Найноўшы серыял пра паўстанне 1863–1864 гадоў выйшаў па-беларуску

Серыялы па-беларуску з’явіліся на адной з найбольш папулярных стрымінгавых платформаў Польшчы «TVP VOD». Сярод іх — польскі серыял пра паўстанне 1863–1864 гадоў «Дзявайціс», піша belsat.eu. Гэта сталася магчымым дзякуючы супрацы «Белсату» з TVP.



Dziavajcis
Дзявайціс. Крыніца: TVP VOD

Серыял «Дзявайціс» (2023) складаецца з сямі серыяў і беспасярэдне звязаны з Беларуссю.

Ён створаны паводле раману пісьменніцы Марыі Радзевіч, якая паходзіла з вёскі Пянюга (сёння — Зэльвенскі раён). Сям’я Радзевіч была сасланая ў Сібір за ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў, а іхны маёнтак канфіскаваны. Па вяртанні на радзіму яны атрымалі ў спадчыну іншы маёнтак у Беларусі — Грушава на Палессі. Тут рос дуб Дзявайціс, які і даў назву аднайменнаму раману. Але Радзевіч перанесла падзеі, якія адбываліся ў часе паўстання 1863–1864 гадоў у сённяшнім Кобрынскім раёне і побач з рэчкаю Мухавец, на тэрыторыю Жмудзі-Літвы.

Паводле апісання серыялу, «галоўны герой твору — Марэк Чэртван, чалавек слова і гонару, які абяцае бацьку выканаць ягонае перадсмяротнае жаданне. І фактычна паклаў жыццё дзеля служэння гонару. Марэк — быццам легендарны асілак — паспяхова спраўляецца з усімі цяжкасцямі і перашкодамі, якія яго напаткалі, а ў выніку сустракае каханне».

Серыял «Дзявайціс» — і пра нас, беларусаў, ды пра тое, што «гісторыю можна не любіць, але яе не зменіш».

Cjeryjaly na «TVP VOD»Cерыялы на «TVP VOD». Крыніца: TVP VOD

Акрамя «Дзявайцісу» на платформе «TVP VOD» можна паглядзець і іншыя цікавыя серыялы па-беларуску.