20 верасня 2019-га ў Мінску адбудзецца канцэрт рытуал-фолк музыкі, у якім упершыню возьме ўдзел літоўскі музычны гурт “Кулгрында” (Kūlgrinda).
Гэты гурт заўважна вылучаецца як з шэрагу шматлікіх у Літве аўтэнтычных фальклорных музычных калектываў, так і з шэрагу шматлікіх музычных фармацый, што стылёва і ашчадна ўносяць літоўскі фальклор у сучасную музычную культуру.
“Кулгрында” выконвае, у тым ліку, аўтэнтычныя літоўскія (і старапрускія) народныя песні, але суправаджае іх прыйшоўшымі са старажытнасці музычнымі інструментамі: дуда, канклес-гуслі, барабаны старажытнага тыпу, колавая ліра. Іншы складнік музычнага “твару” гурта – гэта гімны, звернутыя да старых літоўскіх і балцкіх багоў і багіняў, рэканструяваныя на грунце звестак з фальклору і захаванай у ім старажытнай міфалогіі.
На радзіме “Кулгрында” – гэта музычны гурт, які асабліва цэніцца. Яны бяруць удзел у мерапрыемствах дзяржаўнага і нават міжнароднага маштабу. “Кулгрында” брала ўдзел пры інаўгурацыі прэзідэнта Літвы, абавязкова ўдзельнічае ў адкрыцці рэгулярнага агульнанацыянальнага Свята песень і танцаў.
Узначальвае “Кулгрынду” Інія Трынкунене – лідарка Літоўскай супольнасці балцкай веры “Рамува”. У Літве “Рамува” лічыцца носьбітамі нацыянальнай спадчыны, яе асабліва падтрымліваюць, напрыклад, у парламенцкай урадавай кааліцыі, што кіруе ў краіне цяпер.
З беларускага боку пару “Кулгрындзе” складзе музычны гурт “Дайнава” (Dainava). Гэты гурт таксама можна вылучыць сярод іншых беларускіх фолк- і постфолк-фармацый. “Дайнава” выбарлівыя наконт мерапрыемстваў, у якіх выступаюць, бо нясуць дастаткова чысты стыль і эмоцыю старажытнай спадчыны гэтай зямлі. Іх музычнае “аблічча” – аўтэнтычныя каляндарныя песні, выбраныя з усяго шматслойнага масіва народнага фальклору, і дудовая музыка. У складзе “Дайнавы” – кіраўнік Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Ганна Сілівончык, мультыінструменталістка і экс-удзельніца “Старога “льсы" Кася Радзівілава, майстар народных музычных інструментаў Сяргей Чубрык, знаўца і практык народных традыцый Святлана Клепікава.
20 верасня
Сумесны канцэрт “Kūlgrinda” (Літва) і “Dainava” (Беларусь).
Маладзёжны тэатр эстрады (Маскоўская, 18А)
Кошт квіткоў: 20-35 руб.
Інфалінія: 44 5517706, 29 8517706