чэмпіянаце бясплатны. Чэмпіянат адкрыты і для ўдзельнікаў з іншых краін.
Па выніках будуць вызначаныя пераможцы і прызёры, таксама асобна будзе абраны найлепшы здымак. Як і на папярэдніх спаборніцтвах, журы можа ўвесці дадатковыя намінацыі і адзначыць яшчэ некалькі цікавых фота або ўдзельнікаў. Пераможцы атрымаюць прызы на з’ездзе АПБ 8 лютага або па пошце.
Сямён Левы, каардынатар чэмпіянату: "Наш досвед паказаў, што фармат чэмпіяната, калі мы не збіраем удзельнікаў у адным месцы, найбольш папулярны. Год таму было сто ўдзельнікаў. Вельмі спадзяемся, што і цяпер спаборніцтвы шмат для каго будуць цікавымі. Фатографы самі змогуць абраць маршрут і тактыку. Дазваляецца выкарыстанне аўтамабіляў. Менавіта добра падабраны маршрут будзе вырашальным у спрэчцы за прызавыя месцы."
Падчас першага Зімовага чэмпіянату па фотабёрдынгу ўсе ўдзельнікі сфатаграфавалі за 5 гадзін 86 відаў птушак – і гэта быў рэкорд чэмпіянатаў. У кадр трапілі такія рэдкія на зімоўцы віды як лебедзь-клікун, качка-шылахвостка, вялікая коўра, белалобая гусь, рагаты жаўрук, нырок-плёсаўка і попельная чачотка.
Запісвайцеся на чэмпіянат, удзельнічайце сям’ёй, шукайце птушак і рабіце ўдалыя кадры!