Незагоеныя раны. Дзень памяці і прымірэння ці Дзень перамогі?

Толькі створаны Беларускі інстытут публічнай гісторыі адразу ўступіў на палемічную пляцоўку: «выбар адной з версій камемарацыі перамогі над нацыстамі таксама выступае як адзін з маркераў цывілізацыйнага выбару — з кім мы адзначаем гэтую дату, ці то з Еўрапейскім Звязам, ці то з Рэспублікай Беларусь і Расейскай Федэрацыяй?»


«Беларускі інстытут публічнай гісторыі» — грамадская арганізацыя, заснаваная ў Польшчы беларускімі гісторыкамі, што апынуліся ў эміграцыі і вырашылі пачаць навукова-асветніцкую дзейнасць. Пра пачатак дзейнасці інстытуцыі было абвешчана днямі.

Першым публічным мерапрыемствам з удзелам БІПГ стала дыскусія, суарганізатарамі якой выступілі Цэнтр даследванняў генацыду і супраціву жыхароў Літвы і публічная ўстанова «Формула чалавечнасці», пад назвай «Дата 9 мая ў жыцці беларусаў». Мерапрыемства адбылося ў Вільні 8 мая.

8-9.05.jpg

У сваім тэлеграм-канале Беларускі інстытут публічнай гісторыі прадставіў меркаванні гісторыкаў наконт мемарыяльнай даты.

«Безумоўная капітуляцыя нацысцкай Германіі перад саюзнікамі была падпісаная двойчы, другі раз — па патрабаванні савецкага боку. З гэтага часу нарадзіліся дзве даты, калі адзначаць перамогу над нацыстамі — ці то 8 мая (версія ЗША і Брытаніі, якая пашырылася ў еўрапейскай супольнасці) як Дзень памяці і прымірэння, ці то 9 мая, як Дзень Перамогі ў Савецкім Саюзе. Хоць з часу вайны мінула ўжо шмат год, па-ранейшаму яна вызначае гістарычную памяць большай часткі свету, і спрэчкі пра яе паказваюць на незагоеныя раны, — адзначаюць у БІПГ. — І для постсавецкіх краін выбар адной з версій камемарацыі (спосабу, з дапамогай якога ўмацоўваецца і перадаецца памяць пра мінулае) перамогі над нацыстамі таксама выступае як адзін з маркераў цывілізацыйнага выбару — з кім мы адзначаем гэтую дату, ці то з Еўрапейскім Звязам, ці то з Рэспублікай Беларусь і Расейскай Федэрацыяй? Асабліва вострым гэта пытанне стала пасля пачатку паўнавартаснай расейскай агрэсіі ва Украіне, якая таксама мімікрыравала пад «барацьбу з нацызмам» і шмат у чым выкарыстоўвае савецкую сімволіку Вялікай Айчыннай вайны. Але як гэты выбар асэнсаваць для Беларусі? Ці можам мы ставіць гэта пытанне, калі грамадства разарванае на часткі палітычнымі рэпрэсіямі і эміграцыяй?»

Алесь Смалянчук
Алесь Смалянчук. Фота з асабістай старонкі Фэйсбук

Алесь Смалянчук, доктар гістарычных навук, прафесар Інстытуту славістыкі Польскай Акадэміі навук:

«Беларускі народ не адчуў перамогі. Вялікімі намаганнямі людзей, іх крывёй і жыццём была дасягнутая перамога над нацысцкай Германіяй, але яе вынікі былі скрадзеныя ўладамі, якія яшчэ больш умацавалі таталітарны сталінскі рэжым. Людзі нават не адчулі, што перамаглі».

Аляксей Братачкін
Аляксей Братачкін, фота: Heide Fest

Аляксей Братачкін, навуковы супрацоўнік кафедры публічнай гісторыі Гістарычнага інстытута Фернуніверсітэта (Хаген, Германія):

«Я згодзен з думкай пра тое, што мы (прынамсі тыя, хто нарадзіўся ў 1970-х) жылі ў паваенным свеце, які зараз разбурылі. Пасля «аксамітавых рэвалюцый», падзення Берлінскай сцяны і распаду СССР здавалася, скончылася сітуацыя, якая вынікала з Другой Сусветнай вайны, скончыўся ваенны і паваенны гвалт у Еўропе. Аднак гэты аптымізм стаў паступова згасаць, бо Еўропа сутыкнулася з новымі праблемамі, новым гвалтам, хоць і значна меншага масштабу. Кожны раз гэты гвалт (прыкладам, у былой Югаславіі) спрабавалі ўрэгуляваць і спыніць.

Нейкі час пасля фіналу СССР 9 траўня святкавалі як дзень, калі мы адчувалі сапраўдны цень вайны, і ніхто не хацеў нічога «паўтарыць». Але сёння, і ўжо дастаткова доўгі час, мы бачым мілітарызацыю памяці пра вайну (перадусім сярод палітыкаў у Расіі, і, на жаль, у Беларусі), маніпуляцыі, якія злучаны з гэтай памяццю і пачатак новай вайны.

Мне здаецца, што вайна ва Украіне — гэта злачынства супраць належнай памяці пра Другую Сусветную вайну. Думаю, што ва ўсіх павінен быць выбар, які дзень яны святкуюць, 8 траўня і/ці 9 траўня. Але вельмі хочацца, каб гэты выбар быў асэнсаваным, накіраваным да міру, а не цынічным выкарыстаннем памяці пра вайну».

Андрэй Радаман
Андрэй Радаман

Андрэй Радаман, гісторык дзяржавы і права Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і Беларусі, дактарант Беластоцкага ўніверсітэту:

«Для людзей стан вайны скончыўся тады, калі скончыліся баявыя дзеянні на іх зямлі. Для тых, хто жыў у Менску, — 3 ліпеня 1944 года, для тых, хто жыў у Брэсце, — 28 ліпеня 1944. Кожны грамадзянін Беларусі, якому дарагая памяць пра сваіх дзядоў, павінен ведаць усе даты. Іншая справа, калі мы гаворым пра святкаванне Дня перамогі менавіта над нацыскай Германіяй [ІІІ Райхам], менавіта ў Еўропе, а не пра дату заканчэння Другой сусветнай вайны. То, безумоўна, трэба святкаваць дату 8 траўня 1945 года — гэта дзень, калі быў падпісаны акт капітуляцыі».


Алесь Пашкевіч, Фота з асабістага архіву

Алесь Пашкевіч, кандыдат гістарычных навук: «Прычына таго, чаму на большай частцы постсавецкай прасторы адзначалі і адзначаюць дзень перамогі над нацысцкай Германіяй не 8 мая, як ва ўсім іншым свеце, а на дзень пазней, не толькі тэхнічная: у гэта закладзены глыбокі ідэалагічны сэнс.

Саюзніцтва паміж таталітарным СССР і заходнімі дэмакратыямі растварылася ў паветры адразу пасля таго, як зніклі агульныя ворагі. У савецкай інтэрпрэтацыі перамогі дасягнутая яна была савецкім народам ледзь не аднаасобна, заходнія саюзнікі добра калі не заміналі. І розніца ў датах канчатковай капітуляцыі Германіі добра клалася ў агульную канву.

За гады савецкай улады святкаванне Дня перамогі менавіта 9 мая стала традыцыяй. І, магчыма, нічога шкоднага ў гэтым не было б, каб Расея з прыходам да ўлады Пуціна не вярнулася на рэйкі аднаўлення імперыі, а непераасэнсаваная савецкая канцэпцыя не стала адным з нарожных камянёў для культывавання імперскай пыхі ў звыродлівай форме «победобесия» і «можем повторить».

У Беларусі ад самага прыходу Лукашэнкі да «Вялікай Перамогі» таксама прызвычаіліся апеляваць для апраўдання самых адыёзных дзеянняў, тым самым памяць пра вайну ў гэтай форме дашчэнту дыскрэдытавалі. У ёй усё забіў панылы афіцыёз.

І з гэтым ужо нічога не зробіш. Калі 30 ці нават 20 гадоў таму яшчэ можна было спадзявацца, што савецкая канцэпцыя «Вялікай Айчыннай» можа з часам эвалюцыянаваць у нешта больш прыстойнае, то цяпер такіх ілюзій захоўвацца не павінна.

Памяць пра Другую сусветную вайну і яе ахвяры мусіць намі захоўвацца, але яе савецкая форма, скіраваная на супрацьпастаўленне заходняму свету, у новых умовах павінна быць абавязкова дэмантаваная. І чым хутчэй пазбавяцца ад ілюзій тыя, хто на гэты конт іх яшчэ захоўвае — тым лепей».

Аляксей Ластоўскі
Аляксей Ластоўскі, фота з асабістай старонкі Фэйсбук

Аляксей Ластоўскі, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту публічнай гісторыі, кандыдат сацыялагічных навук:

«Цалкам магчыма так, што могуць суіснаваць розныя мадэлі памяці ў межах адной палітычнай нацыі. Я б заклікаў да такой мадэлі плюралізму камемарацый — не навязваць, як трэба, а даваць людзям магчымаць шукаць свой шлях і адзначаць свята ў той традыцыі, якая ім больш характэрная. Няма сэнсу заклікаць забараняць людзям святкаваць Дзень перамогі 9 мая, але таксама было б добра, каб пашыралася традыцыя адзначаць Дзень памяці і смутку. І гэтыя дзве версіі памяці могуць суіснаваць».

Чытайце неўзабаве на нашым сайце гутарку з кіраўніком Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксеем Ластоўскім.

Рыгор Сапежынскі, Budzma.org

Чытайце яшчэ:

Аляксандр Пашкевіч: Сёння ў Каліноўскага няма шанцаў застацца станоўчай фігурай у беларускай сістэме адукацыі