9 кніг ад аўтарак падкасту «белліт пад піва»

Аўтаркі падкасту «белліт пад піва» Соня, Тоня і Наста Хлеб дзеляцца сваімі ўлюбёнымі кнігамі на старонках мікрамедыя пра літаратуру «Экслібрыс. Кніжныя парады».


Knihi

Соня:

1. Кадзуа Ісігура «Там, дзе ў смузе пагоркі»

Kadzua Isihura «Tam, dzie ŭ smuzie pahorki»

Гэта раман пра спробу асэнсавання мінулага. Галоўная гераіня эмігруе з Японіі ў Англію, каб даць дачцэ шанец жыць не ў траўмаваным пасляваенным грамадстве. Але сама яна ў думках ўсё яшчэ у Нагасакі, дзе спрабуе зразумець, што з ёй адбывалася, ці магла яна пазбегнуць катастрофы.

2. Мішэль Турнье «Лясны цар»

Mišeĺ Turńje «Liasny car»

Спачатку падаецца, што гэта гісторыя пра «монстра», але аўтар сутыкае два сусветы — міфічны і рэальны, не менш жорсткі. У выніку — праз легенды пра забойцу дзяцей аналізуецца праблема станаўлення нацызму.

3. Паэзія Алеся Разанава

Paezija Aliesia Razanava

Гульні са словамі, незвычайныя гучанні і вобразы. Паэзія для тых, хто падтрымлівае літаратурныя/лінгвістычныя эксперыменты.

Тоня:

4. Герман Гесэ «Стэпавы воўк»

Hierman Hiese «Stepavy voŭk»

Кніга, якая патрапіла да мяне гадоў у 16 і змяніла шмат у маім жыцці і светаўспрыманні. Дагэтуль лічу яе адной з самых важных і часам перачытваю, каб зноў знайсці ў сабе нешта важнае.

5. Сяргей Казлоў «Вожык у тумане»

Siarhiej Kazloŭ «Vožyk u tumanie»

Казкі, якія заўсёды даводзяць мяне да слёз. Вожык і яго сябра Медзведзяня вельмі кранальна і па-даросламу даследуюць жыццё вакол, а напрыканцы сустракаюцца са смерцю (што выбівае з мяне самую вялікую колькасць вады).

6. Эліза Ажэшка «Хам»

Eliza Ažeška «Cham»

Твор, пасля якога я зразумела моц белліту і падумала, што гэта трэба папулярызаваць. Яго напісала жанчына, пры гэтым, тут жанчына — галоўная гераіня. І яна жывая: не рахманая, а моцная і яскравая.

Наста Хлеб:

7. Таня Скарынкіна «Райцэнтр»

Tania Skarynkina «Rajcentr»

Кніга, якую я знайшла абсалютна выпадкова, але ўжо па назве й па вокладцы я ведала, што мне спадабаецца, бо я абажаю лакальныя гісторыі з розных мястэчак, і не пашкадавала — чытаецца лёгка, як дыхаецца, і проста поўная захапляльных гісторый!

8. Змітрок Бядуля «Салавей»

Zmitrok Biadulia «Salaviej»

Адна з маіх улюбёных кніжак з усіх, што былі ў нашым падкасце, і нягледзячы на тое што яна даволі цяжкая па зместу, яна вельмі добра напісаная і распавядае пра рэчы, пра якія, я лічу, павінен ведаць кожны беларус і не толькі.

9. Джордж Оруэл «Ферма»

Džordž Oruel «Fierma»

Добрая сатыра пра наша жыццё, чытаецца нашмат прасцей, чым «1984» (якая робіць мне фізічна балюча, праз што не магу яе дачытаць ), можна трошкі пасмяяца і трошкі падумаць, цудоўны выбар, каб прачытаць за выходныя ці за вечар.