Перакладчык Томас Вайлер (Thomas Weiler) у інтэрв’ю budzma.org распавёў, чаму яму здавалася важным, каб праз 50 год пасля з’яўлення арыгіналу «Я з вогненнай вёскі» кніга нарэшце выйшла па-нямецку. А таксама падзяліўся думкамі пра сучасную беларускую літаратуру, складанасці яе перакладу і ўзровень цікавасці да Беларусі на Захадзе.
Вокладка кнігі «Я з вогненнай вёскі» па-нямецку. Фота: © Aufbau Verlag
— Я прачытаў, што вы пазнаёміліся з Беларуссю ў 1998 годзе, калі прыехалі ў Мінск і праходзілі ў якасці валанцёра альтэрнатыўную службу ў «Навінках». Але тады вакол панавала руская мова. Калі і чаму вы вывучылі беларускую?
— У Беларусь я ўпершыню патрапіў яшчэ ў 1996 годзе. Але вы ўсё слушна зразумелі: я вывучыў беларускую мову толькі пасля заканчэння альтэрнатыўнай службы, у Ляйпцыгскім універсітэце. Да сёння вывучаю яе, чытаючы, перакладаючы. Толькі пасля вяртання ў Нямеччыну я зразумеў, што шмат чаго ў Мінску ўпусціў менавіта таму, што не размаўляў тады па-беларуску ці не(дастаткова) зацікавіўся беларускамоўнай культурай. У сваім эсэ «Аб Мінсках і мадленках», якое можна прачытаць таксама ў беларускім перакладзе, больш падрабязна растлумачыў гэты момант.
Томас Вайлер. Фота: ©Anja Kapunkt
— Наколькі я ведаю, вы таксама працуеце перакладчыкам з рускай і польскай моў. Чым, на ваш погляд, адрозніваецца беларуская літаратура ад рускай і польскай?
— Мне складана знайсці трапны адказ на гэтае пытанне. Складана абхапіць цалкам хаця б адну з тых літаратур. Ужо з нямецкай літаратурай не спраўлюся ніяк. Але я заўважыў, што беларуская літаратура надзвычай часта разважае пра праблемы мовы ці ўлады. Спосабы разважання пры гэтым вельмі розныя. Што добра!
— Што, на ваш погляд, беларусам трэба зрабіць, каб іх літаратуру больш шырока чыталі ў Еўропе?
— Я не ўпэўнены, ці могуць беларусы зрабіць так шмат у дадзеным кірунку, можа і не трэба. Калі хочаш быць шырока чытаным, пішы дэтэктывы альбо фэнтэзі. Мы, чытачы з Заходняй Еўропы, мусім зацікавіцца гэтак званымі «малымі» літаратурамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Мы, перакладчыкі, мусім працаваць на высокім узроўні, каб выдаўцы і рэдактары ўбачылі высокую якасць тэкстаў. Беларускім выдаўцам трэба зразумець, як працуе тутэйшы літаратурны рынак. Інакш немагчыма звярнуць увагу на свой тавар. Няхай беларускія пісьменнікі не пішуць пад уяўнага чытача з Захаду, нічога добрага з гэтага не выйдзе.
Кнігі беларускіх аўтараў, перакладзеныя на нямецкую Томасам Вайлерам. Фота: © Droschl Verlag, © edition.fotoTAPETA, © Voland&Quist
— Ведаю, што вы перакладалі кнігі сучасных беларускіх пісьменнікаў (Віктара Марціновіча, Вольгі Гапеевай, Артура Клінава і г. д.). За пераклад рамана Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» нядаўна атрымалі прэмію Паўля Цэляна. А чаму вы і выдавецтва ўзяліся за пераклад кнігі пра Другую сусветную вайну «Я з вогненай вёскі»?
— Рэдактар выдавецтва «Аўфбаў» (Aufbau Verlag) звярнулася да мяне з пытаннем, якія творы беларускай літаратуры ім варта разгледзець. У выдавецтве «Аўфбаў» яшчэ ў часы ГДР выйшлі нямецкія пераклады Адамовіча: Stätten des Schweigens («Хатынская повесть»), пераклад з рускай Хайнца Кюбарта (Heinz Kübart)) у 1974 годзе, Henkersknechte («Каратели»), пераклад з рускай Томаса Рэшке (Thomas Reschke) у 1982-м.
А ў 2018 годзе тут жа выйшла дапоўненая версія Blockadebuch («Блокадная книга»), пераклад з рускай Рупрэхта Вільнова (Ruprecht Willnow) і Хельмута Этынгера (Helmut Ettinger).
Я ведаў статус кнігі «Я з вогненнай вёскі...», ведаў, натуральна, «Иди и смотри» Клімава, ведаў выказванні Святланы Аляксіевіч пра тое, які ўплыў Адамовіч меў на яе як настаўнік і якую ролю адыграла менавіта кніга пра вогненныя вёскі. Мне здавалася важным, каб нарэшце, амаль 50 гадоў пасля арыгіналу, з’явіўся нямецкі пераклад.
У Нямеччыны пра гэтую кнігу чулі толькі спецыялісты, якія ведаюць рускі альбо англійскі пераклад. Я перакладаў з беларускага арыгіналу і напісаў тэкст пра тое, што гэта за кніга, чаму яна раней не перакладалася і пра складанасці перадаць такі тэкст на нямецкай мове.
Падчас прэзентацыі нямецкамоўнага выдання кнігі «Я з вогненнай вёскі» 18 лістапада ў Берліне. Фота кіраўніка ініцыятыўнай группы "Прыпынак Адамовіча"
У нямецкае выданне ўвайшлі таксама прадмова аўтараў з 1975 года, новая прадмова Ірыны Лазар’еўны Шчарбаковай, пасляслоўе славіста Ніны Вэлер (Nina Weller) і тэкст Людмілы Рублеўскай пра гісторыю напісання кнігі.
Падчас прэзентацыі нямецкамоўнага выдання кнігі «Я з вогненнай вёскі» 18 лістапада ў Берліне. Фота кіраўніка ініцыятыўнай группы "Прыпынак Адамовіча"
— Распавядзіце, калі ласка, пра вашую працу. У чым яе складанасць і чым яна вам падабаецца?
— Складанасць і ёсць тым, што мне падабаецца. Гэта якраз тое, што аніводны штучны інтэлект не здолее перакладаць. Як перадаць трасянку ў нямецкай? Як расшыфраваць старонкі альбо верш на канструяванай мове бальбута? Што рабіць з алюзіямі на тэксты, фільмы, песні ці рэаліі, пра якія нямецкі чытач ніколі не чуў? Як зрабіць з твора мастацтва ў адной мове твор мастацтва ў іншай? Заўжды здаецца, што гэта амаль немагчыма, а калі ўсё-такі атрымліваецца, гэта вялікая асалода.
— Ці разумеюць еўрапейцы, што адбываецца ў Беларусі? Ці немцы хоць трохі ведаюць беларускую культуру, літаратуру? Расце ці зніжаецца цікавасць да Беларусі ў апошнія гады і чаму?
— Беларусь вельмі рэдка трапляе ў тутэйшыя СМІ, у нашу свядомасць. А калі аднак трапіць, дык хутчэй за ўсё штампамі як «астатняя дыктатура Еўропы». У 2020 годзе мы пазналі Беларусь па-новаму, з новага боку: жанчыны ў белым, мірныя пратэсты, спадзеў на перамены.
Сёння лічба перакладаў беларускай літаратуры на нямецкую мову значна павялічылася ў параўнанні з пачаткам стагоддзя: Алексіевіч, Бахарэвіч, Цімафеева, Гапеева, Клінаў, Разанаў, Марціновіч, Філіпенка, Вежнавец, Морт, Строцаў, Вішнёў, а таксама Акудовіч, Шпарага — ёсць што пачытаць на нямецкай мове.
Іншае пытанне, хто пра гэта ведае і карыстаецца гэтай магчымасцю. Пра Купалу, Коласа ці Караткевіча тут чулі выключна спецыялісты-славісты. Але сітуацыю пакрысе змяняюць ініцыятывы супольнасці RAZAM, партал dekoder.org, такія фестывалі як «PRADMOVA» ў Берліне, новае пакаленне славістаў, мужныя выдаўцы Андрэас Ростэк (Andreas Rostek) з edition.fotoTAPETA альбо Ляйф Грайнус (Leif Greinus) з Voland&Quist, пісьменнікі, якія на сустрэчах з нямецкай публікай, у шматлікіх інтэрв’ю зноў і зноў спрабуюць абудзіць зацікаўленасць да беларускай літаратуры і культуры. А можа, таксама трошкі мы, перакладчыкі.
— Якія вашыя любімыя месцы ў Беларусі?
— Мая Беларусь — гэта перш за ўсё Мінск. На жаль, мне пакуль не пашанцавала пабываць у многіх гарадах і раёнах краіны.
— Ці ёсць у вас планы па перакладу іншых твораў беларускай літаратуры? Калі так, то якіх?
— Можна марыць? Вельмі хочацца прысвяціць больш часу перакладу паэзіі, Алесю Разанаву, напрыклад, Віктару Жыбулю, Веры Бурлак. І хочацца далей перакладаць «сваіх» аўтараў, творы якіх я ўжо данёс да нямецкага чытача. Падтрымліваю і жадаю поспехаў таксама каляжанцы, перакладчыцы Ціне Вюншман (Tina Wünschmann) і іншым калегам, якія намагаюцца заахвоціць выдаўцоў да публікацыі беларускай літаратуры.
— Якую кнігу (ці кнігі) вы параілі б прачытаць беларусам, каб лепш зразумець Нямеччыну?
— Мне здаецца, што я сам усё менш разумею сваю краіну. Вынікі выбараў апошнім часам мяне вельмі хвалююць.
Магу параіць кнігі аўтаркі Інэс Гайпель (Ines Geipel), але баюся, што няма перакладаў. Толькі ў альманаху pARTisanka (35) выйшла ейная размова з перакладчыцай Ірынай Герасімовіч «Рэвалюцыя — гэта працяглы стан».
Антон Навумчык, budzma.org
Чытайце яшчэ:
Алесь Адамовіч: Няўжо вы ўсё яшчэ дазваляеце фюрэрам дурыць вас?