«Як высьветлілася, некаторыя партызаны палілі беларускія вёскі ня горш за гітлераўцаў, заградатрады расстрэльвалі тых, хто ў баі ня вытрымаў і павярнуў назад, а савецкія генэралы не лічыліся з колькасьцю стратаў, абы «выканаць задачу»». Лявон Вольскі піша пра тое, як ламаліся камуністычныя ідэалы пра Вялікую Айчынную, і ў што ператвараецца святкаванне Дня Перамогі ў сённяшняй Беларусі.
Перамога. Вялікая Перамога. Мы перамаглі фашыстаў. Гераічна, самааддана і бязьлітасна змагаліся зь імі. Ратавалі сьвет. Біліся з абсалютным злом. І цяпер адзначаем чарговую дату нашай Перамогі...
Лявон Вольскі. Фота з асабістага архіва
Як разбураліся камуністычныя ідэалы
Падчас перабудовы, якая пачалася ў другой палове 80-х гадоў мінулага стагоддзя, на насельнікаў СССР абрынулася бездань інфармацыі. У асноўным непрыемнай. І нечаканай. Вось ты верыў у камуністычныя ідэалы (былі ж, відаць, і такія людзі), а табе зьнянацку распавядаюць пра тое, што Сталін — забойца мільёнаў людзей, Ленін — ідэоляг чырвонага тэрору, Дзяржынскі — кат, а апошняя вялікая вайна, пра якую зьнялі безьліч фільмаў, і ты глядзеў іх з самага дзяцінства, выявілася далёка не такой, як у савецкім кіно.
Як высьветлілася, некаторыя партызаны палілі беларускія вёскі ня горш за гітлераўцаў, заградатрады расстрэльвалі тых, хто ў баі ня вытрымаў і павярнуў назад, а савецкія генэралы не лічыліся з колькасьцю стратаў, абы «выканаць задачу».
Потым ты даведаўся, як паводзіліся савецкія ваяры-вызвольнікі на ачышчаных ад «карычневай чумы» тэрыторыях — ад Польшчы да Аўстрыі. Мякка кажучы, не зусім так, як табе распавядалі ў школе. Там казалі, што немцы — тыя зьверствавалі па-страшнаму, не шкадавалі ні старых, ні дзяцей, а вось нашыя, савецкія жаўнеры, яны дзейнічалі зусім па-іншаму — і дзяцей у заваяваным Бэрліне палявой кашай харчавалі, і старых праз дарогу пераводзілі. А высьветлілася, што «нашыя» не асабліва стрымліваліся на вызваленых землях. Што хацелі, тое й рабілі. І зь дзецьмі, і з жанчынамі.
Культ Вялікай Айчыннай суцішыўся
Народ сьцяўся. А як жа вобраз савецкага ваяра-вызвольніка зь нямецкай дзяўчынкай на руках? Як жа «прашу лічыць мяне камуністам» перад сьмяротным боем? Як жа палітрук Клачкоў, гэта што, усяго толькі пастановачнае фота? Плён савецкіх прапагандыстаў?
Помнік савецкаму ваяру-вызвольніку ў Берліне. Фота з Вікіпедыі
Культ Вялікай Айчыннай на час суцішыўся. Калі я напісаў песьню «Партызанская», дык на тых партызанаў ужо амаль забыліся. Бо пачнеш, як раней: «Беларусь — партызанская рэспубліка», а хто яго ведае, якіх партызанаў ты маеш на ўвазе — савецкіх, што з Масквы закінулі ў тыл ворага? Ці то Армію Краёву? Ці габрэйскіх? Ці бандзюкоў, якія партызанкай прыхоўвалі рабаўніцтвы й забойствы? Ці, можа, якіх антысавецкіх лясных братоў? Лепей, карацей, гэтую тэму не кранаць.
Усё вярнулася
Але вось — ківач гісторыі хіснуўся яшчэ раз — і ўсё вярнулася. Нягеглыя Дошкі гонару, суботнікі, патрыятычная песьня, палітінфармацыі, гераічная велічная Айчынная вайна і «песьні партызан, сосны ды туман».
Яно вярнулася, але, як шмат што ў цяперашняй РБ — у выглядзе бліскучай абгорткі, пад якой няма цукеркі. Ці то парафінавага яблыка, які малююць мастакі-пачаткоўцы — выглядае падобна да натуральнага, але ўнутры — непрыемная субстанцыя.
Цікавостка ў тым, што ўсе ведаюць пра гэтыя рэчы — пра СМЕРШ, «мясныя штурмы», партызанаў-марадэраў — і ўлада, і народ. І робяць выгляд, што гэтага не было. Атрымліваецца не асабліва пераканаўча. І тады дзеля, відаць, асаблівае пераканаўчасьці, прымаюцца законы супраць «рэабілітацыі нацызму» і цяпер, калі ты нешта скажаш пра «неадназначнасьць» партызанскага руху і асабліва іхніх паказальных акцыяў, пасьля якіх карнікі жорстка каралі ўсіх без разбору, дык за гэта цябе могуць ізаляваць ад патрыятычна настроенага грамадзтва на некалькі гадоў. Тое ж будзе за любы адыход (крок улева — крок управа!) ад савецка-патрыятычна-гераічнага ваеннага шаблёну.
Зноўку пра мірнае неба над галавой
І зноўку, як заўжды ў гэты дзень, адказная асоба надзене парадную форму, ускараскаецца на высокую трыбуну і прамовіць, што з тэрыторыі Беларусі ніхто ні на каго не нападзе (нібыта не было лютага 22-га году!) і пра мірнае неба над галавой (хаця табе прывезьлі ядравую зброю і ўжо таму краіна можа зрабіцца мішэньню для тых, каму ты пагражаеш).
Фотасесія ў дзіцячым садку ў Хойніцкім раёне. Фота: homeldays.org
А ў народа, бадай, чарговая нагода зьезьдзіць на лецішча і адпачыць ад штодзённай рэчаіснасьці. Той самай, дзе ўсё гэта — шчасьлівыя ўпэўненыя ў заўтрашнім дні твары, дзіцячы сьмех і мірнае неба над галавой.
Лявон Вольскі, Budzma.org
Чытайце яшчэ: Незагоеныя раны. Дзень памяці і прымірэння ці Дзень перамогі?