13 лютага 2024 года ў 17.30 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа пачне сваю працу часовая экспазіцыя з фондаў музея «...Чаго варты стары Талаш?», прымеркаваная да 90-годдзя выхаду з друку аповесці Якуба Коласа «Дрыгва» і 180-годдзя з дня нараджэння В. І. Талаша.
Дата: 13 лютага
Час: 17.30 (час адкрыцця экспазіцыі, час мясцовы)
Месца: вул. Акадэмічная, 5, г. Мінск
«Летам 1932 г. была наладжана экспедыцыя трох Акадэмій навук — Усесаюзнай, Украінскай і Беларускай для шырокага навуковага вывучэння паўднёвых раёнаў Савецкага Палесся. Расказ старога партызана аб яго баявой дзейнасці сумеснай з Чырвонай Арміяй быў перададзены мне. Расказ гэты мяне дужа зацікавіў, і я палажыў яго ў аснову сваёй аповесці «Дрыгва», — так піша сам Якуб Колас пра гісторыю напісання аповесці.
Прататыпам галоўнага героя аповесці з’яўляецца рэальны персанаж — Васіль Ісакавіч Талаш, актыўны ўдзельнік партызанскага руху ў час савецка-польскай вайны, які ў гэтым годзе адзначыў бы 180-гадовы юбілей. Васіль Ісакавіч быў асабіста знаёмы з Якубам Коласам і Заірам Азгурам.
Аповесць Якуба Коласа «Дрыгва» — адзін з самых знакамітых твораў беларускай літаратуры, упершыню была апублікавана ў 1934 годзе, была перакладзена на казахскую, кітайскую, латышскую, літоўскую, малдаўскую, нямецкую, польскую, румынскую, рускую, таджыкскую, узбекскую, украінскую, яўрэйскую — усяго на трынаццаць моў, так шмат не перакладалі ніводны іншы твор Якуба Коласа.
Аповесць «Дрыгва» мае сваю тэатральную гісторыю, у 2012 годзе атрымала сваё экраннае ўвасабленне, над вобразам дзеда Талаша шмат працавалі мастакі. З-пад рук славутага скульптара Заіра Азгура выйшлі бюсты дзеда Талаша, скульптурная група па аповесці «Дрыгва» на плошчы Якуба Коласа.
Часовая экспазіцыя «...Чаго варты стары Талаш?», падрыхтаваная сумесна з Домам-музеем дзеда Талаша, Мемарыяльным музеем-майстэрняй Заіра Азгура, пазнаёміць наведвальнікаў з гісторыяй напісання і выдання твора, з візуальнымі інтэрпрэтацыямі твора і галоўнага героя і з асобай Васіля Ісакавіча Талаша.
Падчас прэзентацыі вас чакае куратарская экскурсія па экспазіцыі, тэматычная фотазона, інтэрактыўнае паглыбленне ў часы дзеда Талаша ад ВГР «Нашчадкі».
Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02