Ужо колькі гадоў, дзесяцігоддзяў і нават стагоддзяў беларусы існуюць у шызафрэнічнай падвоенай рэальнасці, падзеленай на праўладную і грамадскую матрыцы.
Найбольш выразна гэта супастаўленне праявілася ў апошнія гады, ва ўмовах масавай эміграцыі. Пакуль рэжым ладзіць святкаванне 70-гадовага юбілею Лукашэнкі і яго ж 30-гадовага знаходжання ва ўладзе, беларусы замежжа публічна адзначаюць 100-годдзе з моманту нараджэння пісьменніка Васіля Быкава і гадавіну з моманту падпісання дэкларацыі пра дзяржсуверэнітэт Беларусі.
Агульных кропак перасячэння гэтых блізкіх, але каштоўнасна розных сусветаў няшмат, але яны ёсць. І адна з іх — гэта 100-гадовы юбілей беларускага кіно.
Студыя Беларусьфільм. Крыніца: Bobrlife.png
Яго, хай і па-рознаму, усё ж адзначаюць кінематаграфісты па абодва бакі дзяржаўнай мяжы. Пры гэтым мала хто ўсур’ёз задумваецца над тым, якое свята мы насамрэч святкуем.
Справа ў тым, што 17 снежня 1924 года толькі фіксуе дату ўтварэння ўрадам БССР спецыяльнага дзяржаўнага інстытута «Белдзяржкіно». У Мінску пасля яго стварэння ўзнікла толькі лабараторыя кінахронікі, а ігравое кіно да 1939 года толькі здымалася на студыі «Савецкая Беларусь» у экс-Ленінградзе, цяперашнім Санкт-Пецярбургу. Праз семдзесят гадоў, ужо ў незалежнай Беларусі, гэтую ж дату ўтварэння «Белдзяржкіно» Лукашэнка ўласным указам прызначыў у якасці ўсеагульнага свята.
То-бок пачатак нашага кінематографу стартуе чамусьці са з’яўлення бюракратычнай структуры, непасрэдна кантраляванай з Расіі, якая раздавала загады, якое кіно трэба ствараць у суседняй рэспубліцы.
Не ведаючы гісторыі, можа сапраўды скласціся ўяўленне, што без улады бальшавікоў і пільнага кіравання дзяржавы ў беларусаў ніколі не было б свайго кіно. Але гэта цалкам не так.
Задоўга да Кастрычніцкай рэвалюцыі, у часы Расійскай імперыі, на тэрыторыі сучаснай Беларусі кінавытворчасць ужо існавала. І, які жах для беларускіх чыноўнікаў, яна была цалкам прыватнай.
У дарэвалюцыйныя часы ў нас дзейнічалі некалькі дзясяткаў кінатэатраў. Акрамя камерцыйных паказаў замежнага кіно было месца і творчаму працэсу. Нашы суайчыннікі-энтузіясты здымалі па ўласнай ініцыятыве — Уладзіслаў Старэвіч рабіў першыя эксперыменты з аўтарскай анімацыі спачатку ў Коўна, а потым у Маскве, якія потым натхнілі на стварэнне ўласнай студыі амерыканца Уолта Дыснея.
Уладзіслаў Старэвіч. Крыніца: crookedmarquee.png
Быў і прадпрымальнік Рыхард Штрэмер, які ў 1908 годзе пачаў прадусаваць стварэнне першых дакументальных фільмаў у Беларусі. А потым іх паказваў ва ўласных кінатэатрах, раскіданых па тэрыторыі былой імперыі. Магчыма, былі і іншыя творцы, пра лёсы якіх калі-небудзь яшчэ напішуць беларускія кінадаследчыкі.
Электракінатэатр Эден у Мінску. Крыніца: блог Poshyk info
Вось і атрымліваецца, што сёлетні стогадовы юбілей адмаўляецца ад спадчыны гэтых дарэвалюцыйных кінатворцаў, а беларуская прапаганда наўмысна забывае пра існаванне пазасістэмных аўтараў савецкага мінулага і сучаснасці, працы якіх таксама складаюць мазаіку нашай агульнай кінапрасторы.
Улада стварае штучнае ўяўленне, што беларускі кінематограф больш маладзейшы і мае спецыфічную дзяржаўную прыроду, чым гэта было на самай справе. А кінакультура Беларусі фактычна прывязваецца да каланіяльнага савецкага наратыву, які тлумачыць наш неразрыўны лёс з больш багатымі, уплывовымі і агрэсіўнымі суседзямі з усходу.
Не варта весціся на гэтую прапаганду. У гэты дзень мы павінны памятаць, што беларускае кіно значна больш разнастайнае і глыбейшае за фільмаграфію «Беларусьфільма» і дзяржзамову Мінкульта. А айчыннае кіно можа ствараць хто заўгодна, не зважаючы на тое, ці ўхваляюць і падтрымліваюць грашыма яго чыноўнікі з сённяшняга рэжыму.
Я ўпэўнены, што ў сапраўды дэмакратычнай Беларусі будучыні дата гэтага свята будзе перагледжана, і нас з дапамогай кінаведаў чакае новае летазлічэнне айчыннай кінакультуры. А значыць, трэба працягваць ствараць, прабіваючыся праз хмурыя і неспрыяльныя часы.
Момант падчас прэзентацыі Беларускай незалежнай кінаакадэміі
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org