ХХVІІ Гарэцкія чытанні “Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць”
Пачатак: 14.06 (10:00)Канец: 14.06 (10:00)
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
14 чэрвеня 2019 г. у 10.00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца штогадовая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя — ХХVІІ Гарэцкія чытанні “Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць”, прысвечаная 100-годдзю выхаду ў свет аповесці “Дзве душы” і 90-годдзю афіцыйнага надання Гаўрылу Гарэцкаму звання акадэміка БАН.
Максім Гарэцкі (1893-1938) – беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца, лексікограф, фалькларыст, адзін з пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы, выступаў з навуковымі дакладамі па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы, друкаваў артыкулы пра творчасць многіх савецкіх пісьменнікаў, рабіў фальклорныя запісы. Максім Гарэцкі з’яўляецца аўтарам першай “Гісторыі беларускае літаратуры”, “Хрэстаматыі беларускае літаратуры. ХІ век – 1905 г.”, літаратурна-крытычнай працы “Маладняк” за пяць гадоў. 1923-1928”, “Маскоўска- беларускага слоўніка” (з Г.Гарэцкім), “Беларуска-расійскага слоўнічка”, “Практычнага маскоўска-беларускага слоўніка” (з М.Байковым), эпапеі “Камароўская хроніка”, рамана “Віленскія камунары”, аповесцей “Ціхая плынь”, “Дзве душы” і інш. У 1928 годзе выйшаў зборнік “Народныя песні з мелодыямі”, падрыхтаваны Максімам Гарэцкім у суаўтарстве з кампазітарам Ягоравым, у якім змешчана 318 беларускіх песень, запісаных Гарэцкім ад маці.
Гаўрыла Гарэцкі (1900-1988) – вядомы беларускі геолаг, географ і эканаміст, дэмограф, археолаг, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў і акадэмік Беларускай акадэміі навук, доктар геолага-мінералагічных навук, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, адзін са стваральнікаў “Маскоўска-беларускага слоўніка” (1918). Гаўрыла Гарэцкі апублікаваў больш за 160 навуковых прац, у тым ліку па фальклоры, дэмаграфіі, эканоміцы сельскай і лясной гаспадаркі, археалогіі, артыкулы і ўспаміны пра М.Горкага, Я.Коласа, Я.Купалу, М.Гарэцкага і інш.
Штогод у Гарэцкіх чытаннях, якія ладзяцца з 1992 года, удзельнічаюць каля 50 літаратуразнаўцаў, моваведаў, гісторыкаў і інш. Па выніках навукова-практычнай канферэнцыі выдаюцца зборнікі матэрыялаў.
Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Рэспубліканскі фонд імя братоў Гарэцкіх, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13).
Кантактны тэлефон: 335-44-47.
Электронная пошта: bellitmuseum@tut.by